Шоу з Бузавай на БТ цяпер будзе называцца «Фактар-бай». Як Эйсмант збіраецца абысці франшызу?
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант абвясціў пра хуткі запуск айчыннага шоу талентаў, якое да болю нагадвае міжнародную франшызу. Што з гэтага можа атрымацца?
Беларускае тэлебачанне пачынае новую старонку жыццяпісу. Санкцыі пакінулі галоўны медыяхолдынг краіны без велізарнай часткі забаўляльнага кантэнту. І калі напачатку кіраўніцтва адмаўляла складанасці, якія напаткалі Белтэлерадыёкампанію пры фарміраванні сеткі вяшчання, зараз праблема стала відавочнай. Іван Эйсмант у інтэрв'ю Марату Маркаву распавёў пра шэраг праграмных страт.
Найбольш цікавым падаўся пасаж пра «Х-фактар» — шоу, якое Беларусь не можа рабіць далей з-за міжнароднага бана, але запусціць у эфір, нягледзячы на забарону.
Што такое «Х-фактар»?
Гэта шоу талентаў, якое з'явілася на брытанскіх экранах у 2004 годзе. Стваральнік праекта, прадзюсер Сайман Коўэл, падгледзеў ідэю ў іншай забаўляльнай праграмы, Pop Idol, дзе напярэдадні два сезоны прабавіў у якасці члена журы. Падабенства прадуктаў было настолькі велізарным, што прывяло да абвінавачванняў у плагіяце ды судовых позваў. Аднак лёсы праектаў вызначыў не столькі арбітраж, колькі цікавасць гледачоў: «Х-фактар» ім падаўся болей дынамічным ды непрадказальным, што і пацвердзіла піпламетрыя. Як вынік, Pop Idol сышоў з буйных экранаў.
Сутнасць шоу простая: таленавітыя людзі прыходзяць на праслухоўванні, суддзі абіраюць найбольш прыдатных, пасля пэўны час вучаць будучых зорак таямніцам спеваў — і пад кожны новы выпуск перадачы ладзяць канцэрты. Пасля кожнага з выступаў найменш рэйтынгавыя ўдзельнікі «Х-фактар» пакідаюць. І так працягваецца некалькі дзясяткаў выпускаў, пакуль не вызначаецца пераможца.
Як шоу прыйшло ў Беларусь?
Год таму БТ набыло правы на тое, каб ладзіць праект у айчынных рэаліях. У дзесяці буйных гарадах краіны ладзіліся папярэднія праслухоўванні, пасля ў сталіцы адбыліся тэлекастынгі, па выніках якіх і сфарміраваўся склад удзельнікаў.
У суддзі запрасілі не толькі айчынных выканаўцаў (Сярогу, Руслана Аляхно), але і расійскіх прафесіяналаў — крытыка Сяргея Саседава ды селебрыці Вольгу Бузаву. Апошняя і стала трэнерам-пераможцам: яе падначалены Андрэй Панісаў быў абраны найлепшым з 14 удзельнікаў дэбютнага сезона.
Чаму шоу трапіла пад забарону?
Усё проста — санкцыі. Шоу мае брытанскую прапіску, і каб адаптаваць яго на любой іншай тэрыторыі, трэба набываць франшызу. Калі казаць прасцей, то выдаткаваць грошы за дазвол карыстацца брэндам, бізнэс-мадэллю, гандлёвым знакам і ўсім астатнім, што складае тэхналогію шоу. Гэта ў свае часы рабілі, напрыклад, Аўстралія з Амерыкай, у краінах былога СССР праграму дадавалі ў эфір Расія, Украіна ды Казахстан.
Выгоды падобнай інвестыцыі відавочныя: вы плаціце пэўную суму (у нашым выпадку — даволі буйную, паколькі шоу статуснае ды сусветна вядомае), а ўзамен атрымліваеце поўны цыкл вытворчасці. У дакументах прапісаныя, напрыклад, усе патрабаванні да абсталявання сцэны, расстаўлены аператарскія кропкі, дэталёва — ледзьве не да тыпу батарэек у мікрафоне — прапісаны тэхнічныя патрабаванні. Часам нават даецца доступ да базавых скрыптоў шоу, каб мясцовым сцэнарыстам было прасцей прапісваць характары вядучых ды ўсе нечаканыя твісты перадачы.
Алё ёсць і адваротны бок: карыстальнікі франшызы амаль ва ўсім павінны прытрымлівацца прапісаных правілаў. Нават дробязі трэба ўзгадняць, а нешта памяняць проста таму, што «прыехала начальства і сказала перарабіць» магчыма толькі за кошт велізарных штрафаў. Бо ўладальнікі брэнду дбаюць пра яго пазнавальнасць і гарантавана высокую якасць.
Што зразумела: спонсары ды рэкламадаўцы пад такія праекты ў цывілізаваных краінах выстройваюцца ў чаргу. І каб іх чаканні не расчараваць, кантроль якасці з боку праваўладальнікаў адбываецца пастаянна.
Што прыдумала Белтэлерадыёкампанія?
Вось цытата Эйсманта: «Зусім хутка аб'явім падрабязнасці другога сезона шоу талентаў. «Х-фактар» — гэта брытанская франшыза. У нас праект атрымае назву «Фактар-бай». Тое ж месца, людзі, суддзі, я спадзяюся. Тая ж прыгажосць, якую мы паспрабавалі зрабіць і ў гэтым годзе».
Калі казаць без эківокаў, айчыннае ТБ збіраецца скапіраваць чужую інтэлектуальную ўласнасць — і прысвоіць яе праз змену назвы. Іранічна, што такім чынам «Х-фактар» быццам вернецца да вытокаў ды сам пацерпіць ад таго манеўра, якім у 2004-м пакрыўдзіў Pop Idol.
Відавочна, што ў сучасным свеце падобныя рэйдарскія захопы немагчымыя. І не толькі таму, што справа падсудная з перспектывай атрымаць штрафы на дзясяткі мільёнаў даляраў. Куды больш складана «скапіпасціць» усе наладкі. Тое, што мы бачым на экране падчас эфіраў, — толькі вяршыня айсберга. Падгледзець жа на запісе камутацыю, нюансы пастаноўкі святла, дэталі працы з гукам (ад колькасці каналаў да сродкаў іх вываду) і шмат што яшчэ наўпрост немагчыма.
Метад спроб і памылак на тэлебачанні патрабуе велізарных выдаткаў. Тады як БТ, як і астатнія айчынныя кампаніі, маюць неабмежаваныя бюджэты толькі тады, калі справа тычыцца выключна прапаганды. Як след, атрымліваем слабыя рэалізацыі. Дастаткова глянуць праекты «Я ведаю» на «Беларусь 1» альбо «Гульня галавой» на «Беларусь 5»: паралелі з франшызамі шоу «Самы разумны» ды «Свая гульня» відавочныя.
Дык чакаць «атакі клонаў» у забаўляльнай сферы?
Падобна на тое. Уласная вытворчасць у гэтай сферы і раней беларускаму ТБ не вельмі добра давалася. Узагадаць хаця б скандал 2009 года з сіткомам «Тэарэтыкі».
Тады канал СТБ вырабіў кальку папулярнага серыяла «Тэорыя вялікага выбуху» — і з ганьбой праваліўся ўжо праз чатыры эпізоды. Нават годны акцёрскі склад (галоўныя ролі выконвалі зоркі каманды КВЗ «ЧП» Дзмітрый Танковіч ды Яўген Смарыгін) не мог выратаваць копію шоу Чака Лоры — жарты, пераведзеныя на рускую мову і ўжо чутыя гледачамі ў арыгінальнай стужцы, выглядзелі другаснымі. Да таго ж сам стваральнік серыяла пасля аднаго з эпізодаў на СТБ павесіў стоп-кадрам сатырычную абвестку пра беларускі плагіят. Чым і даканаў «Тэарэтыкаў».
Зараз жа і ўвогуле ствараць нешта самім складана: санкцыі абмяжоўваюць развіццё тэхнічнай базы БТ (напрыклад, «Х-фактар» здымалі на «Беларусьфільме»), а ізаляцыя краіны не дазваляе набываць нешта новае легальным метадам.
Наўрад ці суб-ліцэнзію возьмуцца распаўсюджваць і былыя партнёры кшталту Украіны, Казахстана альбо Прыбалтыкі. Дапамога «забаненай» краіне можа іх саміх пакінуць без франшыз і на доўгі час вывесці з кола кампаній, якім можна давяраць.
Таму застаецца толькі Расія — і вось тут ужо адкрываецца велізарнае поле для манеўра. Забаўляльная індустрыя ў суседняй краіне развіта на досыць годным узроўні, бо за часы незалежнасці там набылі ды запусцілі ў вытворчасць безліч шоу-праграм. Некаторыя «выбухнулі», іншыя праіснавалі менш за сезон. Але ў нашым выпадку цікавыя тэхналогіі ды апісанні працэсаў, што прайшлі праз ГРТ, РТР, НТБ і гэтак далей.
Беларускае ТБ, напэўна, возьме іх на ўзбраенне. А расійскае можа быць зацікаўлена ў палігоне, дзе можна копію «абкатаць» перад уласна расійскай адаптацыяй. Раней, канешне, гэта пацягнула б за сабою велізарны ланцуг позваў, па выніках якіх любы тэлеканал ператварыўся б у банкрута. Але прынцып «не да законаў» развязвае рукі для інтэлектуальнага крадзяжу.
Чаму футбол з серыяламі так скапіраваць не атрымаецца?
Таму што гэта зусім іншыя тэхналогіі. Услед за Лігай Еўропы, якую на «Беларусь 5» не паказалі нават падчас выступаў айчыннай зборнай, краіна, падаецца, будзе жыць без буйных турніраў пад эгідай УЕФА і на клубным узроўні. Цытата Эйсманта:
«У выніку санкцый на «Беларусь 2», хутчэй за ўсё не будзе амерыканскіх фільмаў. Таксама мы згубім частку спартыўнага вяшчання на «Беларусь 5». На Захадзе не хочуць, каб нашыя людзі глядзелі еўрапейскі футбол? Ды мы будзем глядзець айчынны і расійскі, слухаць нашыя гімны і глядзець на нашыя сцягі».
Спартыўныя мерапрыемствы з замежжа транслююцца па спадарожнікавых каналах і маюць закадзіраваны сігнал. Каб атрымаць да яго доступ, трэба заплаціць грошы — узамен дадуць настройкі па расшыфроўцы. Сістэма абароны сігналу даволі сур'ёзная. Таму скрасці яго, а пасля яшчэ і дэманстраваць на ўсю рэспубліку нелегальна нерэальна.
Серыялы ж трэба пампаваць са сховішчаў, да якіх таксама з «карветаў» БТ не дабрацца. Так, шэраг вядомых стужак медыяхолдынг трансляваў раней. Але тут як з анлайн-медыясэрвісамі: ты выдаткуеш грошы на пэўную колькасць паказаў ці на час, у межах якога можаш дэманстраваць кантэнт. Пасля ж таго, як тэрміны ўжывання сканчваюцца, доступ перакрываецца.
Вядомы хіт «Як я сустрэў вашу маму» айчыннае ТБ транслявала са спазненнем на сезон ці два, бо ў такім разе цэны ад праваўладальнікаў былі значна меншыя.
Іншы прыклад — ГРТ і эфіры серыяла «Шэрлак» ад ВВС. Расіяне дамовіліся з уладальнікамі франшызы, што падчас калядных святаў будуць паказваць прэм'еру адначасова з брытанцамі. За эксклюзіўнасць на сваёй тэрыторыі (ды яшчэ ў прафесійным рускамоўным дубляжы) канал аддаў шалёныя грошы. Аднак нават у гэтым выпадку па ўмовах кантракта павінен быў на хвіліну, але пазней уводзіць сігнал у эфір, каб ВВС усё роўна мела перавагу.
Таму тут нешта атрымаць «на халяву» наўрадці давядзецца. Хутчэй дзяржфільмафонд Расіі раскансервуе архівы — і разам з паўторамі «Івановых-Іванавых», «Салдат», «Татавых дачок», «Шчаслівых разам» ды іншых тамтэйшых серыялаў беларускі глядач па тысячнаму разу вымушаны будзе пераглядаць «Іронію лёсу» альбо «Карнавальную ноч». І гэта яшчэ ў лепшым выпадку…
Каментары