Прадстаўнікі праўладнай партыі ў першы ж дзень збору подпісаў дэманстратыўна парушылі закон
Першы пікет для збору подпісаў заўважылі 23 снежня на плошчы перад гомельскім «Новым універмагам». У мінулыя гады на гэтай пляцоўцы агітацыю праводзілі як праўладныя арганізацыі, так і апазіцыя. Сёлета збор подпісаў на гэтай плошчы быў забаронены праз рашэнне Гомельскага гарвыканкама, піша «Флагшток».
24.12.2023 / 14:52
Пікет па зборы подпісаў «Белай Русі». Фота: тэлеграм-канал Першага гарадскога тэлеканала
Дакумент, прыняты 7 снежня ў Гомельскім гарвыканкаме, змяшчае абʼёмны пералік забароненых лакацый. Сярод іх устаноўлены забароненыя месцы для збору подпісаў:
- бліжэй за 200 метраў да падземнага пераходу,
- бліжэй за 50 метраў да банкаў.
Менавіта гэтыя пункты і парушылі пікетчыкі «Белай Русі», арганізаваўшы там збор подпісаў.
Схема размяшчэння пікету «Белай Русі». Візуалізацыя: «Флагшток»
У адпаведнасці з тэкстам рашэння, кантроль за выкананнем гэтага закона ляжыць на намесніках старшыні гарвыканкама, гарадскіх кіраўніках адміністрацый раёнаў і начальніках раённых АУС Гомеля.
На пікеце прадстаўнікі праўладнай партыі «Белая Русь» збіралі подпісы за двух кандыдатаў: Сяргея Хахомава (рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны) і Уладзіміра Гаўрыловіча (старшыня прарэжымнага Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага абʼяднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»).
Чытайце таксама:
Марзалюка спісваюць ва ўтыль? «Белая Русь» выставіла яму канкурэнта на парламенцкія выбары
Гайдукевіч, Гігін, Шпакоўскі, Шаўцоў, Барсукоў і астатнія. Хто ў Мінску сабраўся ў дэпутаты