«Паліклініка чакала новага траўматолага, а той знік». Колькі медыкаў з'ехала з Беларусі?
Тысячы беларускіх медыкаў пакідаюць Радзіму і знаходзяць сябе ў краінах ад Польшчы да Эквадора. Якая яна, эміграцыя ў белых халатах, і чаму новымі тэрмінамі размеркаванняў яе не спыніць? «Наша Ніва» абмеркавала гэта з вядомымі беларускімі лекарамі.
12.11.2023 / 18:33
«Мне казалі, маўляў, не пішыце нічога ў сацсетках, нашаму мінуламу доктару давялося з’ехаць»
Лекар-гінеколаг Станіслаў Салавей апошнія некалькі гадоў працуе ў адной з прыватных клінік Адэсы. Да эміграцыі мужчына быў супрацоўнікам мінскай бальніцы №3 — расказвае, што і яе закранула праблема эміграцыі медыкаў: «У маім аддзяленні былі чатыры лекары і лекар прыёмнага аддзялення, з якім мы замянялі адзін аднаго, то-бок наш касцяк складаў пяць чалавек.
На сёння два з іх у эміграцыі, адзін змяніў месца працы і адзін працуе на палову стаўкі — з першага складу засталося паўтара чалавека».
Перад ад'ездам педыятарка Мая Церакулава працавала ў адной з бабруйскіх паліклінік. Туды яна перавялася праз чатыры месяцы пасля палітычнага звальнення з іншай установы.
«Калі прыехала [у Бабруйск], мне казалі, маўляў, не пішыце нічога ў сацсетках, нашаму мінуламу доктару давялося з’ехаць. Калі мяне звальнялі, дзівіліся, што я прыходзіла падпісваць абходны ліст, бо мінулая лекарка гэтага не рабіла. У той паліклініцы чакалі новага траўматолага, а траўматолаг — гэта каштоўнасць для паліклінікі. Але ў апошні момант выявілася, што ён тэрмінова з’язджае.
Пасля таго, як я з’ехала, калегі мне званілі і шукалі доктара, пыталіся, ці не з’явіўся ён «у нас». Казалі, што ён знік — ні ён, ні яго жонка, таксама медык, не выйшлі на працу. І калегі не ведалі, што з імі, разважалі: або ён патануў, бо ішло лета, а доктар любіў рыбачыць, або ён з’ехаў, або яго пасадзілі».
Траўматолаг Рустам Айзатулін, каардынатар Фонду медыцынскай салідарнасці, працуе на поўначы Польшчы, у Варміньска-Мазурскім ваяводстве. За год у Польшчы доктар змяніў некалькі бальніц, і ў кожнай знаходзіў не менш за пяць лекараў з Беларусі.
Кажучы пра сваё ваяводства, Рустам прыводзіць уласныя падлікі — паводле іх, тут працуе больш за 250 беларускіх лекараў.
Эміграцыя медыкаў, расказвае Айзатулін, была і да 2020-га, але цяпер яна набірае папулярнасць. Гэта звязана не толькі з тым, што ў краінах Еўропы жыццё можа быць лепшым, але і з тым, як ставяцца да медыкаў у Беларусі:
«Згадаем апошнія заявы пра размеркаванне, пра тое, што будуць прапускаць медыкаў на пэўныя высокатэхналагічныя спецыяльнасці толькі пасля прымусовай ардынатуры. Раней яшчэ можна было неяк пазмагацца за свае правы, хаця б праз псеўдапрафсаюз ці галоўнага доктара, а цяпер гэта ўжо немагчыма. Медык-нявольнік стаў уласнасцю грамады, і ён мусіць ехаць працаваць на тое поле, куды яго пашле гаспадар, варыянту адмовіцца ў цяперашнім заканадаўстве няма. Калі ты не паедзеш па размеркаванні, цябе або аштрафуюць, або пасадзяць».
Фота: Julia Borodun / Belarus Health Ministry via AP
Раней, тлумачыць доктар, межы былі адкрытыя, і большасць медыкаў маглі паехаць на пэўную канферэнцыю, пастажыравацца ў замежнай бальніцы, прычым раней такіх стажыровак было вельмі шмат і можна было знайсці фінансаванне для сваёй вучобы. Так лекар мог знайсці для сябе прымяненне за мяжой, мог і проста параўнаць умовы працы, і вынік атрымліваўся не на карысць беларускай медыцыны.
Калі медыкі масава эмігруюць, хто тады застаецца? Салавей тлумачыць, што ў яго клініцы, як і ў шматлікіх іншых медычных установах Беларусі, працуе дужа мала дактароў сярэдняга ўзросту. Затое там шмат лекараў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту і маладых — тых, хто працуе не больш за пару гадоў.
«Пастаянна ідзе круцёлка: прыйшло шмат маладых, у іх скончылася размеркаванне, частка з іх або звальняецца, або эмігруе, застаецца маленькі працэнт. Калі казаць пра нашых анестэзіёлагаў, прыйшло пяць маладых, потым сышло тры-чатыры», — дзеліцца доктар.
Так было і раней, кажа Станіслаў, проста ў апошнія гады тэндэнцыя дужа ўзмацнілася, і з’язджаюць вельмі шмат. Раней толькі частка моладзі, калі прыходзіла, загадзя вучыла нямецкую мову, бо былі настроеная на пераезд, цяпер гэта масавая з’ява.
«Калі браць толькі Польшчу, па ёй раскідана каля трох тысяч беларускіх медыкаў»
Каб патлумачыць, якім было стаўленне замежнікаў да беларускай медыцыны і якое яно цяпер, Мая расказвае гісторыю з уласнага досведу: «Мой аднагрупнік з Казахстана займаецца медыцынскім турызмам, збольшага адпраўляе казахаў у Паўднёвую Карэю, Ізраіль і Германію. Але калі ў іншай краіне будзе доктар, здольны пракансультаваць па той ці іншай хваробе, можна адправіць чалавека і да яго.
Калі я гутарыла з аднагрупнікам у 2019 годзе, ён разглядаў Беларусь як добры варыянт для медычнага турызму: маўляў, еўрапейскія пратаколы лячэння ў анкалогіі, добрыя кардыяхірургія, артапедыя і транспланталогія, таннейшыя, чым у Ізраілі. У 2020-м ён мне казаў, што пакуль трэба пачакаць у гэта ўкладацца.
Калі мяне ў чарговы раз звольнілі і я зразумела, што ў Беларусі мне не свеціць працаваць, я пыталася ў яго — можа, усё-ткі пачнем бізнэс? Ён адказаў, што больш у Беларусі няма да каго адсылаць».
Колькі беларускіх лекараў цяпер за мяжой? Айзатулін мае пэўныя лічбы:
«У мінулым годзе мы гутарылі з прадстаўніком польскага Мінздароўя, які сказаў, што за год яны перапрацавалі больш за 2,5 тысячы заяваў ад медыкаў з Беларусі. Сёлета ў канцы вясны я зноў гутарыў з прадстаўніком Мінздароўя, і ён мне казаў, што за час з пачатку года ў іх назапасілася каля 700 неапрацаваных заяваў ад беларусаў. Таму калі браць толькі Польшчу, па ёй раскідана каля трох тысяч беларускіх медыкаў.
Гэта мы кажам толькі пра тых, хто пачаў працаваць без пацверджанага дыплома і пацвердзіць яго цягам працы, а ёсць жа і тыя, хто спачатку вырашыў здаць належныя экзамены. Ці іншы прыклад: у 2008 годзе я скончыў клінічную ардынатуру па траўматалогіі і артапедыі. Больш за палову тых, хто навучаўся са мной у ардынатуры і інтэрнатуры, выехалі ў розныя гады з Беларусі».
«У Польшчы ў 2022-м казалі, што за год выдалі дактарам дзве тысячы дазволаў на працу, з іх тысячу — беларусам.
А колькі з лекараў пераехалі, але яшчэ не атрымалі дазволу, колькі дактароў у Беларусі проста звольніліся і сышлі ў іншую галіну? Цяпер у беларускай медыцыне канвеер: моладзь прыйшла, адпрацавала і звольнілася, прыйшла новая моладзь, зноў адпрацавала і звольнілася. Таму і падымаюць тэрмін размеркавання, і ўводзяць абавязковую ардынатуру, каб неяк утрымаць дактароў у сістэме», — дадае Станіслаў Салавей.
З пытаннем пра тое, колькі беларускіх медыкаў цяпер за мяжой, звяртаемся і да Лідзіі Тарасенка, каардынатаркі Фонду медыцынскай салідарнасці. Паводле яе, гэтыя лічбы немагчыма назваць дакладна, але гаворка ідзе пра тысячы: «Не існуе такога механізму падліку, да таго ж пытанне ў асабістых даных медыкаў, якія не выдасць так проста ніводная дзяржава. Вельмі шмат медыкаў у Польшчы. Да 2020-га адным з папулярных кірункаў была Расія, і мы не ведаем, колькі там цяпер лекараў, наўрад ці адтуль усе з’ехалі.
Да [поўнамаштабнай] вайны шмат медыкаў ехала ва Украіну. Стабільна папулярным кірункам была Германія — хаця там і складаная мова, але астатнія фактары пераезду прывабныя. У Літву мала хто едзе, бо там і краіна, і рынак маленькія, і мова складаная, нядаўна актыўна ехалі ў Чэхію».
Ці робіць краіна што-небудзь прадуктыўнае, каб утрымаць медыкаў? Анічога, лічыць Лідзія. Калі ў гэтай галіне і здараецца нешта не зусім благое, гэта бывае ці выпадкова, ці па недаглядзе рэжыму, але ніяк не мэтанакіравана, кажа доктарка.
«Было прыемна пачуць ад аднаго лекара, што ў яго цяпер столькі грошай, што ён не ведае, як іх траціць»
Самымі простымі варыянтамі для пераезду звычайна лічаць Германію і Польшчу, бо там лагічная сістэма пацверджання дыплома, дакладны алгарытм, што рабіць. Спачатку Германія, а потым Польшча аблегчылі прыезд замежных спецыялістаў, таму там лягчэй уладкавацца. Хаця нашы даязджаюць і да Швецыі, Брытаніі, ЗША, працуюць у арабскіх краінах, расказвае Салавей. Рустам Айзатулін кажа пра знаёмых, якія працуюць у Паўночнай Амерыцы, Гватэмале, Аргенціне, Эквадоры, Парагваі.
Да краін ЕС, куды едзе большасць беларускіх медыкаў-эмігрантаў, Мая дадае і азіяцкія дзяржавы. Знаёмы жанчыны цяпер працуе ва ўзбекскай Бухары, і багата беларусаў, паводле педыятаркі, выбралі для сябе Казахстан. На радзіму Маі едуць знакамітыя дактары, якія атрымаюць там вышэйшы заробак. Вабіць і лягчэйшая легалізацыя, і тое, што ў рускамоўнай прасторы нашы вядомыя дактары маюць пэўную рэпутацыю, што таксама палягчае жыццё.
Якія спецыяльнасці з’язджаюць? «Усе, нікога не хапае, лекар — дужа дэфіцытная спецыяльнасць. У Польшчы шмат дактароў з’язджалі на заробкі ў Германію, з Германіі ехалі ў Швейцарыю і Брытанію. Дактароў вельмі цяжка рыхтаваць, іх трэба шмат. У той жа Польшчы любы лекар любой спецыяльнасці знойдзе сабе працу. Так, трэба будзе пацвярджаць свае веды і легалізоўвацца, але няма такой спецыяльнасці, якая не была б патрэбная. Такая ж сітуацыя ў Беларусі — не хапае ўвогуле ўсіх дактароў, ад участковых тэрапеўтаў да трансплантолагаў.
Пераезд — гэта цяжка. Але калі раней пераязджалі праз умовы працы і заробак, цяпер да гэтага дадалося тое, што ў Беларусі цябе могуць проста арыштаваць і кінуць у турму. Апускаецца жалезная заслона і прымаюцца драконаўскія законы, якія цябе прывязваюць да краіны, то-бок людзей, і медыкаў у прыватнасці, ператвараюць у рабоў», — абураецца Салавей.
«Ты выпусціўся з універсітэта і мусіш пяць гадоў адпрацаваць, бо сёння большасць паступае ў медыцынскі мэтавікамі. Потым, каб стаць вузкім спецыялістам, ты мусіш ісці ў ардынатуру і яшчэ гадоў сем адпрацаваць. Дык што, стаць чалавекам, які можа выбіраць, дзе яму жыць і працаваць, у 45 гадоў?» — разважае ён.
Фонд медыцынскай салідарнасці дапамагае медыкам-эмігрантам арганізоўваць персанальныя зборы, кансультуе іх наконт працаўладкавання, дае гайды датычна легалізацыі за мяжой. Лідзія адзначае, што некаторыя медыкі часткова ці цалкам змяняюць у эміграцыі сферу дзейнасці:
«Пацвердзіць дыплом — задача не аднаго дня, і калі ваш пераезд не быў спланаваны загадзя, вам спатрэбіцца не менш за год, каб атрымаць права зноў працаваць лекарам. Ёсць спрошчаныя спосабы ўладкавацца на працу, але яны працуюць усё радзей. Усё гэта даволі складана, але любы, хто шукае магчымасць уладкаваць жыццё, урэшце дае рады.
Напрыклад, у Польшчы падчас пандэміі сталі выдаваць замежным медыкам дазволы працаваць без легалізацыі дыплома цягам пяці гадоў (калі пасля гэтага часу медык плануе працягнуць працу, ён мусіць за гэтыя пяць гадоў прайсці належныя экзамены). Цяпер такія магчымасці ўсё больш скарачаюць, бо ніхто не хоча дапускаць на свой рынак працы людзей з невядомай кваліфікацыяй, гэта выклікае супраціў мясцовага насельніцтва і медыкаў».
Мая тлумачыць, што медыкам з вузкай спецыялізацыяй за мяжой складаней, бо ў той жа Польшчы ім трэба даўжэй пацвярджаць дыплом, праходзіць нанава рэзідэнтуру па сваёй спецыяльнасці. З іншага боку, рэзідэнтура ў Польшчы добра аплочваецца.
Сама Церакулава цяпер вучыць польскую мову, бо без яе пацвердзіць дыплом не атрымаецца. Ёй трэба будзе здаць некалькі экзаменаў: спачатку — па медыцынскай польскай мове, потым — па тэарэтычным курсе медуніверсітэта. Далей будзе некалькі месяцаў аплатнай стажыроўкі і выніковы экзамен, які дасць жанчыне права быць лекаркай у Польшчы.
Мая хоча працаваць педыятаркай у паліклініцы, як і ў Беларусі, і вельмі чакае вяртання да справы. Умовы працы ў Польшчы даюць ёй надзею на лепшае:
«Я працавала ў Беларусі ўчастковай педыятаркай, там на прыём дзіцяці даецца 5 хвілін, і гэта несумяшчальна з добрай медыцынай. Немагчыма агледзець дзіця, нармальна паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне за 5 хвілін. А тут на кожнага пацыента даюць 30 хвілін, і для мяне гэта выглядае адэкватнай колькасцю часу. Ты не ў мыле ад колькасці пацыентаў, табе добра плоцяць — неяк тут па-чалавечаму ставяцца да пацыентаў і лекараў.
Фота: Contributor Getty Images
Мне было прыемна пачуць ад аднаго лекара, што ў яго цяпер столькі грошай, што ён не ведае, як іх траціць. Але польскія лекары лічаць, што ў іх малыя заробкі. Яшчэ пра беларусаў кажуць, што яны прыязджаюць «уключаныя» і пачынаюць браць сабе як мага больш змен, дадаткова вучацца і яшчэ працуюць. У беларускіх лекараў тут добрая рэпутацыя».
«З краіны бягуць усе, дактары — проста вельмі вузкая група, страты ў якой моцна адчуваюцца»
Вельмі шмат з’явілася прычын, якія матывуюць лекараў эміграваць, разважае Салавей: гэта вайна, калі з тваёй тэрыторыі ляцяць ракеты, агульная нервознасць, падзенне эканомікі, заробкаў. Калі проста ехаць па лепшае жыццё, для гэтага прыйдзецца цяжка працаваць, і на такое вырашаўся не кожны. А цяпер шмат хто збягае, бо проста не жадае апынуцца ў турме праз подпіс за Бабарыку.
«Не толькі дактары збягаюць: будаўнікі, інжынеры, айцішка. З краіны бягуць усе, медыкі — проста вельмі вузкая група, страты ў якой моцна адчуваюцца. У нашай сістэме таксама не хапае ні медсясцёр, ні санітарак», — кажа Салавей.
Рустам звяртае ўвагу на заявы беларускага кіраўніцтва датычна медыкаў: паводле яго, там з’явіліся наратывы накшталт «Радзіма кліча», «куды цябе пашле Радзіма», кажуць пра патрыятызм. Калі дзяржава пачынае такім маніпуляваць, лічыць доктар, гэта вельмі благая прыкмета. Медыкі — недурныя людзі, таму такія расказы ў камбінацыі з заявамі пра размеркаванне, ардынатуру і платнікаў стымулююць збіраць валізку і рыхтавацца да пераезду.
Краіны Еўропы, тлумачыць Айзатулін, зацікаўленыя атрымаць гатовага спецыяліста, для якога можна спрасціць умовы легалізацыі. Гэта выгадна і для краіны, і для беларускага лекара, бо калі параўнаць заробкі беларускіх медыкаў з даходамі нават іх польскіх калег, розніца будзе ў шмат разоў, а выдаткі сваёй энергіі і часу будуць такія ж.
Ці саступаюць беларусы замежнікам у кваліфікацыі? Станіслаў расказвае, што ва Украіне ёсць цудоўныя дактары, якія дадуць фору нашым найлепшым спецыялістам. А ёсць і медыкі сярэдняга ўзроўню, ёсць і слабыя. Усё тое ж самае, як і ў Беларусі, але за мяжой умовы жыцця і працы ў беларускіх лекараў лепшыя ў разы. Калегі, якія працуюць у Польшчы, кажуць, што ў іх там нашмат лепшае абсталяванне, чым у Беларусі.
Рустам пагаджаецца, што ў замежжы ўмовы працы адрозніваюцца ў лепшы бок:
«У Беларусі лекарам дагэтуль не дазволена пасля сутачнага дзяжурства ісці адпачываць дахаты — маўляў, пасля гэтага трэба застацца на працы яшчэ на 12 гадзін. А ў Польшчы, я пасля такога ж дзяжурства ў прыёмным пакоі маю дзень адпачынку, які мне аплочваюць па стаўцы працоўнага дня.
Ніводны беларускі РНПЦ не падпісаны на міжнародныя пратаколы лячэння, то-бок лекар не можа адкрыць гэтыя дакументы і паглядзець, як цяпер прынята працаваць з хваробай. Калі такога няма ў РНПЦ, што казаць пра звычайную раённую бальніцу?
Інфармацыю даводзіцца шукаць самому, за свае сродкі і ў асабісты час, тым больш што траціна беларускіх клінік не падпісаная на міжнародныя перыядычныя медыцынскія выданні. Таму прафесійны рост у беларускіх умовах будзе толькі ў выглядзе статыстыкі на паперы».
Польская клініка, дзе працуе Рустам, на такія пратаколы падпісаная, таму лекар можа ў вольную хвіліну адкрыць адпаведную праграму і пачытаць, што новага публікуюць даследчыкі па цікавых яму тэмах. Але клопат пра медыкаў на гэтым не сканчаецца:
«Мне было вельмі прыемна высветліць, што ў прыёмным пакоі, дзе я перыядычна дзяжуру, на камп’ютарах ёсць падпіска на Spotify, так што я магу, калі пацыентаў няма, паслухаць музыку».
Салавей спасылаецца на досвед калег і кажа, што лекараў у Польшчы вельмі паважаюць ужо за саму прафесію, але мусіць быць веданне мовы. Калі ты не будзеш гутарыць па-польску, ты не зможаш там працаваць лекарам, проста таму што ты мусіш камунікаваць з людзьмі.
«Наша феадальная ўлада робіць усё, каб людзей памацней заняволіць і запужаць. Нельга сказаць, што ў іх не атрымліваецца»
У гісторыях пра пераезд лекараў, прызнаецца Мая, хапае негатыву — цяжка першы час жыць за мяжой і рыхтавацца да экзаменаў.
У Польшчы беларускі медык можа пачаць працу без пацвярджэння дыплома, калі атрымае дазвол міністра аховы здароўя, і ў такім выпадку могуць быць пытанні: Мая тлумачыць, што тады ты мусіш працаваць у адной установе, працадаўцы часам разумеюць, наколькі ад іх залежыць такі працаўнік, і карыстаюцца гэтым.
Але калі ты пацвердзіў дыплом, ты паўнавартасны доктар, дыплом якога шануецца па ўсёй Еўропе.
Рустам назапасіў багата станоўчых гісторый адаптацыі, але ёсць і негатыўныя выпадкі. Адкуль яны бяруцца? Медык тлумачыць: «У Еўропе свае стандарты медыцынскай адукацыі, і адукацыя беларускіх лекараў пад іх не падыходзіць. Таму каб даказаць, што твае веды адпавядаюць ведам еўрапейскага лекара, трэба сабраць багата дакументаў, якіх у Беларусі не выдаюць.
Таксама трэба здаць экзамен, які датычыць усіх галін медыцыны — ад тэрапіі да геранталогіі. Гэта можа быць складана для людзей, якія скончылі ўніверсітэт 15-20 гадоў таму і маюць не надта свежыя веды. Калі ж лекар мае вузкую спецыяльнасць, яму трэба будзе нанава праходзіць рэзідэнтуру, якая доўжыцца ад трох да шасці гадоў.
Лекару са стажам цяжка ўсё гэта нанава праходзіць і не лічыцца спецыялістам, атрымліваць заробак рэзідэнта. Гэтыя праблемы пераследуюць медыка цягам пяці-шасці гадоў пасля рэлакейту, але ён атрымае перспектывы. Калі б гэты ж медык заставаўся ў Беларусі, праз такі ж час ён аказаўся б у становішчы раба».
Фота: Jose Colon / Anadolu Agency via Getty Images
Што чакае беларускую медыцыну, з якой бягуць лекары? Яе трэба вельмі моцна рэфармаваць, лічыць Мая: «Цяпер у Беларусі медыцына — нібыта старая арба, на якую павесілі недзе збоку тамограф, якім ніхто не можа карыстацца, бо хто ўмеў, той з’ехаў. Але ў краіне ўсё роўна застаецца шмат добрых дактароў.
Шкада беларускую медыцыну — некалі яна магла быць як ІТ».
Лідзія адзначае, што ўмовы працаўладкавання для беларусаў за мяжой не спрашчаюцца, а культурны разрыў павялічваецца. У медыкаў усё менш магчымасцяў з’ехаць, у першую чаргу таму, што ім ускладняюць жыццё на Радзіме: не даюць дакументаў, неабходных для пераезду, якасць адукацыі падае, таму пацвердзіць дыплом усё складаней. Але медыцынскую эміграцыю гэта і блізка не спыняе.
Вынік — змрочная, на думку Лідзіі, будучыня для беларускай медыцыны, бо падставаў для аптымізму лекарка не бачыць:
«Наша феадальная ўлада робіць усё, каб людзей памацней заняволіць і запужаць. Нельга сказаць, што ў іх не атрымліваецца. Людзі перастаюць бачыць для сябе перспектыву, яны менш спрабуюць некуды вырвацца, бо іх пужаюць бясконцымі адпрацоўкамі і велізарнымі штрафамі незразумела за што. Таму цяпер акно магчымасцей для беларусаў адназначна звужаецца».
«Без іх рашэння не возьмуць нават у санітаркі». У бальніцах цяпер ёсць свае ідэолагі