Грамадства

Рэкардсмены — Эдуард Бабарыка і Ілля Шапаткоўскі. Хто з палітвязняў ужо больш за год сядзіць без прысуду?

На сёння ў Беларусі 1202 вядомыя праваабаронцам палітвязні, пры гэтым многія сядзяць за кратамі без суда, з нявызначаным лёсам, з'яўляючыся сапраўднымі закладнікамі. Сабралі інфармацыю пра іх.

Эдуард Бабарыка: амаль два гады без суда

Эдуард разам з бацькам Віктарам Бабарыкам. Віктар ужо асуджаны да 14 гадоў зняволення. Фота: t.me/viktarbabarykaofficial

Эдуард Бабарыка — заснавальнік краўдфандынгавых платформ «Вулей» і «Моламола», быў кінуты ў турму па прычыне падтрымкі бацькі ў яго жаданні стаць кандыдатам у прэзідэнты. Хлопец быў кіраўніком ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. 

Эдуард знаходзіцца ў СІЗА амаль два гады: яго разам з бацькам затрымалі 18 чэрвеня 2020 года — падчас таго, як яны накіроўваліся здаваць сабраныя подпісы ў ЦВК.

Першае выстаўленае хлопцу абвінавачванне тычылася ўхілення ад выплаты падаткаў і збораў (ч. 2 арт. 243 КК). Пасля да гэтага дадалося распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130) і арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293).

Ілля Шапаткоўскі: год і 9 месяцаў без суда

Ілля Шапаткоўскі. Фота: скрыншот з відэа «Сумленных людзей»

Бізнэсмен у сферы IT Ілля Шапаткоўскі таксама непасрэдна быў звязаны з Віктарам Бабарыкам. Ëн прымаў актыўны ўдзел у працы выбарчага штаба і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў. Быў адным з кіраўнікоў ініцыятывы «Сумленныя людзі».

«Бралі» Шапаткоўскага па эканамічным артыкуле, але цяпер мужчына праходзіць па 357-м КК (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя дзеля захопу дзяржаўнай улады). Затрыманне адбылося 4 жніўня 2020 года — роўна ў той дзень, калі ў Іллі былі запланаваныя інтэрв’ю пра сутнасць платформы «Голас», якая была створаная для альтэрнатыўнага, сумленнага падліку галасоў на выбарах.

Справа валанцёраў «Вясны» і актывістаў анархісцкага руху: найбольшы тэрмін за кратамі — год і 9 месяцаў

Суд над дзесяццю палітзняволенымі — каардынатаркай валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-Ханадам, Аляксандрам Францкевічам, Аляксеем Галаўко, Аляксандрам Казлянкам, Паўлам Шпетным, Мікітам Дранцам, Андрэем Марачом, Данілам Чулем — распачаўся 25 красавіка і яшчэ не скончыўся, але першых фігурантаў сталі затрымліваць яшчэ ў жніўні 2020-га. 

Агулам у гэтай справе фігуруе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а самі матэрыялы складаюць 160 тамоў. Там і арганізацыя масавых беспарадкаў, і ўдзел у іх, і стварэнне злачыннай арганізацыі, і злоснае хуліганства, і іншае.

Некалькі фігурантаў справы заявілі, што да іх ужываліся катаванні, іх збівалі. У Марфы Рабковай за час знаходжання пад вартай моцна пагоршылася здароўе, памерлі бабуля і бацька (на пахаванне дзяўчыну не пусцілі).

Справа Мікалая Аўтуховіча і «тэрарыстычнай групоўкі»найбольшы тэрмін у няволі — год і пяць месяцаў

Мікалай Аўтуховіч. Фота Сяргея Гудзіліна.

Затрыманні па гэтай справе пачаліся на пачатку снежня 2020-га. Бізнэсоўца Мікалая Аўтуховіча разам з шэрагам людзей абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.

Сярод «тэрарыстаў» у гэтым спісе, напрыклад, сям’я праваслаўнага святара Сяргея Разановіча: ён сам, яго жонка Любоў і сын Павел. Ці, напрыклад, пенсіянерка, экс-бухгалтарка Галіна Дзербыш.

Толькі Мікалай Аўтуховіч як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы. Сярод іх здрада дзяржаве, садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне злачыннай арганізацыі, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці. 

Суд над вязнямі пачаўся 18 мая ў гродзенскай турме. Некаторых з іх утрымліваюць у аднамесных клетках як «асабліва небяспечных».

Экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна: год і пяць месяцаў

Ксенія Луцкіна. Фота: rada.vision

Да жніўня 2020 года Ксенія працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, але, як многія сумленныя журналісты, сышла адтуль пасля выбараў. Далучылася да Каардынацыйнай рады. Планавала стварыць з калегамі альтэрнатыўнае тэлебачанне. Праект быў на мяжы запуску, калі дзяўчыну затрымалі (гэта здарылася 22 снежня 2020-га). 

Спачатку ёй інкрымінавалі ўхіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК), звязваючы са справай «Прэс-клуба». Новае, актуальнае абвінавачванне, якое ёй выставілі: змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК).

У турме ў журналісткі моцна пагоршылася здароўе: пачала расці пухліна ў галаве. Паўтара года без маці жыве маленькі сын.

Журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына: год і чатыры месяцы зняволення

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна. Фота: baj.by

Журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава разам з яго дзяўчынай Ірынай Злобінай затрымалі ў студзені 2021-га. Ужо праз тры дні пасля гэтага МУС рапартавала: «Падазраюцца ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці». Пад ёй маецца на ўвазе аплата штрафаў і ўтрымання ў ЦІП людзям, якія прымалі ўдзел у пратэстах. Паводле МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў, спісы і грошы на аплату штрафаў яму перадаваў фонд BY Help.

4 красавіка стала вядома, што іх справа аб’яднаная разам з абвінавачваннямі на адрас Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай з «БелаПАН». Ірыну Злобіну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) і ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве). У Андрэя Аляксандрава, акрамя гэтых артыкулаў, яшчэ два: ч. 1 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) ды ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).

Журналіст Дзяніс Івашын: год і два месяцы няволі

Дзяніс Івашын. Фота: belsat.eu

Гродзенскі журналіст-расследавальнік стаў аб’ектам інтарэсу КДБ за сваю прафесійную дзейнасць: ён напісаў пра амапаўцаў, якія раней служылі ва ўкраінскім «Беркуце» і разганялі Майдан. На журналістка павесілі артыкул 365 Крымінальнага кодэкса — умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў.

Пазней Дзянісу выставілі новае абвінавачванне па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). КДБ абвінаваціў палітзняволенага ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай.

За кратамі на журналіста ціснуць: яго неаднаразова адпраўлялі ў карцар (падчас знаходжання там у яго здарыўся сардэчны прыступ). Родныя кажуць, што больш за 200 дзён не атрымлівалі ад Дзяніса лістоў.

Ціск на прадстаўнікоў Саюза палякаў: 14 месяцаў без суда

Андрэй Пачобут. Фота: penbelarus.org

У тым жа месяцы, што і Дзяніса Івашына, у сакавіку 2021-га, затрымалі яшчэ аднаго журналіста з Гродна — Андрэя Пачобута, які, акрамя таго, з’яўляецца сябрам Саюза палякаў Беларусі. За пару дзён да гэтага прыйшлі па старшыню Саюза палякаў Анжаліку Борыс, таксама затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары.

Анжаліка Борыс. Фота: hrodna.life

Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву пазней адпусцілі ў абмен на іх ад’езд з Беларусі. Пачобут і Борыс не пайшлі на ўгоду і на гэты момант праходзяць па арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне варожасці.

Анжаліка Борыс з сакавіка пераведзеная з СІЗА пад хатні арышт.

Чытайце таксама:

Што адбывалася ў СІЗА з удавой Андрэя Зельцэра? Расказвае сукамерніца. «Маша паўтарала: як ён мог мяне пакінуць?»

Каментары

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →