Беларускіх кнігароў запрасілі ў Варшаву на міжнародны кніжны кірмаш

Кніжны кірмаш будзе праходзіць з 25 па 28 мая ў варшаўскім Палацы культуры і навукі. Беларускія кнігі на кірмашы будуць выстаўлены на асобным стэндзе. Адбудуцца сустрэчы аўтараў кніг з чытачамі і прэзентацыі кніжных навінак.

22.05.2023 / 12:01

Ілюстрацыйнае фота. Калаж з кнігамі беларускіх выдавецтваў

«Калі вы хочаце пагрузіцца ў свет беларускай літаратуры і культуры, набыць новыя кнігі, а таксама наведаць творчыя сустрэчы незалежных аўтараў — у нас для вас ёсць цудоўныя навіны», — паведамляе пра кірмаш адзін з яго арганізатараў Беларускі цэнтр салідарнасці.

Сустрэчы з аўтарамі кніг, іх прэзентацыі з аўтограф-сесіямі пройдуць ля самаго стэнда і ў канферэнц-залі Палаца культуры і навукі.

26 мая (14.00-14.55, канферэнц-зала) рэжысёрка Яўгенія Давідзенка прачытае твор Алены Іванюшанкі «Пчала ў горле».

27 мая (12.00-12.55, канферэнц-зала) пісьменнік і гісторык Сяргей Тарасаў прэзентуе сваю кнігу «Еўфрасіння, Афрасіння, Офрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж » пра жыццё і таямніцы святой Еўфрасінні Полацкай.

27 мая (15.00-15.55, канферэнц-зала) знаны паэт, пісьменнік, гісторык Уладзімір Арлоў раскажа пра ранейшыя свае бэстселеры, а таксама навінкі ад выдавецтва «Камунікат».

27 мая (17.00-17.55, канферэнц-зала) з чытачамі сустрэнецца вядомы паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Ля стэнда 26 мая (18.00-19.00), а таксама 27 мая (14.00-15.00) сустрэнецца з чытачамі і правядзе аўтограф-сесію Паўліна Скурко — жонка журналіста і палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко.

Паліна прэзентуе зборнікі мужавых вершаў «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» ды перакладной кнігі «Добры доктар Будзь-здароў».

Ля стэнда 26 мая (17.00-18.00), 27 мая (17.00-18.00) прывітае наведнікаў і чытачоў сваіх твораў пісьменніца, перакладчыца і журналістка Святлана Курс. Яна аўтарка кнігі «Па што ідзеш, воўча», выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм».

Ля стэнда 26 мая а 17-й гадзіне паэтка Наста Кудасава і мастачка Сафія-Святлана Дземідовіч прэзентуюць кнігу «Побач», выдадзеную імпрынтам «Skarynyčy».

Ля стэнда 27 мая (10.30-11.55) пісьменнік Аляксандр Кудрыцкі раскажа пра сваю новую кнігу «Казік з Каменнай горкі», якая пабачыла свет у выдавецтве «Янушкевіч».

Ля стэнда 27 мая (13.00-13.55) аўтограф-сесію правядзе даследчык-нумізмат Дзмітрый Гулецкі.

Ля стэнда 27 мая (13.00-14.30) прэзентуе кнігу прозы «Тастамент Рагвалода» яе аўтар Алесь Аркуш. Зборнік выдадзены імпрынтам «Skarynyčy».

Ля стэнда 28 мая (11.00-12.00) пра кнігу для дзяцей «Каток-пестунок» раскажа яе ўкладальнік пісьменнік Васіль Дранько-Майсюк.

Стэнд беларускіх кніг арганізаваў Цэнтр беларускай салідарнасці ў партнёрстве з Цэнтрам навуковых даследаванняў Польскай акадэміі навук у Берліне. Праект дафінансаваны са сродкаў фундацыі Польска-Нямецкага супрацоўніцтва.

Месяц таму на кніжным кірмашы ў Беластоку беларускіх выдаўцоў, іх прадукцыю, а таксама аўтараў кніг цёпла сустрэла мясцовая беларуская дыяспара. Ля стэнда з беларускімі выданнямі было мнагалюдна.

Глядзіце таксама:

«Вітаем у пекле!» Журналіст Алег Груздзіловіч расказаў пра свой досвед у ШІЗА і растлумачыў, чым ён розніцца ад карцара

Выйшла кніга пра тое, як нашы продкі ў часы Рэчы Паспалітай вялі палітыку на рэгіянальным узроўні

«Gutenberg Publisher будзе не проста выдавецтвам, а і інтэлектуальнай прасторай». Стваральніца беларускага выдавецтва за мяжой — пра працу, грошы, надзеі і перспектывы

Эканамічны суд з падачы Міністэрства інфармацыі ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа

Васіль Вашчыла