«Мая бос мне а дзясятай вечара кідае мемы». Беларуска даследуе траўмы мозга ў ЗША

Беларусцы Марыі Строцавай 24 гады, і ўжо два месяцы яна працуе ў амерыканскай лабараторыі. Дачка паэта Дзмітрыя Строцава даследуе мозг і дапамагае шукаць сродкі ад хранічнай стомленасці. Распыталі ў Марыі, як яна апынулася ў нейрабіялогіі.

17.11.2023 / 15:39

Фота: архіў суразмоўцы

«Ёсць многа ўсяго па-за межамі класічнага спіса прафесій»

Лабараторыя, дзе працуе дзяўчына, належыць да арганізацыі Kessler Foundation, што ў амерыканскім штаце Нью-Джэрсі. Гэта некамерцыйная арганізацыя, дзе даследуюць праблемы рэабілітацыі і працаўладкавання людзей з інваліднасцю. У першую чаргу, тлумачыць Марыя, гэта праца з нейранавукамі, у прыватнасці з нейрапсіхалогіяй.

Марыя займаецца даследаваннем траўмаў мозга. 

Фота: архіў суразмоўцы

«Мы робім МРТ мозга і запісваем пэўныя даныя, — расказвае Марыя. — Потым я праводжу з людзьмі нейрапсіхалагічнае тэставанне. Гэта спецыфічны тэст, які дазваляе праверыць, як працуе мозг. Ён падобны да тэсту на IQ, але больш спецыялізаваны: напрыклад, гэта праверка памяці або яе пэўнага тыпу, здольнасці вучыцца, вырашаць задачы.»

Дзяўчына дапускае, што паглыбіцца ў навуку. У маі яна скончыла прыватны амерыканскі ўніверсітэт, дзе атрымала адразу дзве ступені бакалаўра — па нейранавуках і сацыялогіі. Расказвае, што калі ўвесну мусіла вырашаць, што рабіць далей, была вельмі разгубленая, бо не ведала, што рабіць — вучыцца ці працаваць, і дзе. Мае досвед і ўзнагароды і па нейранавуках, і па сацыялогіі, любіць абедзве сферы, і што з іх выбраць? Пашчасціла, што знайшлася цяперашняя праца на сутыку сацыялогіі і нейранавук, вакансія ў кірунку сацыяльнай нейранавукі.

Сваю працу беларуска разглядае як магчымасць блізка дакрануцца да цікавых ёй тэмаў. Цяпер Марыя працуе з апаратам МРТ, а праз паўгода, верагодна, паспрабуе сябе ў працы з электраэнцэфалографам.

Фота: архіў суразмоўцы

На новым месцы беларуска плануе працаваць два-тры гады. Потым яна падумвае пайсці ў магістратуру, а пакуль хоча хаця б год не думаць пра будучыню і пажыць для сябе.

«Я ўсё яшчэ спрабую высветліць, што мне падабаецца, якія рэчы ёсць у свеце, бо аказваецца, ёсць шмат усяго, што можна рабіць і што знаходзіцца па-за межамі класічнага спіса прафесій, які дагэтуль ёсць у маёй галаве», — кажа Марыя Строцава.

«Складана з'ехаць з дому ў 18»

Марыя вучылася ў адной з мінскіх гімназій і ў ліцэі №2, а пасля скончыла прыватны амерыканскі ўніверсітэт, але паваротным пунктам лічыць першы досвед замежнага навучання.

Беларускую адукацыю дзяўчына лічыць вельмі структураванай, і гэта — адзін з яе мінусаў: «Для Беларусі, наколькі я ведаю, характэрны дакладны выбар прафесіі на ранняй стадыі, з якім потым складана нешта рабіць. Мне гэта было вельмі цяжка, бо не ведала, куды падацца. Мне было цікава пайсці ў біялогію, нешта сацыяльнае, на гісторыю мастацтваў. Не ведала, дзе можна гэта спалучыць і вывучаць адначасова некалькі рэчаў».

У апошніх класах ліцэя беларуска даведалася пра UWC — United World College (прачытаць пра іх больш можна тут). Гэта сетка з 18 каледжаў, якія знаходзяцца ў розных краінах па ўсім свеце, напрыклад, у Коста-Рыцы, Германіі, Танзаніі, Тайландзе, Канадзе. UWC быў створаны пасля Другой сусветнай вайны, каб сабраць падлеткаў з усяго свету і разам іх навучаць цягам двух гадоў.

Фота: архіў суразмоўцы

Каледжы UWC, расказвае Марыя, працуюць па праграме міжнароднага бакалаўрыята — гэта вельмі добрая адукацыя, якая паўсюль цэніцца. Большасць людзей трапляюць туды праз нацыянальныя камітэты сваіх краін. У выніку атрымліваецца сапраўдны інтэрнацыянал. Напрыклад, суразмоўца вучылася ў каледжы ў Нідэрландах, там было 200 навучэнцаў з больш як ста краін. 

Можна трапіць на стыпендыю ці вучыцца платна. Марыя трапіла ў каледж у Маастрыхце — цяпер дзяўчына кажа, што гэта без перабольшванняў змяніла ўсё яе жыццё.

Беларуска сведчыць, што не ўсё было радасна: «Гэта не абавязкова лёгка, бывае складана з’ехаць з дому ў такім узросце — мне было 18, але збольшага прыязджаюць у 16-17 гадоў. Ты жывеш далёка, без бацькоў, адукацыйная праграма складаная, трэба вельмі шмат адаптавацца. Але свет адкрываецца з цалкам новай перспектывы».

Пасля навучання ў каледжы дзяўчына выйграла стыпендыю ў амерыканскі прыватны ўніверсітэт, і чатыры гады, да мая гэтага года, там правучылася. Удзельнічала ў шматлікіх праграмах і ездзіла на міжнародныя абмены, а потым знайшла працу ў цяперашняй лабараторыі.

«Кожны дзень езджу па легендарных месцах»

Марыя жыве ў горадзе Форт-Лі, які месціцца вельмі блізка да Манхэтэна. А вось да працы ёй прыходзіцца 40 хвілін ехаць на машыне. Дзяўчына тлумачыць, што ў ЗША цяжка без машыны, калі ты жывеш не ў вялікім горадзе, бо сістэма грамадскага транспарту дарагая і нязручная.

Таму, каб пайсці на новую працу, беларусцы давялося набыць машыну і навучыцца ёю кіраваць: «Для мяне гэта новы і вельмі прышпільны досвед. З чалавека, які жыве ў кампусе, я рэзка ператварылася ў дарослую, якая сама адказвае за ўсе свае страхоўкі і дакументы, і сама на машыне важу сябе на працу па Нью-Джэрсі. Усё гэта трохі сюррэалістычна. Калі я еду на працу, справа я бачу Нью-Ёрк, а злева — горад Патэрсан, з ім звязаны фільм [Джыма] Джармуша. І цяпер мне падаецца, што я кожны дзень езджу па легендарных месцах».

Фота: архіў суразмоўцы

Свой заробак дзяўчына называе нармальным па амерыканскіх стандартах, але не агромністым.

Затое ёсць добры сацпакет і страхоўка, дый атмасфера ў лабараторыі сяброўская і расслабленая.

З аднаго боку, даводзіцца працаваць у кубіклах — гэта агароджаныя працоўныя месцы накшталт тых, якія можна ўбачыць у амерыканскіх фільмах, там мала святла, дый трохі дэпрэсіўна, прызнаецца Марыя.

Але гэта праца з людзьмі, якія займаюцца нейранавукамі, і яны разумеюць, што ўсе працуюць у сваім рытме. Таму, кажа Марыя, пакуль ты выконваеш асноўныя задачы і ўцягнуты ў працу, усё будзе файна, нават калі ты і не будзеш працаваць кожную секунду. 

А яшчэ ў Kessler Foundation шмат мерапрыемстваў для супрацоўнікаў — як жартуе Марыя, занадта шмат: «Нядаўна мы святкавалі Хэлаўін, усе прыходзілі на вечарыну ў касцюмах і выбіралі найлепшы, потым мы елі піцу. Пасля Дня падзякі будзе вялікая тусоўка ў рэстаране, трэба прыйсці з макіяжам і ў сукенцы, будзе карпаратыўны баль. На наступны дзень бос прынясе нам традыцыйныя булачкі з нейкага штата. А яшчэ мая бос мне а 10 вечара кідае мемы ў паведамленнях, яна вельмі класная. Гэта вельмі чалавечая атмасфера, дзе ад цябе чакаюць, што ты будзеш якасна працаваць, і я стараюся так і рабіць, вучыцца як мага хутчэй. 

Мне гэта вельмі падабаецца. Калі б я працавала ў сухім офісе, дзе я проста прыношу паперку, на мяне глядзяць з каменным тварам і я сыходжу, мне было б сумнавата».

«Зараз мы цябе ў аўтазак да тлустых закінем». Як склалася гісторыя маладзёнаў са страшнага фота, якое абляцела ўсю краіну

Беларускі матэматык выкладае ў амерыканскім універсітэце. Яго разлікі могуць дапамагчы ў барацьбе з ракам

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

Вера Белацаркоўская