Падзеі

 

Бура над усёй Эўропай

Паўночнаю Эўропаю праляцела бура. У Швэцыі, Даніі, Нямеччыне і Нарвэгіі загінулі ня менш за 15 чалавек. Польскае ўзьбярэжжа і Пецярбург заліло. У Літве сьмерць напаткала двух, на аднаго зь іх, дзіцёнка, зваліўся з хаты комін. У Беларусі без электрычнасьці засталіся 1260 вёсак і мястэчак — добрая вобласьць. Нават на сталінскіх дамах на Прывакзальнай плошчы ў Менску шарпала бляху, і міліцыянты мусілі перакрыць на пэўны час рух па тратуарах. Кажуць, гэта была самая моцная і працяглая бура за сто гадоў.

 

Грыб стварыў рух

120 дэлегатаў стварылі ў Менску «Рух за дэмакратычныя і свабодныя выбары». На сходзе выступілі Тацяна Процька, Мікалай Пліско, Алег Трусаў, Алесь Абрамовіч. Хочуць кантраляваць выбары ў наступным годзе, каб сумленна праводзіліся, будуць рыхтаваць назіральнікаў на іх.

Б.Т.

Талёны на масла

У Клімавічах увялі талёны на масла. Прадукцыю мясцовага масласырзаводу адпраўляюць збольшага ў Магілёў і ў Менск.

 

Лужкову далі 7 гадоў з канфіскацыяй

36-гадовага магілёўца Лужкова асудзілі за гандлёвыя махінацыі. Ён атрымліваў па падробных дакумэнтах харчовыя тавары, масла, яечны парашок, муку і прадаваў у Расеі. А грошай прадпрыемствам не вяртаў альбо зусім, альбо аддаваў ня ўсё. Тым ня менш, яму ўдавалася заключаць усё новыя і новыя дамовы з магілёўскімі прадпрыемствамі цягам 3 гадоў. Але да пары штука ўдаецца.

З Магілёва — Сымон Глазштэйн

 

Вочарадзь к прэзідзенту

10 сьнежня, у Міжнародны дзень абароны правоў чалавека, прадстаўнікі буйных партыяў і праваабарончых арганізацыяў плянуюць наладзіць новую арыгінальную акцыю.

Пад вечар, ці то а 16-й дня, ці то трохі пазьней да грамадзкай прыёмнай адміністрацыі Лукашэнкі, што на вуліцы Кірава ззаду прэзыдэнцыі, прыйдуць усе ахвотныя ў законным парадку перадаць у адміністрацыю сваё патрабаваньне, сэнс якога ў тым, што «я, грамадзянін Беларусі, лічу Лукашэнку нелегітымным і патрабую, каб ён кінуў пасаду прэзыдэнта».

Купон з такім зваротам плянуецца надрукаваць у незалежнай прэсе ў апошніх перад 10 сьнежня нумарах. Туды трэ будзе толькі ўпісаць сваё прозьвішча і імя.

Мяркуецца, што ланцуг людзей з законнымі пэтыцыямі расьцягнецца досыць далёка, магчыма, нават да праспэкту, чым прыцягне ўвагу грамадзкасьці да парушэньняў правоў чалавека ў нашай краіне. Дазволу на хадайніцтвы ня трэба.

Аляксей Шыдлоўскі

 

Новы свабодны рубель

Пайшлі чуткі, што з Новага году рублю ня толькі абрэжуць нулі, але і адпусьцяць ягоны курс у Нацбанку адносна даляру, і той зраўняецца з рынкавым. Тады даляр можна будзе без праблемаў купіць ці прадаць па сапраўдным, а не падманным курсе ў любым абменьніку. Рашэньне, калі яно будзе, палегчыць усім жыцьцё — увогуле гэта будзе знак, што вэртыкальнай эканоміцы гамон. Адзіныя, каго гэтыя чуткі напужалі — студэнты-платнікі дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ, якія плоцяць за адукацыю ва ўмоўных адзінках паводле курсу Нацбанку. Калі цяпер 800 альбо 1000 «у.а.» насамрэч уяўляюць сабою суму ў далярах на 40% меншую, што пад сілу іхным бацькам, то пасьля лібэралізацыі многа хто пачухае патыліцу, калі толькі рэктараты адразу ня зьнізяць аплату за адукацыю.

А.Ш.

 

Хрысьціянства і палітыка

3 сьнежня ва Ўправе БНФ адбылася канфэрэнцыя «Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест», якая была насамрэч прысьвечаная дачыненьням хрысьціянства і палітыкі.

Больш-менш спалучыць гэтыя дзьве зьявы атрымалася, бадай што, толькі ў каардынатара Хрысьціянскай ініцыятывы (ХІТ), Паўла Севярынца, які нядаўна вярнуўся з Кіева. Зьмест выступаў іншых удзельнікаў форуму — у залежнасьці ад таго, «ад палітыкі» або «ад рэлігіі» быў прамоўца — зводзіўся або да памкненьняў рабіць палітыку праз хрысьціянства, або да спробаў ператварыць хрысьціянства ў палітыку. Прычым пра палітыку гаманілі нашмат больш, чым пра веру.

На канфэрэнцыі панаваў дух старажытнае Юдэі, дзе 2000 гадоў таму была «якраз такая сытуацыя» — тэрарысты-зылёты, памяркоўныя-фарысэі, калябаранты-інтэгратары (з Рымскай імпэрыяй, праўда), дылема Мовы і Веры (пытаньне, якую веру — у беларускай сытуацыі — маюць на ўвазе выступоўцы, сталася б рытарычным і непатрэбным: канфэрэнцыя склала ўражаньне дзеі выключна пратэстанцкае — усе выступоўцы «ад рэлігіі» вызнаюць эвангельскія плыні хрысьціянства).

Невядома, ці здолее Хрысьціянская ініцыятыва сапраўды стаць гітом, але ж заўсёды прыемна бачыць людзей моцных, аптымістычных, якія намагаюцца штосьці рабіць і вераць у сябе. У ролі своеасаблівага vox populi выступілі Лёлік Ушкін і Cо, якія «заваліліся» на паўгадзінкі — людзей паслухаць і сябе паказаць, — усталяваўшы ў залі на час свайго знаходжаньня вясёлую атмасфэру «Навінак», і зьніклі гэтак жа раптоўна, як і зьявіліся, не пачуўшы, відаць, для сябе нічога цікавага.

А.С.

 

Беларускі пікет на Вацлаўскай плошчы

Беларусы Чэхіі, згуртаваныя ў суполку «Скарына», і палітычныя ўцекачы, што атабарыліся ў Празе, сёньня правялі пікет пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на Вацлаўскай плошчы. Пікетоўцы раздавалі людзям улёткі «Крэмаль, які вядзе антычалавечную вайну ў Чачэніі, які захлынуўся ў карупцыі, у якім цяпер пануюць штатныя супрацоўнікі КГБ, імкнецца пазбавіць Беларусь незалежнасьці. Мы, беларусы, ніколі не пагодзімся са стратай незалежнасьці і будзем змагацца. Абаронім Эўропу ад расейскага імпэрыялізму й лукашызму!». Арганізатары зьбіраюцца правесьці 13 сьнежня пікеты ля беларускай і расейскай амбасадаў. З Прагі — В.К.

А.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0