Дракахруст патлумачыў, чаму ў Беларусі пачалі шчаміць прарасійскія сілы

«Магчыма, зараз склалася нейкая канкрэтная сітуацыя, калі Лукашэнка адчуў нейкую небяспеку».

08.06.2024 / 07:56

Фота: Getty Images

У новым выпуску ТОКу палітолага Юрыя Дракахруста папрасілі патлумачыць прычыну таго, чаму рэжым Лукашэнкі пачаў шчаміць прарасійскія сілы. Напрыклад, на суткі кінулі прарасійскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву, быў закрыты тэлеграм-канал «Западнорусская Атлантида», які, як лічыцца, вёў прарасійскі палітолаг Усевалад Шымаў.

Як заўважае Дракахруст, «магчыма, улады ведаюць больш, чым мы з вамі» і нагадаў так званы «зліў папер Чарнова» з боку адміністрацыі Пуціна пра планы стварэння сеткі прарасійскіх СМІ і арганізацый, а таксама зліў «яшчэ адной стратэгічнай паперы адносна Беларусі».

«Такім чынам пра нас там (у Расіі — НН) не забываюць. І планы Пуціна 2002 года, калі ён прапаноўваў: «Давайце сямю губерніямі» (увойдзеце ў Расію — НН). Там памятаюць пра іх», — лічыць Дракахруст.

«Магчыма, зараз склалася нейкая канкрэтная сітуацыя, калі Лукашэнка адчуў нейкую небяспеку, і вырашыў іх крышачку прытармазіць. Магчыма, гэта нейкі ўнутраны імпульс пайшоў, бо мы бачылі, як на выбарах абсяклі крыльцы такім персанажам, як Бондарава, і іншым такога кшталту. Ва ўладу іх не пусцілі».

Чаму ж тады Лукашэнка дазволіў сёлета правесці Бессмяротны полк — акцыю, якую звычайна забараняў?

Юрый Дракахруст. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

На погляд палітолага, на рашэнне Лукашэнкі мог паўплываць «прамы ціск ці жаданне «давайце мы полк дазволім», бо полк — гэта не структура, не ўплыў. Полк прайшоў, сышоў і забыліся. А вось пранікненне розных людзей, розных агентаў уплыву — вось гэтага, зразумела, вельмі не хочацца, бо ўяўляецца небяспечным».

Як тлумачыць Дракахруст, нягледзячы на сумесныя з Расіяй эканамічныя праекты, тое, што прапаганда называе расійскія войскі сваімі, а сам Лукашэнка сустракаецца з Пушыліным (кіраўнік «ДНР»),

«ёсць перасцярога, што на мяккіх лапах «раз, два, тры», калі ўжо і на ўзроўні ідэалогіі і на ўзроўні цывільнага кіравання, а не проста войскаў высветліцца, а нашто нам Аляксандр Рыгоравіч? Ёсць бравыя генералы, якія любяць Расію. Можа быць так, як у свой час казаў Сталін Крупскай: «Мы ж можам знайсці іншую ўдаву Уладзіміра Ільіча».

А Лукашэнка, можа, гэта па фактах ведае, ці проста скурай адчувае. Таму лепш, каб такіх [прарасійскіх] людзей не было. Такім чынам паказвае, што нейкім чынам імкнецца кантраляваць тое, што яшчэ можа».

Глядзіце цалкам:

Чаму Лукашэнка столькі гадоў трымае прэс-сакратаркай Наталлю Эйсмант?

Які момант быў для Лукашэнкі самым траўматычным? Разважае Дракахруст

«Лукашэнка будзе размаўляць з народам, а мы за яго спінай — рабіць рэформы». Пра што казаў Фядута пасля перамогі Лукашэнкі ў 1994-м

Nashaniva.com