«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка

Літва правярае і будзе правяраць беларусаў на «пагрозу нацыянальнай бяспецы», сказаў у каментары тэлеканалу «Белсат» адносна справы Васіля Верамейчыка міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас. Таксама справу пракаментавала міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

21.11.2024 / 17:45

Міністр нацыянальнай абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас. Фота: Белсат

Міністр нацыянальнай абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас адказаў тэлеканалу «Белсату», што асабіста не знаёмы з сітуацыяй вакол Верамейчыка, але запэўніў, што інстытуцыі Літвы працуюць паводле сваіх алгарытмаў:

«Калі былі нейкія звесткі, што ён можа быць звязаны з рэжымам ці нейкай іншай рызыкай, зрабілі такое рашэнне. Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла».

Ён паўтарыў, што «трэба глядзець у гэтую канкрэтную сітуацыю», а правяраць кожную сітуацыю мусіць правяраць Дэпартамент міграцыі. У той жа час чыноўнік дадаў, што пераезд Верамейчыка ў В’етнам наўрад ці быў «найлепшым варыянтам», бо В’етнам мае сувязі з Расіяй і Аляксандрам Лукашэнкам.

Верамейчык — далёка не першы беларус, якога ў Літве назвалі «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Чаму Літва бачыць пагрозу нават у тых, хто змагаецца супраць рэжыму Лукашэнкі ці расійскай агрэсіі? Кашчунас адказаў, што трэба «глядзець індывідуальна на кожны аспект» — і што Літва, маўляў, так і робіць.

«У нас беларусаў шмат, — расказвае Кашчунас. — Пытанне, наколькі мы можам сітуацыю кантраляваць, наколькі гэта небяспечна для нашай краіны ці не. Напрыклад, калі прыязджаюць людзі, якія па-сапраўднаму працуюць з рэжымам, то гэта нядобра для нашай бяспекі. Ну і нашыя фільтры цяпер пачынаюць працаваць — працуюць так, як яны могуць працаваць, вось і ўсё. Павінны правяраць людзей, якія хочуць тут жыць. Нармальна».

Несправядлівага стаўлення да беларусаў у Літве Кашчунас не бачыць:

«Кожная дзяржава думае пра сваю нацыянальную бяспеку. Калі ёсць факты такія, што людзі, якія тут пражываюць, але яны прыязджаюць дамоў у Беларусь, рэгулярна гэта робяць, тады пытанне, чаму яны так робяць: ёсць нейкая сувязь з рэжымам, ці няма такой сувязі з рэжымам? Можа, яны атрымліваюць нейкія заданні ў Беларусі, потым прыязджаюць сюды і выконваюць тут гэтыя заданні. Гэта ж, ведаеце, можна адкрыць усю мяжу, каб усе прыязджалі, а сэнсу з таго? Дзяржава ж павінна правяраць, хто тут жыве. Нармальна».

Ці можа пасля выпадку Верамейчыка змяніцца падыход?

«Бываюць такія выпадкі, што не праверыш — і будзеш мець інцыдэнт, — адказаў Кашчунас. — Канешне, трэба глядзець акуратна. Не пытанне, трэба акуратна глядзець, каб не было такіх сітуацый».

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце ў каментары «Белсату» сказала, што літоўскія інстытуцыі і ў прыватнасці Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі мусяць патлумачыць сітуацыю з Верамейчыкам, бо магчыма, што ёсць больш інфармацыі, чым апублікавана цяпер. Пакуль жа яна можа казаць толькі пра публічную інфармацыю. Рашэнні пра Верамейчыка — пытанне не МУС, а інстытуцыі, якая адказвае за дзяржаўную бяспеку. 

Агне Білатайце. Фота: Белсат

Затрыманага ў В’етнаме былога вайскоўца палка імя Кастуся Каліноўскага Васіля Верамейчыка экстрадавалі ў Беларусь тыдзень таму, адразу пасля затрымання. Перад гэтым Літва прызнала яго «пагрозай нацыянальнай бяспецы» за тое, што ў 2010-2016 гадах мужчына служыў у беларускім войску. Забарона была распаўсюджаная таксама на ўвесь Еўрасаюз. Таксама ў выніку канфлікту са штабам Палка Кастуся Каліноўскага Верамейчыку нібыта быў закрыты ўезд ва Украіну.

«Забароны на ўезд ва Украіну ад ГУР не існуе». Полк Каліноўскага пракаментаваў арышт Васіля Верамейчыка

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА

Nashaniva.com