Віктару Бабарыку — 60. Што вядома пра яго за кратамі
У зняволенні Віктар Бабарыка сустракае чацвёрты дзень народзінаў.
09.11.2023 / 09:23
9 лістапада сям’я палітыка звычайна збіралася разам. Дзеці віншавалі бацьку зранку, уручаючы падарункі, а ўвечары сям'я ішла на вячэру ў месца з цікавай і незвычайнай кухняй. Там шмат гаварылі, згадваючы сямейныя гісторыі.
Дзень Бабарыкі праводзілі так, каб ён быў адметным, памятным, поўным уражанняў. Бывала, што яны выпраўляліся ў вандроўку, кожны раз выбіраючы новае месца.
Паводле блізкіх да сям’я Бабарыкі людзей, ён больш любіў сам дарыць падарункі, чым прымаць іх.
Сям'я Віктара Бабарыкі. Фота: сямейны альбом сям'і Бабарыкі
Цяпер палітыка ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу наваполацкай калоніі № 1 у ізаляцыі ад іншых зняволеных.
Іван Краўцоў, каардынатар каманды Віктара Бабарыкі, кажа, што цяпер здароўе былога банкіра ў парадку.
«Якіхсьці выпадкаў асаблівых не было пасля шпіталізацыі вясной», — адзначае паплечнік палітыка.
Сёлета ў ноч на 25 красавіка зняволены экс-прэтэндэнт у прэзідэнты быў шпіталізаваны ў бальніцу Наваполацка. Пазней ад праваабаронцаў стала вядома, што Бабарыку перавялі ў турэмную бальніцу пры СІЗА-1 у Мінску.
У маі былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў, які сядзеў у наваполацкай калоніі, выказваў меркаванне, што палітыка маглі моцна збіць у калоніі: у яго магло быць прабітае лёгкае і зламаныя рэбры.
Паводле Кабанава, турэмшчыкам дадзена каманда зверху «па максімуме пастрожыць рэжым утрымання такіх знакавых фігур, пачаць жорстка з імі абыходзіцца».
«Улада не хоча, каб людзі даведваліся, што адбываецца ў калоніях, і вось на іх яна паказвае», — казаў былы палітвязень.
Аляксандр Кабанаў у «Току» адзначаў, што бачыўся з Віктарам Бабарыкам штодня, але пагаварыць з ім не ўдавалася. Зняволеным камунікаванне з экс-прэтэндэнтам у прэзідэнты строга забараняюць.
Паводле Кабанава, Бабарыку ізалююць максімальна. За спробу пагаварыць з ім караюць ШІЗА. Крымінальнікаў страшаць пастаноўкай на прафулік. Супрацоўнікі калоніі стараюцца не звязвацца з Бабарыкам, бо «яшчэ прэзідэнтам стане».
«Ён калі ідзе, то як ледакол — усе расступаюцца. Супрацоўнікі да яго ставяцца нармальна — нейтральна», — згадваў Кабанаў.
Віктар Бабарыка спачатку працаваў у калоніі апальшчыкам у пякарні. Затым яму далі працу ўкладчыка хлебабулачных вырабаў. Увесь працоўны час ён знаходзіўся ў памяшканні без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30 градусаў.
Потым яго адправілі выпальваць драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень (9 гадзін) 6 дзён на тыдзень палітык знаходзіцца на вуліцы без доступу да бытавога памяшкання, дзе можна было б сагрэцца. Такая праца ў калоніі лічыцца адной з самых цяжкіх.
Віктар Бабарыка ў судзе. Фота: БелТА
Былы палітвязень і нявольнік наваполацкай калоніі Валянцін Лабачоў пацвярджаў, што Бабарыка «працуе на вугалі, увесь чорны».
Па словах Лабачова, у час, што ён быў у калоніі, Бабарыка трымаўся бадзёра, але да людзей ставіўся насцярожана, бо ў калоніі хапае стукачоў.
Палітыка паставілі на прафілактычным уліку як «схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў». Здарылася гэта пасля таго, як ён ножыкам пакінуў драпіны на падваконні, калі рэзаў сала.
«Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і даклалі пра гэта аперам [супрацоўнікам адміністрацыі калоніі]. На гэтай падставе палітвязню павесілі такі прафулік», — расказваў адзін з былых зняволеных.
Палітвязень Станіслаў Паўлінковіч, які таксама сядзеў з Бабарыкам, кажа, што ён захоўваў добры настрой, да ўсіх звяртаўся на «вы» і заўважна схуднеў.
Паўлінковіч казаў, што на палітыка кожны месяц складалі рапарты за надуманыя парушэнні і адпраўлялі ў ШІЗА. Бабарыку часта выклікаў цяпер ужо былы начальнік калоніі Андрэй Пальчык, і пасля візітаў Бабарыку кідалі ў штрафны ізалятар.
Вядома, што пісьмовай карэспандэнцыі ад Віктара Бабарыкі няма з лютага. Адвакат апошні раз з ім сустракаўся ў сакавіку.
17 ліпеня сваякоў палітыка на прыёме ў наваполацкай калоніі запэўнівалі, што яго здароўю нічога не пагражае, але самога нявольніка не паказалі.
Маёмасць Віктара Бабарыкі працягваюць распрадаваць. Днямі з аўкцыёну збывалі дзве мадэлі гадзіннікаў палітыка. На кожны з аўкцыёнаў зарэгістраваліся па чатыры ўдзельнікі. З першай спробы пакупнікоў не знайшлося.
У гэтым верасні прадалі таксама сем наручных хранометраў Бабарыкі. У 2021 годзе на аўкцыёне купілі яго арыштаваны аўтамабіль Ford Fiesta. Таксама выстаўлялі на таргі аптычны прыцэл, які належыць палітыку, і долі ў статутным капітале трох кампаній — «Прыватлізінг», «Прававы дыялог» і «Сістэмы апрацоўкі інфармацыі».
Эдуард Бабарыка з бацькам Віктарам Бабарыкам. Фота: t.me/viktarbabarykaofficial
Экс-старшыня Белгазпрамбанка і мецэнат Віктар Бабарыка 12 мая 2020 года заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Яго каманда хутка сабрала 440 тысяч подпісаў. 18 чэрвеня 2020 года Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард, які ўзначальваў перадвыбарчы штаб, былі затрыманыя, калі везлі подпісы ў ЦВК.
Праз год, 6 ліпеня 2021 года, Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі па справе Белгазпрамбанка. На судзе палітык пажартаваў, што за 9 месяцаў стаў, «напэўна, менш пузатым буржуем», і гэта выклікала смех у зале.
Яго сын правёў у СІЗА без суда тры гады. 5 ліпеня яго адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 8 гадоў.
Глядзіце таксама:
«Настроены выжыць». Зняволеная расказала пра сустрэчу з сынам Бабарыкі на Валадарцы
Бабарыку забываюць — Карбалевіч
Усіх затрыманых медыкаў у Наваполацку звольнілі па артыкуле за прагулы — «Белыя халаты»