Ракаўскае прадмесце ўпрыгожылі незвычайнымі скульптурамі

Тэматыка гранітных работ адсылае да гісторыі гістарычнага раёна Мінска.

30.08.2024 / 12:50

Данііл Бірукоў са сваёй скульптурай «Беларускі дойлід». Фота: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Дзве скульптуры створаны студэнтамі 5-га курса мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сумесны праект «Мінскай спадчыны» прымеркаваны да Дня горада, які будзе адзначацца 8 верасня.

Творы маладых скульптараў пастаўлены на тэрыторыі былога хлебазавода № 1, які быў нядаўна рэканструяваны: старыя карпусы былі далікатна адрэстаўраваныя, а на свабоднай плошчы з’явіўся квартал сучаснай забудовы, якая сваімі формамі нагадвае гістарычную, а не капіруе яе.

Скульптура «Рукі, якія кормяць». Фота: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Першую скульптуру, якая мае назву «Рукі, якія кормяць», выканаў Іван Кірдун. Каменныя пальцы пяшчотна дакранаюцца да калосся на далоні, нагадваючы пра тое, што яшчэ нядаўна ў гэтым месцы выпякалі хлеб. 

Скульптура «Беларускі дойлід». Фота: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

Праца «Беларускі дойлід», выкананая Даніілам Біруковым, паказвае ў абагуленых формах чалавека, які трымае ў руцэ цэлы квартальчык разнастайных дамкоў. Скульптура, відавочна, прысвечана тым творцам мінуўшчыны і сучаснасці, якім мы абавязаны з’яўленню і захаванню гэтага ўтульнага гістарычнага раёна сталіцы. 

Урачыстая цырымонія адкрыцця скульптур адбудзецца ў часе святкавання Дня горада.

Разбурэнне стэрэатыпаў. Навукоўцы высветлілі, што шэдэўр беларускай скульптуры паходзіць з крайняга ўсходу Беларусі

Каго прызналі найлепшымі скульптарамі Беларусі 2024 года? Вось як выглядаюць іх творы

У Мінску паставяць помнік качцы, якая выгадавала птушанят на клумбе ў цэнтры горада

Сенсацыйная знаходка на Менцы — для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі гэту фігуру 1000 гадоў таму?

Ф. Раўбіч