Чалы прапанаваў улічваць сацыяльную карыснасць чыноўнікаў

Такую прапанову ён зрабіў у адказ на праграмную заяву Наталлі Качанавай пра неабходнасць распрацоўкі сістэмы ўліку сацыяльнай карыснасці грамадзян Беларусі.

29.04.2023 / 16:36

Наталля Качанава (злева) і Валянціна Матвіенка. Фота прэсавай службы Рады Федэрацыі Расіі

У новым выпуску праграмы «Чалы: эканоміка» вядомы эксперт Сяргей Чалы сярод іншага спыніўся на разборы праграмнай заявы Наталлі Качанавай.

Ён заўважыў, што словы высокай чыноўніцы трэба разглядаць у кантэксце эканамічнай сітуацыі. Улік сацыяльнай карыснасці — старая ідэя. Яна ідзе з той пары, калі стала зразумела, што «насельніцтва шмат просіць есці». Гэта адбылося прыкладна ў пачатку 2010-х.

Чалы адзначае, што са з'яўленнем дэкрэта аб дармаедах логіка стала сыходзіць з таго, што ў жыхароў краіны па нараджэнні і грамадзянстве ўзнікае сацыяльная адказнасць перад сваёй дзяржавай. Кшталту былога «Воінскі доўг — святы абавязак кожнага грамадзяніна».

Эканамісту здаецца, што ідэя ўліку сацыяльнай карыснасці грамадзян — паслядоўнае і канчатковае развіццё вышэй акрэсленай ідэі.

Але, падкрэслівае эканаміст, «улік сацыяльнай карыснасці грамадзян» нагадвае выраз «сацыялізм — гэта ўлік і кантроль». Ён звяртае ўвагу на тое, што «беларуская тэхнаўтопія» адрозніваецца ад кітайскай і расійскай тым, што ў Беларусі спрабуюць яе распаўсюдзіць не толькі на сацыяльную сферу (гэта ў першую чаргу цікавіць Кітай і Расію), але на тое, як кіраваць паводзінамі грамадзян.

На яго думку, улады хочуць зрабіць «поўны сацыялізм», ён жа «лічбавы таталітарызм», і распаўсюдзіць яго на эканамічную сферу.

Чалы лічыць, што ў канцэпце ўліку сацыяльнай актыўнасці грамадзян знаходзіцца пункт сыходжання дзвюх ідэй — сацыяльнага і эканамічнага кантролю.

Эканаміст адзначае, што моцна падтрымлівае гэтую ідэю і тлумачыць чаму:

«Мне здаецца, што Беларусь сапраўды мае патрэбу ў новым сацыяльным пагадненні. Таму што яна — краіна з узроўнем падатковай нагрузкі, як адзначаюць чыноўнікі, прыкладна параўнальным з падатковай нагрузкай у сацыяльных дзяржавах Заходняй Еўропы. Але пытанне ў іншым — што мы атрымоўваем за гэтыя падаткі».

Вядома, што Наталля Качанава прапанавала «сурʼёзна абмеркаваць гэтую тэму з народам: правесці маштабнае сацыялагічнае даследаванне, падыскутаваць на дыялогавых пляцоўках і ў СМІ. Няхай людзі самі вызначаць, дзе тут мера сацыяльнай справядлівасці».

Сяргей Чалы. Стоп-кадр з відэа праграмы «Чалы: эканоміка»

На такую прапанову Чалы заўважае, што чыноўнікі забываюцца, што «гэта вуліца з супрацьлегла накіраванымі рухамі. Калі вы хочаце ўлічыць карыснасць грамадзян, то давайце мы ўлічым карыснасць дзяржавы. Якія паслугі і якой якасці мы набываем за падаткі, якія мы плацім гэтай дзяржаве?»

У такім выпадку, думае эканаміст, высветліцца, што дармаеды зусім не тыя, хто знаходзіць спосаб без карыстання дабротамі дзяржавы ўладкоўваць уласнае жыццё.

Ён яшчэ раз падкрэслівае, што канцэпт сацыяльнай карыснасці грамадзян — ідэальная тэхнакратычная ўтопія сацыялізму, дзе ўсё кантралюецца. Чалы іранізуе, што трэба ўнесці проста ў Крымінальны кодэкс «прымяніць меру сацыяльнай карыснасці ў адносінах да дармаедаў». Людзі, якія па сваёй прыродзе сталіністы, не могуць нічога іншага пабудаваць.

Але эканаміст сумняваецца, што ўлада здолее нешта зрабіць: «Імаверней за ўсё, не. Бо ў іх не выходзіць нічога, нават больш простага. Але не трэба думаць, што ўсе размовы пра лічбавізацыю, высокія тэхналогіі маюць сэнс. Беларусь трывала знаходзіцца на адваротным баку Месяца.

Калі ўвесь свет думае пра тое, як з дапамогай новых тэхналогій палегчыць жыццё чалавека, то на цёмным баку думаюць пра тое, як зрабіць так, каб яны працавалі на нейкую найвышэйшую каштоўнасць, якой ёсць дзяржава. Але на самай справе гэта яе грамадзяне».

Чалы згодны з меркаваннем, што ўлады імкнуцца да лічбавага таталітарызму і цяпер пачынаюць дастаткова адкрыта пра гэта выказвацца.

Сяргей Чалы лічыць, што інтэрвʼю Качанавай на самай справе праграмнае, бо яно — працяг усёй папярэдняй палітыкі. Да таго ж ёсць маса зацікаўленых людзей, якія гатовыя рабіць карʼеру менавіта ў напрамку пабудовы лічбавага таталітарызму.

Чытайце яшчэ:

«А вы чаму не на працы?» Як у савецкія часы лавілі і каралі дармаедаў

«А я лічу, не рана». Качанава выказалася за патрыятычнае выхаванне дзяцей з 3-4 гадоў

Nashaniva.com