«Замяталін напіўся на «Беларусьфільме» і пачаў страляць з пісталета». Латушка расказаў, як змог звольніць ідэолага

Лукашэнка дазволіў выгнаць Замяталіна пасля выбараў-2010.

09.09.2024 / 17:10

Уладзімір Замяталін у часы працы генеральным дырэктарам «Беларусьфільма». Скрын відэа: Brestkrepost / YouTube

Павел Латушка ў эфіры ток-шоу «Обычное утро» расказаў пра тое, як змог звольніць Уладзіміра Замяталіна — былога савецкага зампаліта расійскага паходжання, які ў 1990-я стаў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандру Лукашэнкі.

Замяталін быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказным за ідэалогію, а пасля віцэ-прэм'ерам. Яго называлі аўтарам двух беларускіх рэферэндумаў, хросным бацькам «Дажынак» і «Славянскага базару».

А калі Латушка працаваў міністрам культуры, Замяталін узначальваў кінастудыю «Беларусьфільм».

Латушка адзначае, што гэта быў чалавек, які «не лічыў, што ёсць беларуская мова і культура». Таму для Латушкі было важнай справай зрабіць так, каб Замяталін не меў ніякага дачынення да сферы культуры.

«Думка пра тое, як адхіліць Замяталіна, заўсёды круцілася ў маёй галаве», — прызнаецца былы міністр культуры. Але гэта было складана зрабіць праз тое, што былы галоўны ідэолаг быў вельмі блізкі да Лукашэнкі.

Але нечакана Замяталін сам падставіўся. Як згадвае Латушка, ён напіўся на кінастудыі «Беларусьфільм» і пачаў страляць з пісталета — сваёй асабістай зброі.

У той час у Беларусь прыехаў вядомы рэжысёр Эмір Кустурыца, але п'яны Замяталін не змог з ім сустрэцца. Такія паводзіны далі Латушку нагоду паскардзіцца Лукашэнку на дырэктара кінастудыі.

«Я схітрыў. Памятаю, калі мы адкрывалі Мірскі замак, я ішоў па лесвіцы з Лукашэнкам. … У мяне была нагода Лукашэнку сказаць: «Глядзіце, ён ужо п'е беспрабудна. Ён страляе з пісталета. Ён не сустракаецца з сусветна вядомым рэжысёрам».

Ён (Лукашэнка — НН) кажа: «Прыбірайце яго з пасады пасля выбараў» (маюцца на ўвазе прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 19 снежня 2010 года — НН)».

Латушка заўважае, што зняў Замяталіна, але Лукашэнка яму гэтага не дараваў.

«Ён паставіўся да гэтага вельмі крытычна. Якое я меў права адхіліць ад пасады генеральнага дырэктара нацыянальнай кінастудыі без згоды з ім? Але я яму прыгадаў нашу размову і ён сказаў: «Акей. Тады вы будзеце адказваць за сферу кіно».

Кебіч: «Гэта Замяталін прыдумаў, што Лукашэнка скраў у сцюардэсы фен»

«Па ступені нянавісці да беларушчыны побач з Замяталіным паставіць проста няма каго»

Экс-ідэолаг Замяталін учыніў скандал у «Еўраопце», бо яго абслужылі па-беларуску

Nashaniva.com