Калгасная праўда
Там што ні «патрон», што ні твар аж зіхацяць святлом узнёсласці. Камертон Сяргея Ваганава.
24.12.2011 / 09:30
Даніла Еўзікаў, мой першы настаўнік у газетнай справе, на пытанне «А што такое шапка?» моўчкі адчыніў скрыню пісьмовага стала і працягнуў папярэднюю «Сельской газете», дзе я толькі ўладкаваўся, «Колхозную правду». «Вось глядзі, — ён разгарнуў зжаўцелую паперу. — Гэта і ёсць «шапка»...» Уверсе аршыннымі літарамі праз две старонкі цягнуўся ці то лозунг, ці то заклік: «Лекции — колхозникам, хлеб — государству!»...
Еўзікаў быў негаваркім, знешне сумным, але вельмі з’едлівым чалавекам. І сёння, праз паўстагоддзя, я памятаю яго глыбока схаваную ў вачах усмешку...
Не ведаю, ці ёсць у Генадзя Давыдзькі, галоўнага сёння тэленачальніка, пачуццё гумару ў прыватным жыцці. Публічны ягоны твар заўсёды вельмі сур’ёзны.
Не дзіва: чалавек глыбока заклапочаны пошукам зруйнаваных духоўных каштоўнасцяў...Усе памятаюць ягоны слізкі першы крок на гэтым шляху — «калгасную», так бы мовіць, «праўду» пад назвай «Жалезам па шклу». Ну а нядаўняя хлусня пра сувязі Андрэя Саннікава з крымінальнікамі — увогуле вяршыня духоўнасці...
Знайшоў, здаецца, дасягнуў...
Але ж не, скуголіць.
Вось і ў нядаўнім інтэрв’ю беларускім «АіФ» так пазначыў сваю «галоўную думку»: «...Чаму раней людзі жылі адпаведна духоўным прынцыпам, па сумленні, а зараз галоўнае грошы, поспех, кар’ера, мамоны? Чаму мы прайгралі духоўную вайну? Трэба шукаць адказы на гэтыя пытанні»...
Не буду спрачацца аб тым, што было раней, што цяпер, хто прайграў «духоўную вайну», а хто катастрафічна перамог...
Цікава іншае: дзе Давыдзька шукае згубленую духоўнасць.
Мусіць, у прэзідэнцкай «абойме», у якой ён пазначыў і сваё месцазнаходжанне?
Там што ні «патрон», што ні твар аж зіхацяць святлом узнёсласці ад спажывання духоўнай ежы з прэзідэнцкай сталоўкі.Сталоўкі, дзе частуюць такім простым, як калгасная праўда, «самагонам», што і «казла Барозу» моўчкі з’ясі, і «яйцамі Сарказі» не папярхнешся...
А, можа, у так званым «Клубе галоўных рэдактараў», дзе вядучы Давыдзька разам са сваімі газетнымі калегамі таксама любіць паразважаць аб духоўнасці?
Слухаеш гэтых волатаў прапагандысцкай думкі і мімаволі губляеш пачуццё часу:ці сапраўды мінула звыш пяцідзесяці гадоў ад той «Колхозной правды»?! Ад той хвіліны, калі я ўпершыню даведаўся, што такое «шапка»?
Вярнуцца да рэчаіснасці можна толькі тады, калі здолееш разглядзець у вачах згаданых волатаў і іншых дзяржтэлетвараў глыбока захаваную ўсмешку. Юрлівую. У адрозненне ад колішняй еўзікаўскай, трохі сумнай...
Хачу падказаць Давыдзьку і ягоным паплечнікам, дзе выступіць з чарговай лекцыяй пра духоўнасць:
у даўжэзных чэргах за таннейшым, аж на 2 тысячы, чым у крамах, малаком на мінскай Камароўцы.Навошта баязліва ўлазіць у хаты праз тэлевокны? Навошта траціць дзяржаўныя сродкі на марныя пошукі? А ў чэргах якраз збіраюцца людзі, для якіх галоўнае — грошы. Яны падкажуць, дзе згубілася духоўнасць...
...Дарэмна ўсё ж я пакрыўдзіў газету «Колхозная правда», узгадаў недарэчную, быццам, «шапку». Між тым, як ні хаваў мой настаўнік з’едлівую ўсмешку, тая «шапка», у адрозненне ад сучасных, была праўдай без усялякага прапагандысцкага словаблудства. Больш выразнай дзяржаўна-ідэалагічнай канструкцыі — што паўстагоддзя таму, што сёння — і знайсці цяжка...
А для Давыдзькі ў мяне сюрпрыз — тыднёвай даўніны аб’ява з рэкламнай газеты: «Продам «Колхозную правду» 1951 — 3 экз.». Прозвішча, тэлефон...
Раптам купіць.
Каб дакладней ведаць, каму сёння лекцыі, а каму хлеб...
Глядзець таксама:Сяргей Ваганаў. Божы дар і яечня, ці Правадыр на раялі
Сяргей Ваганаў. Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзіячак
Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук
Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.