МЗС чакаюць кадравыя ратацыі на міністэрскім і пасольскім узроўні. Таму сярод сваіх галоўных задач кіраўнікі МЗС і беларускія паслы найбольш абмяркоўвалі на менскім сэмінары пэрспэктывы найбліжэйшай будучыні.

Як запэўнілі ў МЗС, цяперашняя праграма вучобы дыпляматаў, што праходзіць падчас іх летніх адпачынкаў, мае больш прыкладны, чым тэарэтычны характар. Перад тым як звазіць на айчынныя прадпрыемствы, кіраўнікам замежных устаноў, большасьць зь якіх маюць ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла, ставілі на менскім сэмінары новыя задачы ў замежнапалітычнай і эканамічнай дзейнасьці Беларусі. Задачы гэтыя агучвалі рэктар Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Станіслаў Князеў, міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур. Наколькі іх бачаньне міжнародных рэалій і пэрспэктыў для Беларусі супадала з тым, што бачаць і адчуваюць у сваёй штодзённай замежнай рабоце беларускія дыпляматы, сказаць цяжка.

Будучы эўрапейскай краінай, Беларусь са сваім кіраўніцтвам працягвае паглыбляцца ў замежнапалітычную ізаляцыю ў Эўропе.

Апошнім часам назіраецца ўскладненьне двухбаковых дачыненьняў з суседкамі — Польшчай і Ўкраінай, і пра гэта адкрыта гаворыцца на самым высокім узроўні. Уяўляецца спрэчным меркаваньне, што можна разьвіваць гандлёва-эканамічныя дачыненьні без палітычных. Што гэта далёка ня так, сьведчыць нядаўняе рашэньне Эўракамісіі пачаць маніторынг сытуацыі ў Беларусі, вынікам якога можа быць пазбаўленьне прэфэрэнцый на эўрапейскім рынку беларускай прадукцыі. У Менску прызнаюць, што гэта стане адчувальнай стратай для беларускай эканомікі. І што б ні казалі на тэму «палітыка асобна, эканоміка асобна» ў Варшаве і Вільні, павелічэньне жорсткасьці палітыкі Брусэлю ў дачыненьні да Менску павінна ўплываць і на ўсебаковую палітыку астатніх членаў ЭС. А прагназаванае ўзмацненьне трансатлянтычнай салідарнасьці ЭЗ і ЗША яшчэ больш надае ўпэўненасьці такім пэрспэктывам адносна цяперашняга беларускага рэжыму.

Уяўляецца імаверным, што менавіта такога роду развагі маглі быць у цэнтры ўвагі беларускіх паслоў, што сабраліся на вучобу ў Менску. Асабліва калі ім даводзілася кантактаваць з калегам Уладзімерам Сяньком, што прыехаў з Брусэлю. Пра якія посьпехі міралюбнай замежнай палітыкі Беларусі мог бы ён расказаць, аказаўшыся «зажыва пахаваным на многія гады ўдалечыні ад радзімы? Мала хто ўжо помніць, што Ўладзімер Сянько быў першым міністрам замежных спраў у Лукашэнкі. Менавіта з прафэсіяналізмам Сянька некалі зьвязваліся замежнапалітычныя надзеі сувэрэннай Беларусі. Сёньня беларускія паслы ня толькі ў Брусэлі, але і ў Парыжы, Лёндане, не гаворачы ўжо пра Вашынгтон, больш выступаюць у ролі нямых статыстаў, чым дзеючых дыпляматаў. Як уяўляецца, пасьля восеньскіх выбараў у Нямеччыне і Польшчы кагорта такіх статыстаў папоўніцца.

Дарэчы, у кулюарах удзельнікаў менскага сэмінару для паслоў цыркулявала і тэма пра кар’еру пасла ў Варшаве. Кажуць, Павал Латушка фігуруе сярод кандыдатаў на пасаду першага намесьніка міністра замежных спраў. А цяперашняга першага намесьніка Васіля Пугачова зьбіраюцца адправіць паслом у Будапэшт. Некалі, паводле задумкі афіцыйнага Менску, менавіта з Будапэшту павінна была ажыцьцяўляцца агрэсіўная замежнаэканамічная дзейнасьць Беларусі ў балканскім рэгіёне. Цяпер, здаецца, яе неяк спрабуе ажыцьцяўляць пасол у Бялградзе Ўладзімер Мацкевіч. Ён нават вывучыў сэрбскую мову.

Прыметнай падзеяй у МЗС можа стаць і плянаваная замена ў прадстаўніцтве ААН у Жэнэве. Новым кіраўніком гэтага прадстаўніцтва павінен стаць цяпер галоўны прэзыдэнцкі памочнік, кадравы дыплямат Уладзімер Макей. І ў Маскве ўжо пакуе валізкі пасол-доўгажыхар Уладзімер Грыгор’еў. Толькі вось не зусім зразумела, ці зьбіраецца ён вярнуцца дамоў, ці, па прыкладзе свайго папярэдніка ў абжытой Маскве, застацца. А на месцы Грыгор’ева, лічаць некаторыя дыпляматы, паслом у Расеі можа аказацца нехта з членаў беларускага ўраду, здольны гаварыць на зразумелай мове з крамлёўскімі лібэрал-эканамістамі. Сярод такіх постацяў называюць віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова.

Але ў цэнтры ўвагі беларускіх паслоў, дый ня толькі іх, працягвае канфідэнцыйна абмяркоўвацца тэма будучыні новага кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Беларусі. Цалкам магчыма, што Сяргея Мартынава можа зьмяніць ня кадравы дыплямат. Напрыклад, цяперашні міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч. Праўда, вопыт дыпляматычнай работы ён усё ж мае. Быў паслом Беларусі ў Кітаі. І апаратныя справы МЗС для яго не чужыя. Варта прыгадаць, што, будучы першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, Уладзімер Русакевіч узначальваў камісію па праверцы работы МЗС. Вынікам яе дзейнасьці стала звальненьне міністра Івана Антановіча. І «маўр», зрабіўшы сваю справу, відаць, у падзяку, быў адпраўлены ў далёкі Пэкін. Так што, мабыць, новаму кіраўніку МЗС Беларусі цалкам можа спатрэбіцца кітайскі вопыт працы… А што да цяперашняга міністра Мартынава, дык яго працяглы вопыт работы ў ЗША і непрацяглы — паслом у Брусэлі можа быць запатрабаваны шляхам вяртаньня ў Брусэль. У беларускай практыцы кіраваньня кадрамі магчыма ня толькі вяртаньне ў міністэрскае, але і пасольскае крэсла. Зрэшты, усіх гэтых «разборак» чакаюць не цяпер, а наступнай восеньню, напярэдадні важных палітычных падзей. У 2006 годзе ў Беларусі павінны адбыцца Ўсебеларускі народны сход і прэзыдэнцкія выбары. І амаль немагчыма нават уявіць сабе, што нейкая група беларускіх дыпляматаў, кіраўнікоў замежных устаноў можа публічна выступіць на баку не таго кандыдата ў прэзыдэнты. Як гэта мінулай восеньню адбылося ва Ўкраіне.

Але, як запэўніваюць некаторыя сцэнарысты, Беларусь чакае ўласны цікавы сюжэт на зададзеную тэму. Адны гавораць, што ў ім будзе дамінаваць «вуліца». Другія — што нейкія апаратныя камбінацыі.

Сяргея Мартынава на пасадзе міністра можа зьмяніць цяперашні міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

Павал Латушка фігуруе сярод кандыдатаў на пасаду першага намесьніка міністра замежных спраў.

Цяперашняга першага намесьніка Васіля Пугачова зьбіраюцца адправіць паслом у Будапэшт.

Новым кіраўніком прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэнэве можа стаць галоўны прэзыдэнцкі памочнік Уладзімер Макей.

Паслом у Расею можа паехаць нехта з ураду, напрыклад, віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0