«Маці ўрагану», «Апошні імпэратар», «Жыцьцё, як сьмяротная хвароба»
Экранізацыя Караткевіча, гістарычная драма Бэрнарда Бэрталючы і каталіцкая стужка Кшыштафа Занусі.
ТВ, 17 красавіка, аўторак
Жыцьцё, як сьмяротная хвароба, што перадаецца полавым шляхам
БТ, 12.35
Беларусь – Чэхія, 1990, каляровы, 101 хв.
Рэжысэр: Юры Марухін
Ролі выконваюць: Аляксандар Гаманюк, Людміла Палякова, Генадзь Гарбук, Аляксандар Філіпенка, Тацяна Мархель, Уладзімер Мішанчук, Генадзь Аўсянікаў
Жанр: Гістарычная драма паводле аднайменнай п’есы Ўладзімера Караткевіча
Адзнака: 4,5 (з 10)
18 стагодзьдзе. Паўстаньне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Князь Геранім Радзівіл спрабуе здушыць бунт.
Хаця кінастудыі бракавала сродкаў, каб паставіць паўнавартасны гістарычны фільм, рэжысэр Юры Марухін знайшоў вынаходлівыя апэратарскія рашэньні (Марухін сам апэратар). Натоўп з агенчыкамі ў цемры, рэзкія ракурсы, асьветленыя твары. Выяўленчы бок карціны пераважае над драматургіяй і акторскай гульнёй, але ў фільме ёсьць і цікавыя выканаўчыя працы.
Генадзь Гарбук вельмі нечаканы ў ролі Васіля Вашчылы.
АНТ, 17.30
Апошні імпэратар (The Lasdt Emperor)
Вялікабрытанія – Італія – КНР, 1986, каляровы, 166 хв.
Рэжысэр: Бэрнарда Бэрталючы
Ролі выконваюць: Джон Лоун, Джоан Чэнь, Пітэр О’Тул, Ін Руачэн, Віктар Вон, Дэніс Дзюнь, Руічы Сакамота
Жанр: Філязофская гістарычная драма
Адзнака: 10 (з 10)
Дзевяць «Оскараў», у тым ліку за працу мастакоў, касьцюмы, апэратарскае майстэрства; прэмія «Сэзар» за лепшы замежны фільм.
Ва ўзросьце трох гадоў Пу І быў адабраны ў маці ў Забаронены горад і каранаваны на кітайскага імпэратара. Шчэ праз тры гады Кітай быў абвешчаны рэспублікай, а калі былы імпэратар пасталеў, рэспубліканскія войскі занялі Забаронены горад. У 1931 годзе японцы прызначылі Пу І кіраўніком марыянэткавай дзяржавы Манчжуго, а пасьля завяршэньня вайны, суайчыньнікі пасадзілі ў турму, як дзяржаўнага злачынцу. Выйшаўшы на волю, Пу І стане садоўнікам і памрэ ў 1967 годзе.
Кім зьяўляецца чалавек – творцам гісторыі ці ейнай пясчынкай? Свабодным – ці вязьнем?
Каранаваны герой стужкі Бэрталючы – вязень зь дзяцінства; турэмны побыт мантажуецца з цырымоніямі Забароненага гораду, а імпэратар – зьняволены ва ўласным палацы. Але, насуперак абставінам, чалавек імкнецца да волі – і ў рэдкія хвілі знаходзіць яе…
Ашаламляльная гістарычная раскоша, малімонныя рытуалы – і трагічныя пакуты маленькага чалавека на найвышэйшай пасадзе.
Лад, 21.50
Жыцьцё, як сьмяротная хвароба, што перадаецца полавым шляхам (Zycie jako smiertelna choroba przenoszona droga plciowa)
Польшча, 2000, каляровы, 99 хв.
Рэжысэр: Кшыштаф Занусі
Ролі выконваюць: Зьбігнеў Запанеўскі, Крыстына Янда, Тадэвуш Брадэцкі
Жанр: Драма
Адзнака: 6,5 (з 10)
Галоўны прыз на Маскоўскім міжнародным кінафэсьце.
Лекар Томаш падчас здымак пра фільму пра сьвятога Бэрнарда задаецца пытаньнем, як чалавек рыхтуецца да сьмерці. Але неўзабаве цяжкая хвароба прымусіць яго самога даваць на гэта адказ.
Засяроджаная драма з маральнымі згрызотамі, цяжкім унутраным выбарам… і Царствам Нябёсным напрыканцы.
Каментары