Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін
Амерыканскае выданне Newsweek падрыхтавала дэталёвую карту, якая адлюстроўвае цяперашні глабальны баланс сіл у пытанні падтрымкі Украіны. Вось як на гэты момант падзелены свет.
30.11.2024 / 01:36
Фота: AP
За амаль тры гады вайны ва Украіне ўсё больш краін становяцца ўскосна ці непасрэдна ўцягнутымі ў канфлікт, а сам ён працягвае заставацца ў цэнтры сусветнай увагі, піша выданне Newsweek.
На аснове цяперашняй геапалітычнай абстаноўкі выданне падрыхтавала карту, дзе адлюстраваныя актуальныя пазіцыі краін свету датычна вайны ва Украіны і падтрымкі таго ці іншага боку канфлікта.
Краіны Захаду, уключаючы ЗША і Еўрапейскі саюз, а таксама Вялікабрытанія і Канада на сённяшні дзень застаюцца галоўнымі саюзнікамі Украіны ў вайне супраць Расіі — усе яны не толькі асуджаюць дзеянні Масквы, але і працягваюць падтрымліваць Кіеў фінансава, палітычна і вайскова.
Разам з імі ў спіс вайсковых пастаўшчыкоў Украіны, паводле Newsweek, уваходзяць Аўстралія, Новая Зеландыя, Беліз (знаходзіцца ў Цэнтральнай Амерыцы) і нават Судан, дзе ідзе актыўная грамадзянская вайна (улады краіны пастаўляюць Кіеву зброю наўзамен на дапамогу ў барацьбе з прарасійскімі суданскімі групоўкамі).
Многія краіны Паўднёвай Амерыкі, Паўночнай Афрыкі і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна працягваюць асуджаць расійскае ўварванне ва Украіну і аказваць гуманітарную дапамогу (з гэтых краін таксама ідуць дабраахвотнікі).
Карта пазіцый краін свету па вайне ва Украіне па стане на сёння. Крыніца: Newsweek / Flourish
У той жа час Расія ў вайсковым плане разлічвае на Беларусь, Іран, Ірак і КНДР.
Пры гэтым выданне Newsweek не стала ўключаць у спіс расійскіх вайсковых пастаўшчыкоў Кітай, хоць ён і вырабляе для Расіі спецыяльныя вайсковыя беспілотнікі і перадае Беларусі дэталі для ракет і бомбаў, якія потым выкарыстоўваюцца расійскай арміяй супраць Украіны.
Дыпламатычную падтрымку і наймітаў Расія атрымлівае ад Канфедэрацыі Сахеля (Малі, Нігер, Буркіна-Фасо), Нікарагуа, Венесуэлы, Туркменістана, Сірыі, Мьянмы і іншых аўтарытарных краін.
Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ
Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці