Мінабароны Украіны заявіла, што мае магчымасць знішчыць Чарнаморскі флот Расіі

«Мы сталі нашмат мацнейшыя ў гэтым плане, чым год таму», — сказаў намеснік міністра абароны Уладзімір Гаўрылаў.

22.07.2023 / 07:54

Знішчэнне расійскага крэйсера «Масква» — адна з самых значных перамог Украіны ў пачатку вайны. Фота: OSINTtechnical

Намеснік міністра абароны Украіны Уладзімір Гаўрылаў заявіў, што ва УСУ цяпер існуе магчымасць знішчыць ці адагнаць увесь Чарнаморскі флот Расіі. Словы намесніка міністра 21 ліпеня перадаў Military Media Centre.

Сваёй заявай Гаўрылаў дапоўніў нядаўнюю заяву Мінабароны Украіны, паводле якой усе судны, што накіроўваюцца ў расійскія ці часова акупаваныя ўкраінскія парты ў Чорным моры, з гэтага часу лічацца ваеннымі цэлямі для Украіны.

Для гэтага, па словах намесніка міністра, ва УСУ цяпер ёсць усе неабходныя сродкі.

«Мы вельмі блізкія да рэалізацыі нашага абяцання, агучанага яшчэ год таму: загнаць увесь Чарнаморскі флот у Туапсэ ці Новарасійск, не даючы яму ніводнага шанца на набліжэнне да Крыма. У нас для гэтага ёсць не толькі «Нептуны», але і шмат іншых сістэм. Чым даўжэй ідзе гэтая вайна, тым менш шанцаў у расійскага флоту выжыць. Калі яны сумняваюцца, то нічога — хай пачакаюць», — папярэдзіў Гаўрылаў.

Таксама ён адзначыў, што цяпер украінскае войска значна мацнейшае, чым было год таму. Асабліва гэта датычыць магчымасцяў у моры.

Чытайце таксама:

«Баі пад Запарожжам і Бахмутам — гэта не паўтор Першай сусветнай, а высадка ў Нармандыі»

Заходнія эксперты: Чарнаморскі флот Расіі ператварыўся ў берагавую ахову

«Рускі ваенны карабель, ідзі на …» прызнаная найлепшай маркай свету ў 2022 годзе

Марк Рыхтэр