«Для працяглага жыцця гэта краіна, напэўна, не падыходзіць». Чым Грузія робіцца падобнай да Беларусі і чаму беларусам лепш у Польшчы
Апошнім часам стала вядома пра некалькіх беларусаў, якім не дазволілі вярнуцца ў Грузію пасля так званага візарана — выезду з гэтай краіны для абнулення тэрміну дазволенага знаходжання. На штампе, якім тлумачыліся адмовы, было пазначана: «іншыя прычыны». Многія звязваюць гэта з уплывам Расіі. Журналіст выдання Most пагаварыў з беларускім айцішнікам Алегам (імя змененае), які больш за два гады жыве ў Тбілісі, пра тое, ці ідзе Грузія беларускім шляхам, як тут эмігрантам і ці не думаюць беларусы з'язджаць.
11.10.2024 / 22:11
Агітацыйны плакат кіроўнай партыі «Грузінская мара», на ім элемент сцяга Еўрасаюза. Фота з архіва Алега
«Як наш вусаты таварыш»
Сёлета ў парадзе ў гонар Дня незалежнасці Грузіі (ён адзначаецца 26 мая) упершыню не браў удзелу амерыканскі вайсковы кантынгент. Праз тыдзень пасля ўрачыстасцяў дэпутаты прынялі закон аб замежных агентах. А яшчэ праз некаторы час прэм'ер-міністр Іраклій Кабахідзэ загаварыў пра забарону празаходніх партый.
З 2012 года краінай кіруе папулісцкая і кансерватыўная партыя «Грузінская мара» — цяпер у яе роўна палова месцаў у парламенце. Алігарх і лабіст расійскіх інтарэсаў Бідзіна Іванішвілі — яе заснавальнік і ганаровы старшыня. Менавіта з ягоных вуснаў часта гучаць заявы, якія потым абмяркоўвае ўся Грузія.
Нядаўна «Грузінская мара» стала прасоўваць наратыў, што ў расійскім нападзе на Грузію ў 2008 годзе вінаваты тагачасны ўрад Міхаіла Саакашывілі, а цяпер грузінам трэба папрасіць прабачэння перад асецінамі. Вяртаць страчаныя тэрыторыі ён прапануе праз перамовы.
«Гэтая партыя па-папулісцку сумяшчае супярэчныя адзін аднаму сцвярджэнні, — лічыць Алег. — Пару месяцаў таму быў выступ Іванішвілі, у якім ён казаў, што мы і тэрыторыі вернем [шляхам перамоў з Расіяй], і ў Еўрасаюз на наступным тэрміне ўступім. Ён як наш вусаты таварыш: кажа адно, потым іншае — зусім несумяшчальныя рэчы».
Па словах Алега, расійская прысутнасць у Грузіі робіцца ўсё больш прыкметнай. Стала больш турыстаў з Расіі, асабліва пасля таго, як краіны аднавілі авіязносіны ў 2023 годзе. Прыходзіць у Грузію і расійскі бізнэс.
«Усё больш сэрвісаў расійскіх сюды прыходзіць, — працягвае беларус, — той жа «Яндэкс», розная дастаўка, OZON хутка запрацуе, ужо пра Wildberries нешта кажуць. У цэлым усё больш і больш расійскага будзе заходзіць на рынак».
«Да нашых міліцыянераў яшчэ далекавата, але курс у гэты бок ёсць»
У канцы кастрычніка ў Грузіі пройдуць парламенцкія выбары. Паводле апытання, якое правялі на замову апазіцыйнага тэлеканала, за «Грузінскую мару « гатовыя прагаласаваць 33% выбарцаў. Апытанне, праведзенае праўладным тэлеканалам, дае кіроўнай партыі 59,5%.
Алег кажа, што «Грузінскую мару» падтрымліваюць у асноўным людзі старэйшага ўзросту. Падзел па палітычных поглядах у Грузіі, па яго назіраннях, падобны на беларускі: моладзь — больш праеўрапейская, старэйшае пакаленне — больш кансерватыўнае.
«Цяпер тут на кожным кроку плакаты, якія агітуюць за «Грузінскую мару», — расказвае Алег пра перадвыбарчую атмасферу ў краіне. — На іх разбураныя ўкраінскія гарады, будынкі, школы і нумары апазіцыйных партый — маўляў, калі будзеце галасаваць за іх, то атрымаеце вайну, як ва Украіне. А калі будзеце галасаваць за нас, то будзе мір».
Агітацыйныя плакаты кіроўнай партыі «Грузінская мара», на ім разбураныя будынкі і камунікацыі ва Украіне і цэлыя — у Грузіі. Надпісы: «Не вайне» і «Выберы мір». Фота з архіва Алега
Мужчына кажа, што калі «Грузінская мара» абвесціць сябе пераможцай, то пратэсты, хутчэй за ўсё, будуць. Пытанне толькі ў іх масавасці. Да прыкладу, на акцыі супраць «закона аб замежных агентах» выходзіла шмат людзей, яны працягваліся доўга, але праз нейкі час сышлі на нішто.
Па словах Алега, падчас тых пратэстаў паліцыя паводзіла сябе жорстка: разганяла людзей, ужывала спецсродкі і газ. Ён называе такія паводзіны «міні-дэмкай беларускіх міліцыянераў».
«Вядома, да нашых ім яшчэ далекавата, але курс у гэты бок ёсць, — працягвае беларус. — Таксама былі выпадкі, калі «цітушкі» разбівалі вокны ў офісах апазіцыйных партый».
«Не пускалі тых, хто займаўся беларускім актывізмам»
Беларускі шлях Грузіі адбіўся і на беларусах, якія жывуць у гэтай краіне. У Грузіі беларусы могуць знаходзіцца без візы або ДНЖ 360 дзён. Затым многія проста выязджаюць з краіны і заязджаюць зноў, абнуляючы тэрмін знаходжання. Гэта называецца «візаран».
Як правіла, усё праходзіць лёгка. Але апошнім часам стала вядома пра некалькі выпадкаў, калі грамадзян Беларусі разварочвалі на грузінскай мяжы пасля візарана і ставілі ў пашпарт штамп аб забароне на ўезд. Нядаўна ў такую сітуацыю трапіў журналіст Андрэй Мялешка, які вяртаўся ў Грузію са сваёй дачкой. А ў красавіку гэтага года ва ўездзе адмовілі заснавальніку беларускай дыяспары ў Аджарыі Яўгену Гацаку.
«З навін і чацікаў дыяспары я ведаю, што за апошні час чалавек з пяць не пусцілі назад, — кажа Алег. — У асноўным не пускалі тых, хто займаўся нейкім беларускім актывізмам. Аднак быў выпадак, калі не пусцілі беларуску, якая быццам бы не была актывісткай, але яна ў інстаграме падтрымлівала грузінскія пратэсты. Магчыма, праз гэта яе і не пусцілі».
«Можна піць алкаголь каля паліцэйскіх — і ўсё будзе нармальна»
У цэлым жыццё ў Грузіі Алегу падабаецца. Ён кажа, што там бяспечна, Няма праблем з легалізацыяй, ёсць беларусы, прыгожая прырода і цёплы клімат — нават зімой тэмпература рэдка апускаецца ніжэй за 10 градусаў. А яшчэ нізкія падаткі і жыллё таннейшае, чым у Еўропе.
Алег адзначае, што калі справа не тычыцца пратэстаў, грузінская паліцыя паводзіць сябе спакойна. Падчас масавых мерапрыемстваў і святаў ніхто не ставіць турнікеты і металадэтэктары.
«Тут усё прасцей, паліцыя на расслабоне, яе амаль не бачыш. Тут людзі нават могуць спакойна піць алкаголь каля паліцэйскіх — і ўсё будзе нармальна», — запэўнівае беларус.
«У Польшчы ўсё падабаецца, але часам сумуюць па Грузіі»
З мінусаў жыцця ў Грузіі ён называе праблемы з працай, «калі ты не айцішнік», а таксама старыя пабудовы, якія не зазналі рамонту, дарагія прадукты харчавання і складаная мова, якую, паводле яго слоў, можна і не вучыць: моладзь добра ведае англійскую, а людзі старэйшыя — рускую.
«У цэлым жыццё тут даволі лайтовае, — падводзіць вынік беларус. — Але для працяглага жыцця гэта краіна, напэўна, не падыходзіць: калі ты з сям'ёй, з дзецьмі. Без ведання грузінскай будзе праблематычна і працу ўсім знайсці, і дзіцяці вучыцца. Каб асесці, напэўна, лепш выбіраць Польшчу — там і з мовай прасцей, і ўладкавацца банальным рознарабочым лягчэй».
Алег з самага пачатку разглядаў Грузію як перавалачны пункт, але жыве тут ужо больш за два гады. Плануе пераехаць у Польшчу на працягу наступных двух, але дапускае, што прымаць рашэнне прыйдзецца раней — калі сітуацыя ў каўказскай краіне рэзка пагоршыцца, напрыклад калі беларусаў будуць выдаваць рэжыму Лукашэнкі, пачнуцца канфлікты або ваенныя дзеянні.
«Многія беларусы з часам пераязджаюць адсюль у Польшчу, — дзеліцца назіраннямі мужчына. — Тыя, хто пераехаў, пішуць, што ім усё падабаецца, але часам сумуюць па Грузіі».
Грузія не пусціла пенсіянераў-турыстаў з Беларусі. Вось што стала прычынай
Беларускамоўнай айцішніцы з EPAM, якая вярнулася з Грузіі, пагражае да дзесяці гадоў калоніі
У Грузіі прынялі закон аб забароне прапаганды ЛГБТ і змене полу
«Дачка плакала». Журналіст Андрэй Мялешка пра тое, як іх з дачкой высылалі з Грузіі