У Купалаўскім тэатры адбылася першая прэм'ера сезона. Гэта трагікамедыя Дастаеўскага з Няфёдавай у галоўнай ролі

Рэжысёр — расіянін Дзмітрый Акімаў.

24.11.2024 / 13:36

Першай прэм'ерай 105-га тэатральнага сезона ў Купалаўскім тэатры стаў спектакль «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага. Працаваць над ім зноў запрасілі расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава — раней ён ставіў у Купалаўскім «А зоры тут ціхія».

«Дзядзечкаў сон» ідзе на беларускай мове. Расійскі рэжысёр нават пахваліўся, што падчас працы над другім спектаклем для Купалаўскага тэатра ў яго ўжо не ўзнікала складанасцей праз мову:

— Я спакойна ўваходжу ў матэрыял, часам без падрадковага перакладу на расійскую мову ўсё зразумела.

Ён таксама падкрэсліў:

— Я не пераводжу гісторыю ў сучаснасць. Класіка актуальная па-за часам, у ёй закранаюцца тэмы, што хвалююць нас заўсёды, напрыклад заганы грамадства, якія даследуе Дастаеўскі.

«Дзядзечкаў сон» — гэта гісторыя пра энергічную даму Марыю Маскалёву, якая гатовая на ўсё, абы ўдала выдаць замуж адзіную дачку. Мабыць сімвалічна, што ролю беспрынцыпнай гераіні грае мастацкая кіраўніца тэатра Вользе Няфёдавай. Трэба адзначыць, што яе зорны час настаў пасля падзей 2020 года, калі з Купалаўскага сышлі артысты, якія былі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту.

Тады Няфёдава, якой амаль усё творчае жыццё прыходзілася здавольвацца ролямі другога плана, асудзіла сваіх прынцыповых калег. Але была ў яе і адна вельмі ўдалая сцэна, выкананая для аднаго гледача. На сустрэчы з Лукашэнкам у лютым 2021-га Вольга нават выціснула слязу, кажучы пра яго нягеглы выхад з аўтаматам падчас пратэстаў.

Глядач той застаўся задаволены: у хуткім часе Няфёдаву прызначылі мастацкай кіраўніцай тэатра, а потым яшчэ і далі званне Заслужанай артысткі Беларусі.

У рэпертуары артысткі было і выступленне на адкрыцці крамы алкаголю «Белмытнясэрвіс» у Маладзечне.

Распавядаючы пра пастаноўку спектаклю «Дзядзечкаў сон», Няфёдава адзначыла, што гэта пастаноўка «аб асабістым чалавечым пытанні, аб адносінах, аб блізкіх, аб сквапнасці, аб тым, што ўсё ж кіруе светам — душа ці грошы».

На прэм’еры ў залі апынуліся сёстры Груздзевы, якія вырашылі прарэкламаваць спектакль у сваім інстаграме.

Скрыншот рылс у інстаграме сясцёр Груздзевых

— Мы ішлі і не чакалі, што такога высокага ўзроўню будзе спектакль. Валя кажа, што гэта яе спектакль, — адзначыла Аляксандра Груздзева, якая чамусьці вырашыла ў тэатры хаваць вочы за сонечнымі акулярамі.

— Ведаеце, тут такі спектр пачуццяў… Ты адчуваеш кожнае імгненне. Ад камедыі, нейкага жаху…, — пацвердзіла Валянціна.

Здаецца, што больш за ўсё сясцёр уразіў факт, што рэжысёр з Расіі — бо аб гэтым яны кажуць з захапленнем.

Але і камплімент калезе па прапагандзе вырашылі адвесіць. Атрымалася крыху дзіўна:

— Я кожны раз здзіўляюся шматграннасці таленту Вольгі Няфёдавай, — пачала пасыпаць мёд цукрам Аляксандра Груздзева. — Вось яе дыкцыя плюс эмоцыі… Ведаеце, часам бываюць актрысы, якія паказваюць эмоцыю, а тэкст з'ядаюць. У яе вось добрая дыкцыя, чуеш кожнае слова. Пры гэтым эмацыянальная частка на вышыні.

Наступны паказ «Дзядзечкава сну» адбудзецца ўжо 7 снежня. Квіткі каштуюць ад 10 да 35 рублёў. Але, мяркуючы па сайце тэатра, пакуль што больш за палову месяцаў вольныя. Як тут не згадаць часы, калі ў Купалаўскі было складана знайсці квіток за месяц да спектаклю. Тым больш калі гаворка ішла пра прэм'еру.

Скрыншот сайта kupalauski.by

«Складана толькі са словамі, якія падобныя да рускіх, і сачыць за Ч і Г». Што за расіяне працуюць цяпер у Купалаўскім?

У Тэатры імя Янкі Купалы з беларускага рэпертуару засталася адна «Паўлінка». Большасць спектакляў у верасні пройдзе на рускай мове

У мінскім Купалаўскім нарэшце прэм’ера па беларускамоўным творы — першая з часоў Латушкі

Купалаўскі тэатр павінен ставіць больш «патрыятычных» спектакляў — Мінкульт

Ганна Стафановіч