Назвалі папярэднюю прычыну пажару ў віцебскім ГЦ «Беларусь»

Папярэднюю прычыну пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» у Віцебску назваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін у эфіры тэлеканала АНТ.

21.12.2024 / 21:33

Гандлёвы цэнтр «Беларусь» у Віцебску падчас пажару

«Прычына — толькі папярэдняя. Гэта няякасна зробленая праводка, няспраўнасць праводкі, якая прывяла да перагрузкі сістэмы і кароткага замыкання. Гэта папярэдне», — сказаў Аляксандр Субоцін.

Ён адзначыў, што цяпер ідуць першасныя следчыя дзеянні.

«Я думаю, у найбліжэйшы час мы ўжо з афіцыйнай версіяй азнаёмімся: што здарылася, як здарылася, чаму. Пакуль канкрэтыкі няма, толькі папярэднія звесткі і высновы», — працягнуў старшыня Віцебскага аблвыканкама.

Пры гэтым, паводле яго, нельга выключаць і чалавечага фактара, бо інфармацыя надта супярэчлівая.

Субоцін таксама паведаміў, што ў Віцебскай вобласці правераць усе гандлёвыя цэнтры.

«Мы прынялі на ўзроўні вобласці рашэнне ва ўсіх пераправерыць пажарную бяспеку, санітарную. Але маё даручэнне было, каб гэта было максімальна незаўважна і максімальна камфортна як для тых, хто гандлюе, так і для тых, хто купляе», — сказаў ён.

Буйны пажар у ГЦ «Беларусь» у Віцебску адбыўся ўвечары 13 снежня. Пажарнікі тушылі яго некалькі гадзін. Агульная колькасць пацярпелых склала 20 чалавек, з іх адна жанчына дагэтуль знаходзіцца ў цяжкім стане — яе перавезлі для лячэння з Віцебска ў Мінск. Абгарэлы будынак у цэнтры горада, хутчэй за ўсё, аднаўляць не будуць, а проста знясуць.

Аднаго з пацярпелых арандатараў ГЦ «Беларусь» у Віцебску на гэтым тыдні кідалі на пару сутак у ізалятар

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні

«Гэтая крама — мой адзіны бізнэс». Што гавораць работнікі гандлёвага цэнтра, які на тым тыдні згарэў у Віцебску

Азаронак заявіў, што пажар у Віцебску можа быць звязаны з «жаданнем разгайдаць Беларусь перад выбарамі»

Сярод затрыманых па справе пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры, верагодна, ягоны ўладальнік

Шмат драўляных канструкцый. Чаму ўскладнялася тушэнне пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску

Назва ад кінатэатра, выгляд ад аўтара віцебскай піраміды, на верхнім паверсе — дзеці. Што вядома пра гандлёвы цэнтр, які гарэў у Віцебску

Nashaniva.com