Грамадства5555

Бабарыку забываюць — Карбалевіч

Палітолаг Валер Карбалевіч у выпуску ютуб-канала «Ток» разважае, ці ўзмацняе палітычна Віктара Бабарыку знаходжанне ў зняволенні, называе самую моцную фігуру ў атачэнні Ціханоўскай, тлумачыць, чаму лічыць сектай партыю Зянона Пазняка, і дае ацэнку дзейнасці асобных лідараў апазіцыі.

Жанчына з плакатам «Дзе Віктар Бабарыка?». Вільня, 2023 год. Фота: Наша Ніва

Зянон Пазняк

Па думку Карбалевіча, у пэўных момантах пазіцыі Зянона Пазняка і Аляксандра Лукашэнкі супадаюць. Сярод іх погляд аб тым, што не трэба санкцый супраць лукашэнкаўцаў, што ціск на Лукашэнку можа прывесці да поўнага паглынання краіны Расіяй, негатыўнае стаўленне да лібералізму.

«Гэта не тое што падыгрыванне Лукашэнку. Палітычная філасофія гэтых людзей мае пункты супадзення. У палітычным сэнсе яны антаганісты, але па нейкіх пунктах яны супадаюць».

Такое супадзенне Карбалевіч тлумачыць тым, што Зянон Пазняк і яго партыя шмат гадоў не прысутнічалі ў рэальнай палітыцы. Палітолаг прыгадвае, што апошні раз за Зянона Пазняка збіралі подпісы ў 2006 годзе. У наступныя 15 гадоў дзейнасць КХП-БНФ была сканцэнтраваная толькі на ўшанаванні мемарыяла ў Курапатах. Ні ў якіх палітычных працэсах партыя не ўдзельнічала. Але Пазняк скарыстаў народны рух 2020 года, каб вярнуцца ў медыйную прастору.

«Хоць ён негатыўна ставіцца да Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай, але 2020 год вярнуў яго ў медыйную прастору. І цяпер ён зноў спрабуе заявіць пра сябе. І ў нечым гэта яму ўдалося. А што тычыцца ягонай філасофіі, палітычнай платформы, то яна не мянялася. Але да 2020 года гэта мала каго цікавіла.

У прынцыпе ўсіх лідараў апазіцыі ён абвінавачваў, што яны нечыя агенты. Усе, хто не быў сябрам КХП-БНФ, не былі яго саюзнікамі. Гэта апаненты, калі не агенты. Усе, хто ўдзельнічаў у выбарах на тэрыторыі Беларусі, — гэта ўсе здраднікі, агенты. Таму нічога новага цяпер ад Пазняка я не пачуў. Новае толькі тое, што на гэта сталі звяртаць увагу. Ён стаў зʼяўляцца ў медыя, зʼездзіў ва Украіну.

Гэта чалавек не столькі кіраўнік шырокай палітычнай кааліцыі, колькі кіраўнік секты. КХП-БНФ — гэта секта імя Зянона Станіслававіча. Іх лозунг — «усе, хто не з намі, той супраць нас». Іх палітычная платформа — платформа беларускага нацыяналізму ў вельмі вузкай інтэрпрэтацыі. У Беларусі яе не падзяляе большасць. Абʼектыўна з такой платформай палітык знаходзіцца ў маргінальнай пазіцыі», — мяркуе Карбалевіч.

Чаму ў апазіцыі не прыжыўся Валер Цапкала

Карбалевіч выказвае меркаванне, што для Цапкалы было непрымальным ісці ў каманду Святланы Ціханоўскай.

«Ён паспрабаваў палічыць сябе такім жа цяжкавагавіком, як і Святлана Ціханоўская, бо ён таксама балатаваўся кандыдатам у прэзідэнты. Хоць яго не зарэгістравалі, ягоная падтрымка была таксама дастаткова вялікая. Да таго ж ягоная жонка была ў камандзе Ціханоўскай.

Таму ён паспрабаваў перацягнуць коўдру на сябе. Атрымліваецца пакуль не вельмі. Але цяпер, як ён заявіў пра сябе як пра нейкую самастойную фігуру, адступаць, паводле яго логікі, няма куды. Таму ён спрабуе трымаць нейкую сваю дыстанцыю. Але, здаецца, чым далей, тым горш у яго атрымліваецца», — кажа Карбалевіч.

Што разбурае беларускую апазіцыю

Карбалевіч лічыць, што перш за ўсё беларускую апазіцыю разбурае тое, што беларускі палітычны рэжым эвалюцыянаваў ад аўтарытарнага ў таталітарны.

«Пры аўтарытарным рэжыме апазіцыя мела сваё месца, хоць і знаходзілася ў гета ўнутры краіны. Яна ўдзельнічала ў выбарах. Яе дапускалі да нейкіх палітычных дзеянняў, агітацыі. Іншая рэч, што не дапускалі да ўлады. Цяпер, калі рэжым пераўтвараецца ў таталітарны, апазіцыі няма месца ў самой Беларусі. Там могуць быць дысідэнты, палітзняволеныя, але апазіцыя як структура, як сістэма, інстытут знікла», — кажа палітолаг.

Затое, адзначае ён, «2020 год сварыў новую зʼяву, новы інстытут — беларускую дыяспару, якая становіцца вялікім чыннікам уплыву. І ў дыяспары ў апазіцыі адбываюцца тыя працэсы, якія да 2020-га года адбываліся ўнутры краіны. Гэта стварэнне кааліцый, расколы, спрэчкі. Бурліў нармальны дэмакратычны працэс. Але ў вузкіх колах гета. Цяпер гэта перамясцілася за мяжу. Таму калі я бачу нейкія спрэчкі, канфлікты, то гэта норма».

Асоба Азарава

Карбалевіч не лічыць Аляксандра Азарава самастойнай вялікай фігурай у апазіцыйным асяроддзі, якая ўплывае на апазіцыйны мэйнстрым.

Valery Karbalevich Валерый Карбалевіч Валерий Карбалевич
Валер Карбалевіч лічыць, што канфлікты і спрэчкі ў апазіцыі — гэта норма. Скрын відэа: TOK_talk / Youtube

«Гэта чалавек, які працуе ў камандзе Святланы Ціханоўскай, займае пэўную пасаду. Тое, што ў ягонай арганізацыі здарыўся канфлікт, — гэта звычайная сітуацыя, і я не думаю, што гэта ўвогуле важна».

Праца Святланы Ціханоўскай

Карбалевіч вельмі высока ацэньвае працу Святланы Ціханоўскай. «У той сітуацыі, у якой яна апынулася, яна працэнтаў на 80 рэалізавала свой патэнцыял, патэнцыял той часткі апазіцыі, якая выехала за мяжу.

Яна фактычна перахапіла замежную палітыку Беларусі ў заходнім кірунку. Яна сустрэлася з такой колькасцю замежных палітыкаў, аб якой Лукашэнка не мог марыць усе 30 гадоў свайго кіравання.

У сённяшніх умовах Святлана Ціханоўская робіць блізка да максімуму сваіх магчымасцей. Іншая рэч, што абʼектыўна яе палітычная вага ўнутры Беларусі скарачаецца і будзе скарачацца. Але гэта абʼектыўны працэс», — кажа палітолаг.

Хто ў атачэнні Ціханоўскай ёсць наймацнейшай фігурай

Наймацнейшая фігура ў атачэнні Святланы Ціханоўскай, па меркаванні палітолага, — гэта Павел Латушка, які выступае з шэрагам ініцыятыў.

«Ён спрабуе прапаноўваць нейкія кірункі палітыкі. Можа, больш радыкальныя, чым Святлана Ціханоўская. Але гэта чалавек, у якога ёсць ідэі, што рабіць. Можна з імі спрачацца, казаць, што яны няўдалыя. Але ва ўсякім разе ён фантаніруе ідэямі і і ініцыятывамі. У гэтай сітуацыі, як мне падаецца, гэта найбольш моцная фігура ў атачэнні Святланы Ціханоўскай», — кажа Валер Карбалевіч.

Ці ўзмацняе Віктара Бабарыку знаходжанне ў зняволенні

Карбалевіч адзначае, што гісторыя беларускіх палітвязняў сведчыць пра тое, што доўгае знаходжанне ў турме не ўзмацняе іх палітычна. Ён згадвае выпадкі са зняволеннем Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца.

«Гэта не моцна паўплывала на іх палітычны рэйтынг. Не толькі ўвогуле ў Беларусі, але нават у дэмакратычным асяроддзі. Таму чым больш праходзіць часу ад 2020 года, чым больш Бабарыка сядзіць у турме, тым больш ягонае прозвішча будзе забывацца і тым больш ягоны рэйтынг будзе падаць. Гэта абʼектыўная сітуацыя».

Палітолаг абвяргае ўсякія размовы пра тое, што Віктар Бабарыка ёсць «крэатурай Крамля». «Няма абсалютна ніякіх фактаў, якія б пацвярджалі гэтую версію. А што такое «крэатура Крамля» можна зразумець, калі ўзгадаць, як Масква падтрымлівала Віктара Януковіча падчас прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Яму далі грошы. Прыехала куча расійскіх паліттэхнолагаў, якія сталі працаваць у штабе Януковіча. Расійскія каналы бясконца рэкламавалі ягоную палітыку і дзейнасць. Нічога падобнага не было [з Бабарыкам] падчас гэтай выбарчай кампаніі», — мяркуе Валер Карбалевіч.

Глядзіце цалкам:

Каментары55

  • -
    16.09.2023
    Палітолаг абвяргае ўсякія размовы пра тое, што Віктар Бабарыка зʼяўляецца «крэатурай Крамля»

    газпрамаўскі банкір? не зʼяўляецца «крэатурай Крамля»? і гэта кажа хто ён там? палітолаг? аххаха
  • Запомнім
    16.09.2023
    Дык вось хто закідвае гнілую сялёдку на Пазьняка: "секта", "маргінал". Гэта робіць Карбалевіч.
  • язва
    16.09.2023
    вось толькі не забываюць Карбалевіча...

    дарэчы - а хто гэта?

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

Украіна страціла ўжо больш за 40% тэрыторыі, якую кантралявала ў Курскай вобласці4

60 беларускіх вёсак засталіся з-за снегападу без электрычнасці

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі2

Машына як з-пад катка. У Лідскім раёне ў аварыі загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →