У Стоўбцах раскапалі падмуркі касцёла, знішчанага саветамі. Плануюць аднавіць
Мясцовая парафія ўжо некалькі гадоў крок за крокам падбіраецца да адбудовы велічнага помніка барока. Цяпер справа выйшла, відаць, на фінішную прамую.
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2024_08/youtube_thumbnail-28-b1bx8.png.webp)
Фотаздымкі з раскопак у цэнтры Стоўбцаў апублікаваў тэлеграм-канал «Спадчына».
На іх бачны вялікі раскоп, як мяркуецца, на месцы бакавой капліцы касцёла, у якой быў пахаваны святар Фабіян Малішоўскі. Ад былога храма захаваліся значныя, на ўсю вышыню фрагменты сутарэнняў, у якіх бачныя праёмы.
У раскопах былі выяўлены фрагменты багатага ўнутранай аздобы. А цэглу, выяўленую ў раскопах, складаюць у кубы, каб пасля, відаць, выкарыстаць паўторна. Па ўсім відаць, што гэтыя археалагічныя работы папярэднічаюць аднаўленню святыні.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/youtube_thumbnail-29-wjtju.png.webp)
Раней стаўбцоўскія каталікі ўжо прэзентавалі свае праектныя напрацоўкі па адбудове капліцы, дзе калісьці змяшчалася труна з целам Фабіяна Малішоўскага. У кастрычніку 2023 года ім для гэтага перадалі ў карыстанне зямельны ўчастак, дзе калісьці стаяў старадаўні касцёл.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/photo_2024-08-21_17-34-59-nigld.jpg.webp)
У канцы 2022 года парэшткі святара былі ўрачыста перазахаваныя ў новым гарадскім касцёле. Яго парэшткі былі выяўленыя ў час папярэдніх раскопак у касцёле. Іх прыналежнасць да Фабіяна Малішоўскага пацвердзілі эксперты Следчага камітэта.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/photo_2023-11-17155619-l3izj.jpeg.webp)
Дамініканская святыня
Дамініканцы былі паселеныя ў Стоўбцах яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя. Будаўніцтвам жа мураванага касцёла Святога Казіміра з 1640 года кіраваў прыёр дамініканскай місіі Фабіян Малішоўскі, які пасля сваёй смерці быў пахаваны ў бакавой капліцы святыні.
Кляштар дамініканцаў быў, як і большасць у краі, скасаваны пасля паўстання 1830—1831 гадоў. Але касцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны. У гэты час, у 1838—1839 гадах з боку Рынкавай плошчы і была пабудаваная трохпралётная брама-званіца. На ёй размяшчаліся тры званы, якія важылі 15, 10 і 5 пудоў.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/mycollages-34-grvbl.jpg.webp)
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/stopcy_rynak-kacielny__-_1900-dfaip.jpg.webp)
У адрозненне ад касцёла, які ў каталікоў забралі пасля паўстання 1863 года і да непазнавальнасці перабудавалі ў праваслаўную царкву Святой Марыі Магдалены, брама асаблівых зменаў не зведала.
У 1920-х гадах званіца была разбураная, а на яе месцы пабудаваныя гандлёвыя рады, якія захоўваліся да апошняга часу. Пры паляках царква была зноў перабудавана ў касцёл, але пра гістарычнасць яго выгляду можна спрачацца — надзейныя графічныя крыніцы, якія б паказвалі касцёл да расійскай перабудовы, на сёння не выяўленыя.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/stopcy_daminikanski___j_buhak_1920-39_5-skpxy.jpg.webp)
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/mycollages-35-vlhac.jpg.webp)
Цела айца Фабіяна, якога католікі лічылі святым, пасля перабудовы касцёла пад царкву было перапахавана ў 1867 годзе на могілках. Але пасля палякі вярнулі яго на пачэснае месца ў капліцы касцёла, а дамініканцы дамагаліся яго кананізацыі.
У час Другой сусветнай вайны храм пацярпеў нязначна, але быў знішчаны савецкімі ўладамі ў рамках хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі.
На шляху да аднаўлення
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/photo_2023-11-17144737-bdb92.jpeg.webp)
У 2022 годзе горад прымаў абласныя «Дажынкі», вядомыя сваім радыкальным (і часта спрэчным) падыходам да ўпарадкавання гарадоў. Не пазбеглі гэтага і Стоўбцы. Быў знесены стары мадэрнісцкі тэатр, перабудаваныя нешматлікія даваенныя камяніцы, а таксама былі знішчаныя міжваенныя гандлёвыя рады.
Але нечакана на іх месцы пачалі адбудоўваць браму-званіцу. На яе завяршэнне пайшоў амаль год. Над яе ўваходам размешчаная выява Маці Божай Снежнай, якая калісьці ўшаноўвалася ў горадзе.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_11/photo_2023-11-17155455-kf2vj.jpeg.webp)
Архітэктары, аднак, адзначаюць, што хоць пры адбудове прытрымліваліся гістарычнага выгляду, але дэталіроўка збудавання досыць грубая і недакладная, што пакідае ўражанне «пенапластава-фанернай бутафорыі».
Прычына ў тым, што тэрыторыя былога касцёла, нягледзячы на тое, што актывісты падавалі адпаведныя прапановы згодна з заканадаўствам, дагэтуль не прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Такі статус, напрыклад, маюць падмуркі касцёла Святога Тамаша Аквінскага ў Мінску.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_08/sdfsf-520e7.jpg.webp)
Без гэтага статусу пры аднаўленні гістарычных будынкаў прысутнасць навуковага кіраўніка і ўзгадненне праекта са спецыялістамі Міністэрства культуры не патрабуецца. У выніку атрымліваецца агулам падобна да гістарычнага аб'екта, але вельмі недакладна ў дэталях, а таму такое аднаўленне нельга лічыць навуковым.
Паводле інфармацыі Беларускага расследавальніцкага цэнтра, стаўбцоўскі ксёндз Ігар Лашук мае цесныя фінансавыя сувязі з бізнэсоўцам Аляксандрам Зайцавым, якога часам называюць «кашальком» сям'і Лукашэнкаў. Але сам Лашук у сваіх допісах тлумачыў, што ў сённяшніх умовах іншага выйсця для каталіцкай грамады папросту не застаецца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары