Ярмошына расказала, як апазіцыя нібыта спрабавала яе падкупіць
«Мы танчылі з Генадзем Карпенкам і я адказала яму словамі Таццяны Ларынай: «Я іншаму аддадзена і буду век яму верная».
12.01.2025 / 12:37
Лідзія Ярмошына. Скрын відэа: CTVBYvideo / YouTube
Былую кіраўніцу Цэнтральнай выбарчай камісіі ў эфіры СТБ спыталі, ці былі спробы яе падкупіць. У адказ яна расказала гісторыю, якая нібыта адбылася перад прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года.
«Не ведаю, ці была гэта спроба. Выбары 2001 года, перад імі, калі яшчэ мяне запрашалі ў Еўропу, вучылі мяне. І ўвесь час з прадстаўнікамі апазіцыі.
Я памятаю, мы паехалі такой дэлегацыяй па запрашэнні аднаго з дэпутатаў фінскага парламента. Там было тры прадстаўнікі апазіцыі і тры прадстаўнікі ўлады. І вось з боку апазіцыі гэта былі ўжо цяпер нябожчык Генадзь Карпенка, другі таксама ўжо нябожчык таксама кандыдат у прэзідэнты, Сямён Домаш і кіраўніца Беларускага Хельсінскага камітэта Таццяна Процька.
(Імаверна, гаворка вядзецца пра 1998 ці 1999 год, бо Генадзь Карпенка памёр у 1999 годзе пры загадкавых абставінах — НН).
Я памятаю, мы з Карпенкам нават танчылі павольныя танцы на адной вечарынцы там у Фінляндыі. І ён мне так жартаўліва кажа: «Ярмошына, цікавяцца, колькі Вы каштуеце?»
Ну, паколькі ў нас адносіны былі вельмі вясёлыя і жартаўлівыя, мне самой спадабаўся мой адказ. Я сказала: «Генадзь Дзмітрыевіч, як аматару паэзіі (ён да гэтага вершы чытаў), я вам адкажу словамі Таццяны Ларынай: «Я іншаму аддадзена і буду век яму верная».
Ярмошына сцвярджае, што больш з такімі пытаннямі да яе не падыходзілі:
«Ужо ўсе зразумелі досыць хутка, мусіць, пасля 2001 года, што са мной кашу не зварыш. Ад мяне адліплі і замежныя паслы».
«Яна яго шантажавала». Новыя дэталі апошніх дзён жыцця сына Ярмошынай
Логіка Ярмошынай: Трэба ісці на выбары, каб Лукашэнку паважалі ў Кітаі
Ярмошына: Прэтэндэнты ў 2020 — вырадкі. А я ўратавала краіну ад грамадзянскай вайны
Ярмошына расказала пра свой пракол на выбарах