«Закрыем гэтую тэму». Музычны прадзюсер з Украіны падчас вайны працягвае працаваць на БТ разам з Бузавай і Прыгожыным

Былы музычны прадзюсер украінскага «X-фактара» працуе ў шоу «Фактар.бай» на БТ, хоць дапамагаў ладзіць канцэрты на карысць Украіны.

06.12.2023 / 16:51

Музычны прадзюсер «Фактор.BY» Мікалай Сосін разам з Вольгай Бузавай і Андрэем Панісавым (фота злева), а таксама разам з Манацікам (фота справа). Калаж: фоты Сосіна ў інстаграм

Вядоўцы ютуб-шоу «О(б)суждаем» заўважылі, што ўкраінскі музычны прадзюсер Мікалай Сосін працягвае супрацоўнічаць з Белтэлерадыёкампаніяй. Пры гэтым прадзюсер трох сезонаў беларускага «X-фактара» некалькі разоў выязджаў у Еўропу, дзе дапамагаў украінскім селебрыці ладзіць дабрачынныя канцэрты для збору сродкаў на патрэбы Украіны і яе арміі. 

У сваім выпуску блогеры прывялі выпадкі, калі Сосін толькі за адно лета 2022 года (паралельна працуючы ў БТ) сустракаўся ў Берліне з вядомым украінскім спяваком Манацікам, а ў Празе бачыўся з не менш вядомай украінскай спявачкай Вольгай Паляковай.

У абодвух выпадках Сосін дапамагаў украінскім зоркам збіраць грошы для Украіны і УСУ, адзначылі вядоўцы шоу «О(б)суждаем». 

«Сосін закрыў свае сацсеткі адразу пасля таго, як я даведаўся ў некалькіх людзей, якія зараз працуюць ці ўдзельнічаюць у «Фактар.бай», што той усё яшчэ прадзюсуе беларускае шоу», — адзначыў блогер Іван Прус у новым выпуску «О(б)суждаем».

Публікацыя ў афіцыйным інстаграм-акаўнце спявака Манаціка, дзе той анансуе свой дабрачынны канцэрт у Берліне на 20 чэрвеня 2022 года (скрыншот зверху). Далей ідзе пост з афіцыйнай фан-старонкі Манаціка за 21 чэрвеня 2022 года, дзе можна ўбачыць самога спявака ў кампаніі Мікалая Сосіна (скрыншот знізу)

Афіцыйны анонс дабрачыннага канцэрта спявачкі Вольгі Паляковай у Празе на 30 чэрвеня — 1 ліпеня 2022 года (скрыншот зверху), грошы з якога павінны былі пайсці на вайсковыя шпіталі Украіны. На другім скрыншоце знізу вядоўца шоу «О(б)суждаем» Іван Прус паказвае публікацыю Мікалая Сосіна ў інстаграме за 1 ліпеня 2022 года, дзе той сядзіць каля пульта гукарэжысёра падчас канцэрта Паляковай

Мікалаем Сосіным таксама зацікавіліся журналісты з буйнога ўкраінскага партала «МУЗВАР». Яны пацвердзілі інфармацыю. А пасля патэлефанавалі Сосіну і спыталі у яго, якім чынам былы музычны прадзюсер 7 сезонаў украінскага «X-фактара» і былы рэдактар украінскага нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» пасля пачатку вайны прымудраецца дапамагаць УСУ і адначасова працаваць на БТ разам з такімі асобамі, як праваенны рэпер Сярога, Руслан Аляхно, Вольга Бузава, Іосіф Прыгожын і іншыя.

«Падчас размовы з Сосіным, той быў у роўмінгу. Ён адмовіўся пацвярджаць сваю асобу і каментаваць сваю працу ў «Фактар.бай». Спасылаўся на тое, што не разумее сутнасці пытання, а затым проста прапанаваў «закрыць гэтую тэму».

Характэрна, што Сосін усё яшчэ лічыцца кіраўніком і заснавальнікам украінскай музычнай студыі TataMusic, якая і цяпер актыўна дапамагае ўкраінскім артыстам ствараць песні і выдаваць іх праз украінскія лэйблы», — падкрэслілі журналісты партала «МУЗВАР».

Скрыншот рэпартажу БТ пра другі сезон «Фактар.бай», дзе ў адным з кадраў можна ўбачыць Мікалая Сосіна. Рэпартаж зняты 2 кастрычніка 2022 года, праз некалькі месяцаў пасля таго, як Сосін з'ездзіў у Еўропу на два канцэрты ў дапамогу Украіне і УСУ

Мікалай Сосін прапрацаваў 9 гадоў на буйным украінскім тэлеканале СТБ на пасадзе галоўнага музычнага прадзюсера, дзе ў тым ліку займаўся ўкраінскім «X-фактарам» і нацыянальным адборам Украіны на «Еўрабачанне». У 2017 годзе ён звольніўся і ўжо ў 2020 годзе аднавіў дзейнасць у Беларусі. Фота: публікацыя у фэйсбук-старонцы Сосіна.

Нагадаем, што франшыза «Х-фактар» — гэта шоу талентаў, якое з'явілася на брытанскіх экранах у 2004 годзе. Стваральнік праекта, прадзюсер Сайман Коўэл, падгледзеў ідэю ў іншай забаўляльнай праграмы, Pop Idol, дзе напярэдадні два сезоны прабавіў у якасці члена журы. Падабенства прадуктаў было настолькі велізарным, што прывяло да абвінавачванняў у плагіяце ды судовых позваў. Аднак лёсы праектаў вызначыў не столькі арбітраж, колькі цікавасць гледачоў: «Х-фактар» ім падаўся болей дынамічным ды непрадказальным, што і пацвердзіла піпламетрыя. Як вынік, Pop Idol сышоў з буйных экранаў.

Сутнасць шоу простая: таленавітыя людзі прыходзяць на праслухоўванні, суддзі абіраюць найбольш прыдатных, пасля пэўны час вучаць будучых зорак таямніцам спеваў — і пад кожны новы выпуск перадачы ладзяць канцэрты. Пасля кожнага з выступаў найменш рэйтынгавыя ўдзельнікі «Х-фактар» пакідаюць. І так працягваецца некалькі дзясяткаў выпускаў, пакуль не вызначаецца пераможца.

Беларускае тэлебачанне набыло франшызу «X-фактар» у 2021 годзе і зладзіла тады свой першы афіцыйны сезон «Х-фактар у Беларусі». Але потым краіна пазбавілася правоў на арыгінальную перадачу праз санкцыі і вайну, таму вырашыла стварыць свой уласны клон папулярнай франшызы пад назвай «Фактар.бай», у рамках якога ў 2022 годзе прайшоў другі сезон шоу, а з восені 2023 ужо выходзіць трэці.

Чытайце таксама:

Беларусы, якія сталі зоркамі ў Расіі: што з імі стала за час поўнамаштабнай вайны?

Hasta la vista, baby. Згадваем самыя трэшовыя нумары Беларусі на «Еўрабачанні»

Ад Саладухі да Каржа. Што беларускія селебрыці посцяць падчас вайны і як пра яе выказваюцца

«Х-фактар ДНР будзе выглядаць прыблізна гэтак жа». Што не так з беларускім варыянтам сусветна вядомага шоу?

Марк Рыхтэр