Культура1616

Які колер пасуе касцёлу Святога Язэпа — белы ці жоўты? Эстэтычная спрэчка з-за перафарбоўкі святыні

Самы вялікі па плошчы стары мінскі храм — Святога Язэпа — падчас рэстаўрацыі змяніў колер. Звыклы белы фасад стаў пясочны. Праз гэта пачалася дыскусія — некаторыя абураюцца, што храм ператварылі ў «пернікавы домік». «Гэта за расійскім часам усё перафарбавалі ў казённы белы ці казённы жоўты», — кажа рэстаўратар.

Цяперашні будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: t.me/spadczyna

Касцёл Святога Язэпа стаіць у Верхнім горадзе Мінска на вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Гэта помнік архітэктуры позняга барока, ён мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Каталіцкая святыня ў камунальнай уласнасці. Улады шмат год абяцаюць аддаць храм вернікам, але там пакуль размешчаны архіў.

Рэстаўрацыйныя работы вядуцца пад кіраўніцтвам архітэктара Рамана Забелы з навукова-праектнага цэнтру «Рэстабіліс».

«Выгляд барочных храмаў, які вядомы нам, — вынік шматлікіх перафарбовак, бо барочныя храмы не былі аднатоннымі (і тым больш белымі), але нам амаль не даводзілася бачыць іх у гістарычнай афарбоўцы», — піша тэлеграм-канал «Спадчына» наконт рэстаўрацыі.

Аўтары згадваюць прыклады аднаўлення колеравага рашэння — Брыгіцкі касцёл у Гродне, касцёл Божага Цела ў Нясвіжы.

Ранейшы белы будынак касцёла Святога Язэпа. Фота: poshyk.info

Эксперт «Нашай Нівы», даследчык беларускай мінуўшчыны, які папрасіў аб ананімнасці, адзначае, што помнікі архітэктуры, якія мы бачым сёння, не заўжды мелі звыклы нам выгляд. Звычайна іх шчодра расквечвалі, адпаведна з густамі эпохаў і магчымасцямі ў розны час.

«У эпоху барока храмы былі рознакаляровымі. Афарбоўка імітавала розныя адценні каштоўных камянёў, часам дадавалі выявы скульптур, фрэскі на фасадах, — даводзіць эксперт. — А той выгляд, з якім мы зжыліся цягам апошніх двух стагоддзяў, храмы набылі за расійскім часам, калі ўсё было пафарбавана ў белае і жоўтае, што стала сінонімам казёншчыны. Часам, насамрэч, не маючы іншых магчымасцяў, храмы густа бялілі. У гэтым быў і рацыянальны сэнс: вапна забівае грыбкі і цвіль».

Эксперт лічыць, што новая афарбоўка зрабіла касцёл Святога Язэпа больш заўважным.

«Большасць нават менчукоў не здагадваецца пра ягонае існаванне і гісторыю, — даводзіць ён. — Таму гэта выдатны і бязбольны спосаб яго вярнуць у прастору горада! Для неабазнаных пакуль ён глядзіцца дзіўна. Але такому колераваму рашэнню папярэднічалі доўгія даследаванні і аналізы, зандажы сценаў, падбор колераў».

Гараджане тым часам дыскутуюць у сацсетках наконт удачлівасці абранага калеру.

«Пернікавы домік», — параўноўваюць.

«Раней проста не было каляровых фота, — мяркуе яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, — а чыстая вапнавая пабелка была або бежавая, або блакітная. Так што каб і хацелі беленькім зрабіць, то не атрымалася б!»

Касцёл Святога Язепа цяпер. Фота: t.me/spadczyna

Некаторыя настойваюць, што для іх больш звыклы белы колер храма. Разам з тым яны прызнаюць, што каталіцкія храмы фарбавалі і ў жоўты.

«Калі не памыляюся, жоўты колер прыйшоў бліжэй да канца XVIII стагоддзя і быў больш характэрным для класіцызму», — гаворыцца ў адным з каментароў.

«Спадзяюся, гэтая каларыстыка мае нейкую навуковую абгрунтаванасць? Нехта ж мусіў перад рэстаўрацыяй рабіць даследаванне?» — задаюцца пытаннем у каментарах.

«Перад тым, як сцябацца, каторы б займеў сабе клопат пагаварыць з навуковым кіраўніком, дарэчы, не горшым архітэктарам-рэстаўратарам з маладога пакалення, але ўжо з пэўным досведам выканання работ на помніках архітэктуры», — адказваюць у адным з каментароў.

«Да кіраўніка прэтэнзій нуль, але выглядае дзіўнавата», — не пагаджаюцца.

На Віцебшчыне не засталося райцэнтраў, у якіх няма сталага каталіцкага храма. Асвяцілі касцёл у Сянне ФОТЫ

На мінскай царкве ўстанавілі самы вялікі купал у Беларусі. Яго вага — 12 тон

Мінскія ўлады адмовілі вернікам Чырвонага касцёла на просьбу маліцца ў касцёле або каля яго

Каментары16

  • Jahor
    09.11.2022
    Падкрэсленыя элементы фасаду, на якія ніхто не звяртаў увагі.
  • маленькая архітэктарка цемры
    09.11.2022
    а мае ж вы вочы... 
    калі нават не браць у разлік колеры, то... а якасць фарбаў і выканання? дзіч
  • Змагар Мазырскі
    09.11.2022
    Добра хоць што ня зьнесьлі і на падмурку не пабудавалі лядовы палац
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ярмошына: Мой бацька-ўкраінец браў удзел у першай СВА — выбіваў Бандэру з лясоў на Валыні

Ярмошына: Мой бацька-ўкраінец браў удзел у першай СВА — выбіваў Бандэру з лясоў на Валыні

Усе навіны →
Усе навіны

Кальцавую лінію мінскага метро пачнуць будаваць ад «Пушкінскай» да плошчы Бангалор

Беларусам сталі прыходзіць адмены запісаў на нямецкую візу пасля года чакання4

У двары бабруйскага шматпавярховіка загарэўся мужчына1

Выйшлі на волю палітвязні Драздоў, Пашкевіч і Кандрасюк

У мінскіх крамах стала менш прадавацца беларускіх прадуктаў5

Трох парасят пакінулі паміраць з голаду на мастацкай выставе. Але жывёлы зніклі3

Таямніца таго, чаму жанчыны старэюць пазней за мужчын, магчыма, раскрытая18

Полацкія памежнікі затрымалі ўкраінца, які спрабаваў трапіць з Латвіі ў Беларусь

У Пружанах ужо +18,5°С!1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ярмошына: Мой бацька-ўкраінец браў удзел у першай СВА — выбіваў Бандэру з лясоў на Валыні

Ярмошына: Мой бацька-ўкраінец браў удзел у першай СВА — выбіваў Бандэру з лясоў на Валыні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць