У Слоніме рэнесансны храм XVII стагоддзя пафарбавалі ў ярка-зялёны колер

Дзесяць гадоў таму прыход незаконна паставіў на храме XVII стагоддзя непрапарцыйна вялікія залатыя купалы-цыбуліны і выпраўляць нічога не збіраецца.

21.09.2024 / 15:04

Троіцкая царква ў Слоніме пафарбаваная ў ярка-зялёны колер. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Змены на Троіцкай царкве, якая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына». Як заўважаюць аўтары канала, такога колеру не магло быць у XVII стагоддзі праз адсутнасць устойлівых пігментаў.

Увогуле зялёны колер на фасадах аж да XX стагоддзя быў рэдкім праз сваю дарагавізну і непрактычнасць. Апошнія гады Троіцкая царква мела пастэльна-зялёны колер, а раней была проста пабеленай. Сапраўдны колер помніка невядомы, ён мусіць быць вызначаны пры правядзенні фізіка-хімічных даследаванняў фасадаў.

Троіцкая царква ў Слоніме пафарбаваная ў ярка-зялёны колер. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

У 2012 годзе было прынята рашэнне замяніць шатровы купал на кантаваны фігурны шлем, які можна пабачыць на фотаздымках 1930-х гадоў. Замена выклікала крытыку ў пэўных колах, маўляў, знішчылі аўтэнтыку і рэнесансны вобраз храма. Аднак гэта не так — шатровы дах на храме з'явіўся не раней за 1939 год. 

Троіцкая царква з шатровым завяршэннем. 2008. Фота: sobory.ru

Ніхто нават не ўяўляў, што мясцоваму святару гэтага будзе мала. Ужо ў 2015 годзе ён самавольна зняў купал, распрацаваны рэстаўратарамі, і паставіў на яго месца непрапарцыйна велізарную цыбуліну з залацістага нітрыду тытану — матэрыялу, упадабанага Рускай праваслаўнай царквой. Аналагічныя купалы былі пастаўлены над бакавымі рызніцамі. 

Храм з купалам, узноўленым па гістарычнай форме. 2014. Фота: Wikimedia Commons

Міністэрства культуры пацвердзіла незаконнасць гэтых дзеянняў, за самавольную замену ў 2016 годзе склалі адміністрацыйны пратакол. Аднак гэта ніяк не паўплывала на выгляд помніка. Як звычайна бывае ў такіх сітуацыях, пасля незаконных работ прыход патлумачыў, што ніяк не можа выправіць зробленае, бо не мае грошай. У выпадку са Слонімам у гэта цяжка паверыць, бо за два гады храм змяніў тры купалы. 

Замена купала царквы на велізарную цыбуліну. 2015. Фота: Gs.by

У 2020 годзе мясцовыя ўлады адказалі актывістам, што настаяцелю слонімскага прыхода, протаіерэю Дзмітрыю Сёмуху ўказана на неабходнасць узгадніць навукова-праектную дакументацыю. Сёмуха ж паведаміў, што навуковым кіраўніком на аб'екце была вызначана Наталля Голасава з праектнага філіяла «Белрэстаўрацыі» і вядзецца работа па ўзгадненні замены купалоў з Міністэрствам культуры.

Троіцкая царква з залатым купалам-цыбулінай. Фота: tabibito.ru

Залаты купал над рызніцай храма. Фота: Гугл Карты

Мінула яшчэ чатыры гады, і стала толькі горш: у давесак да незаконных цыбулін яшчэ і ненавукова змянілі колер старадаўняга храма, якому ўжо больш за 380 гадоў.

Троіцкая царква — гэта былы касцёл пры кляштары бернардзінцаў. У Слонім бернардзінцы былі запрошаны Янам Жарноўскім, які выдзеліў ім 3 000 злотых і пачаў выкупляць у горадзе землі пад будаўніцтва кляштара. 

Выкупленыя землі на вуліцы Спаскай першапачаткова належалі адной са старэйшых у горадзе праваслаўнай Троіцкай царкве, перададзенай пасля 1596 года ўніятам.

Храм з купалам, які набыў у выніку перабудовы ў царкву. Фота Адама Віслоцкага, зробленае ў 1923 годзе. Фота: Wikimedia Commons

У маі 1630 года епіскап Ежы Тышкевіч, які займаў пасаду адміністратара віленскай дыяцэзіі, даў згоду на будаўніцтва кляштара, затым пацверджаную епіскапам Абрахам Войнам.

30 мая 1639 года ў іх прысутнасці адбылося ўрачыстае закладанне фундамента пад мураваны касцёл. Пасля смерці фундатараў будаўніцтва кляштара працягвалі самі бернардзінцы. Былі ўзведзены аднавежавы касцёл і драўляны будынак кляштара. Працамі кіраваў майстар з Нясвіжа Шымон Тарашкевіч.

Касцёл, пабудаваны ў духу рэнесансу, асвяцілі ў гонар Святой Тройцы. У храме знаходзіліся два абразы Маці Божай, вядомыя сваімі цудамі. У 1655 годзе падчас вайны з Масковіяй Слонім быў заняты варожымі войскамі, а касцёл з кляштарам былі спалены.

У 1930-я гады, калі храм вярнулі католікам, купал набыў форму фігурнага шлема. Гэты купал быў адноўлены ў 2012 годзе, але прастаяў нядоўга. Фота: Wikimedia Commons

Пасля паўстання 1864 года кляштар быў закрыты. На будынкі касцёла і кляштара, акрамя праваслаўнай царквы, прэтэндавала 3-я артылерыйская брыгада, раскватараваная ў горадзе. Але ў выніку дамовы генерал-губернатара Мураўёва з мітрапалітам Іосіфам храм з кляштарам былі перададзеныя слонімскаму кліру.

Касцёл пераабсталяваны пад Троіцкую праваслаўную царкву ў 1866 годзе гродзенскім губернскім інжынерам Васілём Небальсіным, асвячоны ў 1867 годзе. Кляштар рэканструяваны архітэктарам Мікалаем Ціхвінскім пад духоўнае вучылішча.

Рамонт храма ў 2009 годзе. Фота: tikho.narod.ru

За польскім часам храм вярнулі католікам, якія перарабілі яго па сваім гусце. У гады нямецкай акупацыі храм быў перададзены праваслаўным вернікам.

Гэта далёка не першы выпадак, калі ў Беларусі малююць у дзіўныя колеры важныя гістарычныя помнікі. Найбольш кур'ёзны выпадак адбыўся пры рэстаўрацыі палаца Сапегаў у Ружанах. Сёння тры часткі ансамблю, якія аднаўляліся паслядоўна, памаляваныя абсалютна па-рознаму — ад кіслотна-зялёнай да пастэльнай гамы — і ніводны варыянт не адпавядае гістарычнаму. Зусім нядаўна ў ярка-зялёны колер пафарбавалі і адзін з будынкаў БНТУ, які выходзіць фасадам на праспект Незалежнасці.

Следам за Ружанамі. БНТУ перамалёўваюць у кіслотна-зялёныя колеры

Ружанскі палац перафарбуюць. Але выпраўляць будуць зусім не тое, чаго ўсе чакалі

Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні

У Стоўбцах раскапалі падмуркі касцёла, знішчанага саветамі. Плануюць аднавіць

Ф. Раўбіч