Гайдукевіч, Гігін, Шпакоўскі, Шаўцоў, Барсукоў і астатнія. Хто ў Мінску сабраўся ў дэпутаты
Станам на 23 снежня ў Мінску 45 чалавек зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў на вылучэнне сябе ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Дэпутат Алег Гайдукевіч, Дзмітрый Шаўцоў, пад кіраўніцтвам якога Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічаў у вывазе дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь, адзін з галоўных ідэолагаў рэжыму Лукашэнкі Вадзім Гігін, былы намеснік начальніка МУС Аляксандр Барсукоў, які за працу падчас пратэстаў у 2020 годзе патрапіў пад санкцыі ЕС, адыёзны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, які пад чырвона-зялёным сцягам паказваў фак пратэстоўцам у 2020 годзе, спікерка Генпракуратуры Анжаліка Курчак, якая змагаецца з чайлдфры ў краіне, — гэта адныя з тых, хто прэтэндуе на дэпутацтва ад Мінска.
Праект «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паглядзеў, за вылучэнне каго ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць збіраць подпісы ў Мінску.
Зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў скандальны кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, экс-дэпутат Дзмітрый Шаўцоў. Займае гэтую пасаду з верасня 2021-га. Ён актыўна выступаў і наракаў на «негуманнасць Еўропы» падчас разгару штучнага міграцыйнага крызісу і запомніўся яшчэ некалькімі заявамі — напрыклад пра тое, што гомасэксуальнасць патрабуе лячэння.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Чырвоны Крыж пад кіраўніцтвам Шаўцова заняўся ў тым ліку вывазам «на аздараўленне» (як яны гэта называюць) дзяцей з часова акупаваных украінскіх тэрыторый.
Улетку Шаўцоў адкрыта пацвердзіў, што ўдзельнічаў у вывазе дзяцей з Украіны ў Беларусь. Тады Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Шаўцова.
У дэпутаты таксама вырашыў пайсці вядомы прапагандыст Вадзім Гігін, цяперашні гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі. Раней ён узначальваў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. У звестках ЦВК пазначаны як сябра партыі «Белая Русь». Гігін вядомы сваімі прарасійскімі і антызаходнімі выказваннямі. Так, ён прапаноўваў «увесці нулявую талерантнасць да ўладальнікаў «Карты паляка»». Сёлета з ягонай ініцыятывы выключылі са школьнай праграмы «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.
Таксама Гігін уваходзіць у склад камісіі па вяртанні палітуцекачоў. У перадачы «Азарёнок. Напрямую» ідэолаг Лукашэнкі крытыкаваў канферэнцыю дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», якая прайшла 8 і 9 жніўня 2022-га ў Вільні. Ëн пагражаў апанентам рэжыму за мяжой забойствамі. Восенню 2022-га Гігін ездзіў назіральнікам на «рэферэндум» у так званую «Луганскую Народную Рэспубліку». Ён патрапіў у апошні санкцыйны спіс Еўрасаюза супраць Беларусі.
Паводле звестак ЦВК, сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за сваё вылучэнне ў дэпутаты зарэгістраваў былы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў, які займаў гэтую пасаду падчас пратэстаў у 2020 годзе. Супраць яго ўводзіліся санкцыі Еўрасаюза пасля прэзідэнцкіх выбараў — як ва ўжо далёкім 2010-м, гэтак і ў 2020 годзе.
У тлумачальнай частцы гаварылася, што ён асабіста каардынаваў разгоны дэманстрантаў, а таксама ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць апазіцыі. З 2011 да 2017 года Барсукоў быў кіраўніком мінскай міліцыі, з 2017-га — намеснікам міністра ўнутраных спраў. У 2020 годзе Аляксандр Барсукоў асабіста наведваў у ізалятары на Акрэсціна затрыманых падчас акцый пратэсту і здзекаваўся з іх. Потым міліцыянт заяўляў, што фактаў здзекаў нібыта зафіксавана не было.
У звестках ЦВК пазначана, што ён беспартыйны і працуе інспектарам па Мінску адміністрацыі Лукашэнкі. У 2022 годзе Барсукоў узяў на сябе куратарства над новым асобым атрадам спецыяльнага прызначэння «Рысь». Асноўнымі задачамі новага атрада заяўляліся «барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійнымі выведвальнымі групамі».
На Свіслацкім участку № 95 зарэгістраваў сваю групу адзін з галоўных прапагандыстаў Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Шпакоўскі. Пазначана, што ён з'яўляецца сябрам новазарэгістраванай партыі «Белая Русь». Месцам ягонай працы пазначана «дарадца-пасланнік амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі».
У 2021 годзе Шпакоўскі ўваходзіў у склад канстытуцыйнай камісіі, якая распрацоўвала папраўкі да Канстытуцыі. Трапіў у санкцыйныя спісы Украіны за падтрымку нападу на яе. Апошнім часам ён быў актыўным удзельнікам расійскіх прапагандысцкіх шоу.
У дэпутаткі вырашыла пайсці таксама начальніца ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі і рэдакцыйнай дзейнасці Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак.
Сёлета спікерка Генпракуратуры ў эфіры «НТВ Беларусь» абвясціла чайлдфры пагрозай «нацыянальнай бяспецы і нашай дэмаграфічнай палітыцы» ды «праяваю новай дэмакратыі». Яна пахвалілася прызнаннем «экстрэмісцкімі матэрыяламі» некалькіх тэлеграм-каналаў і акаўнтаў у сацсетках, прысвечаных чайлдфры.
Сваю ініцыятыўную групу зарэгістраваў таксама Дзмітрый Арыхоўскі — намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і ідэалагічнай працы «Выдавецтва «Беларускі дом друку». Цікава, што на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе ён быў старшынёй выбарчай камісіі на адным з участкаў у Мінску.
На дэпутацтва ў ніжняй палаце парламента прэтэндуе таксама старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспекі Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў.
Таксама на новы тэрмін у Палаце прадстаўнікоў прэтэндуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская — менавіта яна ініцыявала змены ў Крымінальны кодэкс, якія ўвялі смяротнае пакаранне за спробу тэрарыстычнага акту. Таксама яна з'яўлялася адказнай за падрыхтоўку законапраекта, які прадугледжваў магчымасць вядзення па крымінальных справах у дачыненні да памерлых.
На новы тэрмін таксама прэтэндуюць дэпутаты Васіль Панасюк і Іван Гардзейчык. У дэпутаты вырашыў пайсці памочнік старшыні Палаты прадстаўнікоў, сябра сакратарыята Палаты Мікалай Бузін. Вядома, што ён з'яўляецца палкоўнікам, доктарам ваенных навук, быў намеснікам начальніка па навуковай працы Генеральнага штаба.
У Першамайскім раёне сваю ініцыятыўную групу зарэгістраваў бадай самы скандальны дзейны дэпутат і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.
У 2022 годзе ён у складзе дэлегацыі сяброў ЛДПБ наведаў акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны нібыта з «гуманітарнай місіяй». Улетку Гайдукевіч падчас пасяджэння «штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь» выказаў прапанову, як зрабіць так, каб у прэзідэнты ў Беларусі не маглі нават тэарэтычна балатавацца людзі, не зацверджаныя зверху.
Сёлета адбыўся суд па так званай справе «аб падпале дому Гайдукевіча». 18 абвінавачаным былі вынесеныя жорсткія прысуды тэрмінам да 25 гадоў турмы.
У дэпутаты збіраецца таксама дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў. З лютага 2010 года ён займае пасаду намесніка старшыні Цэнтрвыбаркама — у тым ліку пад яго кіраўніцтвам адбываюцца выбары ў Беларусі, якія прызнаюцца міжнароднымі і нацыянальнымі назіральнікамі як несправядлівыя.
На дэпутацтва таксама прэтэндуе намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы на Мінскім падшыпнікавым заводзе Андрэй Ганусевіч. Раней ён займаў пасаду намесніка начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. З'яўляецца палкоўнікам унутранай службы, беспартыйны.
Што характэрна, свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі і іншыя асобы, якія маюць дачыненне да вайсковай службы. Напрыклад, начальнік Вайсковай акадэміі Генадзь Ляпешка, начальнік штаба Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Пашкоў.
Ідзе на новы тэрмін і член Камуністычнай партыі Беларусі, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч. Гэта былы першы сакратар Мінскага гаркама БРСМ і былы ідэолаг Мінгарвыканкама. Менавіта Клішэвіч у 2016 годзе на адкрыцці помніка Леніну ў Мінску біў і дапамагаў АМАПу затрымліваць Змітра Дашкевіча.
20 жніўня 2020 года падчас прадзяржаўнага роварнага прабегу дэпутат-камуніст паказваў на праспекце фак аўтамабілістам, якія сігналілі і выкрыквалі словы асуджэння.
Клішэвіч вядомы сваімі адыёзнымі выказваннямі. Так, напрыклад, у 2022 годзе ў эфіры ютуб-канала «СБ ТВ», каментуючы нараду ў Лукашэнкі, прысвечаную працы Парку высокіх тэхналогіяў, прапанаваў вазіць айцішнікаў з рыдлёўкамі ў Хатынь: «Каб прасякліся духоўнасцю».
Сваю ініцыятыўную групу зарэгістравала і беларуская лёгкаатлетка, якая выступае ў скачках у даўжыню і трайным скачку, Анастасія Мірончык-Іванова. Пазначана, што яна з'яўляецца сябрам нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы.
Цікава, што таксама на дэпутацтва прэтэндуе Анатоль Хішчанка. У апублікаваных ЦВК звестках ён пазначаны як беспартыйны пенсіянер. Але вядома, што ў 1999 годзе быў абраны членам Вышэйшай рады Ліберальна-дэмакратычнай партыі, а ў 2006 годзе па цяперашні час працаваў намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Але цяпер ён па нейкіх прычынах выйшаў з партыі. Раней Хішчана абіраўся дэпутатам абласнога савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання.
Свае ініцыятыўныя групы таксама зарэгістравалі дырэктаркі школаў, дырэктары каледжаў, намеснік гендырэктара «Белсаюздруку», намеснік начальніка «Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі», рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, загадчыца ў дзіцячым садку, педагагіня-псіхалагіня з Камуністычнай партыі Беларусі, трэнер, індывідуальны прадпрымальнік, галоўныя лекары мінскіх бальніц ды іншыя.
Пры гэтым былога кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука, які хацеў стаць дэпутатам, не зарэгістравалі.
«Скончылася мая выбарчая кампанія. На жаль, не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Фармальнай падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакументах. Хачу падзякаваць тым людзям, хто быў побач са мной у гэты няпросты час. Для мяне гэтыя людзі героі», — напісаў Дзмітрый у фэйсбуку.
Каментары