«Хацеў прадаць нерухомасць і з’ехаць ад маці за мяжу». Новыя дэталі апошніх дзён жыцця сына Ярмошынай
Падрабязнасці сямейнай драмы экс-старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай — сімвала фальсіфікацый выбараў і скрадзенай будучыні Беларусі — максімальна шчыра расказвае сябар яе сына Аляксея.
У базе даных памерлых жыхароў Беларусі ў Аляксея Ярмошына, які пайшоў з жыцця ў 2017 годзе ва ўзросце 39 гадоў, прычынай смерці пазначаны код R99. Ён абазначае «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці». Такая пазнака звычайна сведчыць пра тое, што праводзілася ўскрыццё цела, але яно не дазволіла высветліць дакладную прычыну смерці.
Вакол смерці Аляксея Ярмошына ходзіць шмат легендаў і падаюцца розныя версіі. Адныя сябры казалі пра натуральныя прычыны: праблемы са здароўем. Іншыя людзі намякалі на суіцыд: Ярмошын вельмі цяжка перажываў смерць свайго стрыечнага брата і блізкага сябра Вадзіма Капусціна, які разбіўся ў аўтакатастрофе. Агучваліся намёкі і на гвалтоўную смерць, але канкрэтных доказаў гэтаму не прыводзілася. Зрэшты, жалезных пацвярджэнняў ніводнай з гэтых версій няма — калі знайшлі цела, яно ўжо было ў стадыі раскладання, што ўскладніла працу судмедэкспертаў. Хавалі Аляксея Ярмошына ў закрытай труне.
Блізкі сябар Аляксея, які звязаўся з рэдакцыяй «Нашай Нівы» і папрасіў захаваць яго ананімнасць, кажа, што яму «надакучыла чытаць розныя казкі пра Аляксея». Менавіта таму Максім (імя змененае) вырашыў расказаць вядомыя яму дэталі жыцця Ярмошына — экс-пракурора Фрунзенскага раёна Мінска, а пасля — адваката Мінскай абласной спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі №2. Раней ён, як і многія, захоўваў маўчанне, бо інфармацыю загадалі не разносіць, пагражаючы наступствамі з боку Лідзіі Ярмошынай: «А Лёша ж марыў, што пра яго аднойчы напішуць кнігу, дык хай хоць у СМІ».
Аляксей Ярмошын нарадзіўся ў 1977 годзе. Ён рос у Калінінградзе, дзе яго маці Лідзія Ярмошына атрымала юрыдычную адукацыю і засталася працаваць на мясцовых прадпрыемствах, а пасля ў пракуратуры. Калі сямейнае жыццё развалілася ўшчэнт, яна разам з 10-гадовым сынам вярнулася ў Беларусь і ўладкавалася ў юрыдычны аддзел Бабруйскага гарвыканкама. Там яна атрымала прызначэнне ў Цэнтральную выбарчую камісію і ўрэшце пераехала ў Мінск. Аляксею тады было 19 гадоў.
Максім не верыць у натуральную прычыну смерці Аляксея Ярмошына, бо да апошняга дня той «працаваў, хадзіў у кафэ, выпіваў». А вось стрэсаў у яго хапала — найперш праз канфлікты з маці і нервовую працу:
«Яго маці была дэспатычная ў адносінах да яго. Любіла, каб ёй у рот глядзелі, не давала сыну і кроку ступіць, не дазваляла мець стасункі з тымі, з кім ён хацеў. Ён рос у нелюбові, таму што маці вельмі жорсткая была — як вартаўнік на зоне. Яна пастаянна ім маніпулявала і шантажавала, калі трэба было так, як яна хоча. А шантажаваць было чым, таму што ў Лёшы было нямала касякоў».
Максім тлумачыць, што мае на ўвазе пракурорскую працу Ярмошына. Падчас яе «ні за што пасадзіў некаторых людзей — проста за зорачкі на пагонах».
«За два тыдні да смерці Лёша ездзіў у царкву на споведзь. У яго была істэрыка: ён плакаў, казаў, што яму па начах сняцца тыя людзі, якіх ён пасадзіў, называў іх «крывавымі хлопчыкамі», — расказвае сябар.
Дарэчы, з пракуратуры Ярмошыну давялося пайсці праз скандал — яго злавілі на атрыманні хабару. З дапамогай маці гісторыю ўдалося замяць, і ён перайшоў у адвакаты.
«Калі ён стаў на бок абароны, у яго ў галаве адбылася трансфармацыя. Плюс ён нарэшце зразумеў і пачуў, як іншыя людзі адгукаюцца пра іх сям'ю», — згадвае Максім.
Чытайце таксама:
Сын Ярмошынай перадае вітанне з Гаагі
Сын Ярмошынай у майцы «Я люблю мамін боршч» ФОТАФАКТ
Сябар Аляксея сцвярджае, што стасункі паміж Лідзіяй Ярмошынай і сынам апошнія гады яго жыцця былі максімальна нацягнутыя.
«Але наймагутнейшы канфлікт выбухнуў, калі Ярмошына даведалася, што Лёша хоча прадаць нерухомасць, якую маці яму дабудоўвала, і з’ехаць за мяжу. Каб пачаць жыццё ў новай краіне, яму патрэбныя былі грошы. Ён проста хацеў збегчы ад маці, з якой, як ён сам казаў, быў у контрах», — расказвае Максім.
Адметна, што для сям'і Ярмошыных гісторыя даволі тыповая. Гэтаксама Лідзія пасля школы ўцякала з Бабруйска паступаць ва ўніверсітэт у Калінінград — абы каб быць далей ад дэспатычнага бацькі-вайскоўца.
Максім дадае, што Ярмошына не ўхваляла, што сын пачаў сябраваць з людзьмі «не той палітыкі», супрацьлеглымі колу зносін маці. Аляксей жыў у стане перманентнага стрэсу і сварак.
Да гэтага дадалася трагічная гібель стрыечнага брата, адзінага блізкага яму чалавека.
«Яшчэ Лёша пакутаваў на наркалепсію (захворванне нервовай сістэмы, для якога характэрныя парушэнні ў працэсе сну і перыядзе няспання, галюцынацыі — НН). Уначы ён не мог заснуць, рубіўся ў танчыкі. А днём пачынаў засынаць проста падчас размовы.
Каб карэктаваць гэты стан, у іх дома стаяла спецыяльная кіслародная камера, у якой ён мог засынаць. У бальніцу яго не хацелі класці, каб ніхто не даведаўся пра захворванне.
Я разумею, чаму яму было так дрэнна: у ім змагалася тое, на чым ён быў выхаваны, і тое, з чым ён сутыкнуўся ў рэальным жыцці. Ад гэтага ён хацеў з'ехаць. Але не атрымалася. І менавіта таму яго не стала», — упэўнены сябар.
Мёртвае цела Аляксея пасля смерці праляжала ў кватэры некалькі дзён. Яго пачалі шукаць толькі тады, калі ён меўся сустракацца з кліентам, але не прыехаў.
«Лета, высокая тэмпература за акном, а ён яшчэ і важыў больш за сто кілаграмаў… Можаце сабе ўявіць, што там ужо было перададзена судовым экспертам. Таму і код такі пазначаны ў прычыне смерці. Шкада, што ў той дзень я не быў побач, так бы, можа, змог яго выратаваць», — падсумоўвае Максім.
Каментары
остальные каждые 999 из каждой 1000 спят спокойно.. там ни чести, ни совести, ни интеллекта - НИ-ЧЕ-ГО...