Наўседа баяўся, што з-за твіта Зяленскага «пагоршацца рашэнні НАТА»

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю LRT расказаў, што баяўся пагаршэння рашэнняў саміту НАТА праз гнеўны твіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, апублікаваны па дарозе ў Вільню.

15.07.2023 / 17:01

Гітанас Наўседа

«Драматызм быў вельмі высокі, і ў нейкі момант у мяне, безумоўна, былі падставы баяцца, што тэкст можа раптам стаць нашмат горшы, або што ў ім будуць прапушчаныя рэчы, якія надзвычай важныя для нас і для Украіны», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Ён дадаў, што разумее эмоцыі Зяленскага, але ў той жа час ён усведамляў, што «мы ўжо дасягнулі максімуму і любая спроба пайсці далей разбурыць сам Віленскі саміт».

«Я кажу гэта вельмі адказна. Гэта магло адбыцца. Гэтага не адбылося, і менавіта таму мы сёння гаворым у зусім іншым тоне.

Урэшце, і прэзідэнт Зяленскі, як вы вельмі добра бачылі на наступны дзень, гаварыў у зусім іншым тоне. І я, безумоўна, вітаю рашэнні, якія былі прынятыя ў Вільні», — сказаў Наўседа.

Па дарозе ў Вільню на саміт НАТА Зяленскі рэзка напісаў у твітары, што цяпер сярод саюзнікаў няма гатоўнасці ні запрасіць Украіну ў НАТА, ні зрабіць яе чальцом Альянсу.

Па інфармацыі СМІ, украінская дэлегацыя спрабавала такім чынам паўплываць на ход дыскусій у рамках НАТА, але рэакцыя была адваротнай. Асабліва раззлаваліся ЗША, якіх аб паведамленні ў сацсетках не папярэджвалі, што прымусіла ўмяшацца брытанскую і часткова нямецкую дэлегацыю.

Чытайце таксама:

«Можам раніцай прачынацца і дзякаваць міністру асабіста». Зяленскі адказаў на папрокі брытанскага міністра абароны

«Галоўны паказчык — талеркі былі пустыя». Шэф-кухар саміту НАТА расказаў, як суткі не спаў, гатуючы для высокіх гасцей

Зяленскі ў Вільні спыняўся ў гатэлі «Нарач»

Nashaniva.com