Хаўер Мілей афіцыйна напісаў Пуціну і Сі, што Аргенціны не будзе ў БРІКС
Прэзідэнт Аргенціны афіцыйна паведаміў членам БРІКС, што яго краіна не далучыцца да групы. Пра гэта паведаміў тэлеканал TN.
29.12.2023 / 15:32
Хаўер Мілей. Фота: яго інстаграм
У лісце аргенцінскі лідар напісаў, што не лічыць у дадзены момант дарэчным удзел краіны ў БРІКС.
БРІКС (англ. BRICS — скарачэнне ад Brazil, Russia, India, China, South Africa) — міждзяржаўнае аб'яднанне, першапачаткова саюз пяці дзяржаў: Бразіліі, Расіі, Індыі, КНР, ПАР.
1 студзеня 2024 года да саюза далучацца Егіпет, Іран, ААЭ, Саудаўская Аравія і Эфіопія. Таксама маюць далучыцца Інданезія і Турцыя.
Меркавалася, што БРІКС будзе саюзам дзяржаў, якія развіваюцца, а двухбаковыя адносіны паміж краінамі будуюцца на аснове неўмяшання, роўнасці і ўзаемнай выгады. З 2009 года ўрады краін БРІКС штогод сустракаюцца на афіцыйных самітах (перадапошні 14-ы саміт адбыўся 24 чэрвеня 2022 у КНР). Акрамя самітаў, сустрэчы праходзяць на ўзроўні кіраўнікоў МЗС, міністраў фінансаў і іншых.
Чатыры з пяці членаў уваходзяць у дзясятку найбуйнейшых дзяржаў свету па колькасці насельніцтва, па плошчы і ВУП, за выключэннем ПАР, якая займае дваццаць чацвёртае месца па плошчы і трыццаць другое — па ВУП. Агульная плошча краін БРІКС складае 39 746 220 квадратных кіламетраў, а агульная колькасць насельніцтва ацэньваецца прыкладна ў 3,21 млрд чалавек, што складае каля 26,7% сусветнай паверхні сушы і 41,5% насельніцтва планеты.
Усяго заяўкі на ўступленне ў арганізацыю падавалі 23 дзяржавы, у тым ліку Беларусь.
Чытайце таксама:
У Аргенціне выпусцілі купюры, якія ў 25 разоў перавышаюць намінал ранейшай самай вялікай
Новы прэзідэнт Аргенціны абвясціў план лібералізацыі эканомікі. У краіне пачаліся пратэсты