Кацярына Шульман мяркуе, што Расію чакаюць новыя мяцяжы
Расійскі палітолаг Кацярына Шульман у праграме Deutsche Welle выказалася пра арышт Ігара Стралкова, рэпрэсіі ў Расіі, падрыхтоўку да новых выбараў, а таксама пра тое, ці пагражае Пуціну новая спроба перавароту.
27.07.2023 / 14:32
Уладзімір Пуцін і Сяргей Шайгу (злева). Фота: Міністэрства абароны Расіі
Навошта Крэмль пачаў затрымліваць тых, каго раней не лічыў небяспечнымі
На погляд Шульман, пасля няўдалага мяцяжу павінны быць рэпрэсіі. Гэта палітычны закон. «Калі супраць вас нехта паўстаў і вы гэта перажылі, вы павінны пакараць тых людзей, якія спакусіліся на вашу ўладу», — кажа яна.
Але, як заўважае палітолаг, «асаблівасць моманту такая, што караць тых, хто непасрэдна зрабіў спробу замаху, не атрымліваецца, не хочацца і няма чым, бо яны могуць і адказаць. Пры гэтым прадэманстраваць нейкую лютасць неабходна. Вось яна і дэманструецца на тых, хто абсалютна дакладна не будзе супраціўляцца. Ніякіх жа лібералаў ужо не засталося, антываенная грамадскасць таксама малалікая і малавядомая, таму пайшлі па левым і правым краях».
Сярод нядаўна затрыманых блогер-шавініст Ігар Стралкоў і дырэктар Інстытута глабалізацыі і сацыяльных рухаў, ультралевы палітолаг Барыс Кагарліцкі.
Што тычыцца Гіркіна, то Шульман лічыць, што гэта публічнае пакаранне невінаватых. Яна нагадвае, што Гіркін адзін з першых на пачатку мяцяжу Прыгожына сказаў, што яго падтрымліваць не трэба, а неабходна ўсім згуртавацца вакол прэзідэнта і міністра абароны, якіх ён да гэтага крытыкаваў.
«Прайшло менш за месяц, і яны аддзячылі яму за праяўленую публічную лаяльнасць», — падкрэслівае Шульман.
Палітолаг звяртае ўвагу, што Гіркін пры тым, што ён папулярны тэлеграм-блогер, зусім непапулярная і неўплывовая палітычная фігура ў параўнанні, напрыклад, з Навальным. У яго няма ні базы падтрымкі, ні інфармацыйнага рэсурсу, ні структур, пры дапамозе якіх можна мабілізоўваць людзей на сваю падтрымку. Да таго ж у яго няма ніякай падтрымкі (і не можа быць) за межамі Расіі.
«Таму гэтыя людзі не могуць аказаць ніякага супраціўлення. На іх прыкладзе можна дэманстраваць уласную адметную лютасць, якую нельга прадэманстраваць там, дзе яна была б больш дарэчы», — кажа Шульман.
Рэпрэсіі адносна Гіркіна, як адзначае палітолаг, не маюць ніякіх адносін да таго, задаволеная ці незадаволеная армія сваімі камандзірамі.
«Тут, хутчэй, сітуацыя можа быць нашмат горшай. Таму што тыя людзі, якія раней лічылі, што ўлада пераследуе толькі праклятых лібералаў і заходніх шпіёнаў, раптам убачылі, што і сапраўдных патрыётаў яна таксама пераследуе», — папярэджвае Кацярына Шульман.
Крэмль зрабіў стаўку на зацяжную вайну?
Па меркаванні Шульман, прыняцце новых паправак у заканадаўстве сведчыць аб тым, што ўлады вынеслі ўрокі з нядаўніх памылак і цяжкасцей папярэдняй хвалі мабілізацыі. Яна звяртае ўвагу на з'яўленне новых артыкулаў у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія караюць за недапамогу ў мабілізацыі, неаказанне садзейнічання — санкцыі супраць службовых і юрыдычных асоб.
Шульман лічыць, што гэта звязана з тым, што падчас папярэдняй мабілізацыі мінулай восенню дзяржаўныя служачыя і прадпрыемствы нейкім чынам гэты працэс сабатавалі:
«Мы ведалі пра гэты сабатаж па разрозненых звестках аб тым, што органы ўлады на месцах, а тым болей дырэктары прадпрыемстваў не вельмі спяшаюцца скарачаць свой уласны спісачны персанал і, увогуле, знаёмых, суседзяў адпраўляць на верную пагібель.
Мы гэта ведалі з абрывачных звестак, тое, што называецца ў навуцы anecdotal evidence (неафіцыйныя даныя), а цяпер мы ведаем гэта ўжо дакладна. Таму што сістэма ўжо адрэагавала. Яна прызнала факт сабатажу тым, што ўводзіць за яго нейкія пакаранні».
Шульман не ўпэўненая, што змены ў заканадаўстве сведчаць аб тым, што расійскія ўлады рыхтуюцца да зацяжной вайны. «Гэта, хутчэй, пра тое, што калі спатрэбіцца зноў мабілізоўваць, то мы гэта пастараемся зрабіць неяк лепш, чым было мінулым разам, падаслаўшы саломінкі ў тых месцах, дзе мінулым разам спатыкнуліся», — кажа яна.
Палітолаг таксама заўважае, што гэтыя крокі ўладаў не сведчаць аб тым, што другая хваля мабілізацыі абавязкова будзе, але падрыхтоўка да яе ідзе, што ўзмацняе яе імавернасць. Яна звярнула таксама ўвагу, што мабілізацыя не завершана, бо не было аб гэтым загада.
Акрамя таго, ёсць розныя формы ціску для таго, каб людзі заключалі кантракты.
«Лягчэй ціснуць на вайскоўцаў тэрміновай службы. Мы бачым, як былі паступова знятыя ўсе абмежаванні для заключэння кантракта. Цяпер няма абмежаванняў па гадах. Гэта можна рабіць з 18-ці гадоў. Няма абмежаванняў па адукацыі і тэрміне службы.
Цяпер заключыць кантракт можна з першага дня службы. Калі вы ўжо знаходзіцеся пад уладай свайго камандзіра, то ён можа самымі рознымі спосабамі прэсаваць вас для таго, каб вы гэты кантракт заключылі. Тое ж, хаця з меншай колькасцю магчымасцей, можа рабіць ваш начальнік на працы.
Бо на працадаўцаў таксама накладзены абавязак забяспечыць пэўную колькасць кантрактнікаў. Ім загадана раздаваць такія бонусы, як захаванне заробку (законам гэта не прадугледжваецца; толькі працоўнае месца захоўваецца). А ў асобных выпадках ад працадаўцаў патрабуюць, каб яны пагашалі крэдыты», — апавядае палітолаг.
Ці адменяць будучыя прэзідэнцкія выбары ў Расіі?
Шульман лічыць важным для ўладаў рабіць выгляд, што ў краіне ёсць нейкая выбарчая кампанія і галасаванне:
«Сістэма будзе да канца трымацца за сваю электаральную легітымнасць. І гэта не заўсёды зразумела звонку: чаму б не адмяніць гэтыя выбары. Не. Выбары не будуць адмяняцца. Яны будуць праводзіцца і па магчымасці ў тэрмін».
Неабходнасць правядзення выбараў палітолаг тлумачыць дзвюма мэтамі. Першая — адміністрацыйная сістэма павінна прадэманстраваць, што яна можа арганізоўваць такія мерапрыемствы масавай лаяльнасці. Гэта неабходна для праверкі дысцыплінаванасці і лаяльнасці чыноўніцтва.
Другая — гэта неабходна для грамадзян дзеля таго, каб адміністрацыйна залежны электарат прадэманстраваў сваю адміністрацыйную залежнасць: прыйшоў і правільна прагаласаваў.
Таксама ўладам трэба пацвердзіць унутраную легітымнасць перад грамадзянамі і знешнім светам. Хаця адносна апошняга ёсць шмат сумненняў.
«Калі сістэма дажыве, то яна будзе гэта рабіць, — адзначае Шульман і звяртае ўвагу на прыкметы падрыхтоўкі:
— Па-першае, мы бачым нейкую ўцечку з нарад, на якіх ідзе пошук сэнсу. Па-другое, мы ўбачым абкатку нейкіх з гэтых сэнсаў на адзіным дні галасавання, які будзе ў верасні. Гэта даволі займальнае мерапрыемства — рэгіянальныя выбары — для тых, хто гэтым цікавіцца.
Акрамя таго, сама рэпрэсіўнасць заканатворчага парадку дня канца веснавой сесіі парламента тлумачыцца яшчэ і тым, што неабходна паспець прыняць усё, што трэба, да наступнай сесіі. Бо наступная сесія ўжо перадвыбарчая. Там ужо трэба раздаваць грамадзянам пірагі ды пышкі, а не сінякі ды шышкі».
Ці пагражае Пуціну мяцеж або палацавы пераварот
Шульман адзначае, што статыстычна пагроза перавароту — пастаянная небяспека для персаналісцкіх аўтакратый. Яны нашмат часцей змяняюцца. А аўтакраты ў такіх сістэмах нашмат часцей трацяць уладу праз змову ці мяцеж, чым праз масавыя пратэсты ці па ўласнай волі.
Актуальную сітуацыю Пуціна палітолаг не бярэцца ацэньваць:
«Рана пакуль рабіць высновы. Улада вытрывала. Калі супраць мяцежнікаў ніхто не выступіў, то ніхто асабліва і не выступіў у іх падтрымку. Яны самі нейкім чынам старгаваліся і, магчыма, працягваюць таргавацца. Але ўлада сябе захавала».
Шульман звяртае ўвагу на своеасаблівую рэакцыю ўладаў на мяцеж. Няма той рэпрэсіўнай актыўнасці, якую варта было б чакаць. «Ёсць нейкія туманныя звесткі пра тое, што той ці іншы генерал прапаў і не выходзіць на сувязь з роднымі і блізкімі. Але няма ніякіх публічных адставак, ні публічнага асуджэння. Нікога ні ў чым не абвінавачваюць. Нікога не звальняюць», — кажа яна.
Шульман звяртае ўвагу на змены ў заканадаўстве, якія дазваляюць губернатарам ствараць ваенізаваныя фарміраванні ў форме народнага апалчэння. Фактычна гэта дазволіць ім мець уласныя арміі: «Замест таго, каб аднавіць сваю манаполію на дзяржаўнае насілле, дзяржава … цяпер яе распыляе яшчэ шырэй».
Таму, як лічыць палітолаг, пагроза нікуды не дзелася:
«Шмат застаецца гарачых і не вельмі гарачых галоў, якія разважаюць над тым, што яны лепшыя за Прыгожына. Разумнейшыя, больш кемлівыя, адважныя і паслядоўныя. І яны зробяць тое, чаго ён зрабіць не здолеў. Ці, прынамсі, паспрабуюць. Рызыка нікуды не дзелася. Прычыны, якія спарадзілі прыгожынскі мяцеж, не ліквідаваныя».
Чытайце яшчэ:
«Ён сварыўся на людаедаў за іх недастатковы апетыт». Навальны назваў Стралкова палітвязнем
У Расіі ўключылі ў спіс «іншаагентаў» яшчэ 9 чалавек, сярод іх Дудзь і Шульман