У Нігерыі мінімум 147 чалавек загінулі пры выбуху бензавоза. Яны спрабавалі сабраць разлітае паліва

На поўначы Нігерыі ў штаце Джыгава ў ноч на сераду выбухнуў бензавоз, загінулі і пацярпелі сотні людзей. Целы многіх загінулых абгарэлі настолькі, што іх немагчыма апазнаць, паведамляе Бі-бі-сі.

16.10.2024 / 21:44

Скрыншот з відэа

Бензавоз перакуліўся пасля таго, як яго кіроўца страціў кіраванне, познім вечарам аўторка.

«Мы прыклалі ўсе намаганні, каб ніхто не падыходзіў да бензавоза, але, нягледзячы на тое, што мы адчапілі месца здарэння, людзі прарваліся, каб сабраць паліва, і пачаўся пажар», — расказаў Бі-бі-сі прадстаўнік мясцовай паліцыі.

Нігерыйская паліцыя паведаміла, што ў выніку выбуху бензавоза загінулі мінімум 147 чалавек. Загінулыя спрабавалі збіраць працёклае паліва, кошт якога ў Нігерыі за апошні год вырас у пяць разоў.

Большасць ахвяр выбуху ўжо пахаваныя ў брацкай магіле.

Кіроўца бензавоза не пацярпеў. Яго затрымалі на час правядзення расследавання.

Падобныя інцыдэнты ў Нігерыі — не рэдкасць. Так, у верасні гэтага года 59 чалавекі загінулі ў штаце Нігер, калі бензавоз сутыкнуўся з грузавіком, які перавозіў жывёлу і людзей.

Толькі за 2020 год, паводле падлікаў мясцовых уладаў, у Нігерыі адбылася 1531 аварыя з бензавозамі. У суме яны забралі 535 жыццяў.

Дзе знаходзяцца краіны з самым маладым насельніцтвам?

Жыхары Нігерыі і ПАР зладзілі самы сапраўдны здзек з таксістаў эстонскай кампаніі

У Нігерыі падчас пратэстаў арыштавалі 7 палякаў за «размахванне расійскімі сцягамі». Імі аказаліся студэнты і выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта

Расія спрабуе дэстабілізаваць Нігерыю. Упадзе яна — упадзе ўся Заходняя Афрыка

Nashaniva.com