Гісторыя66

Партугальская рэвалюцыя гваздзікоў. Як маладыя афіцэры ажыццявілі пераварот і зрабілі краіну дэмакратычнай

На пачатку 1970-х гадоў Партугалія была адной з самых бедных і рэпрэсіўных краін Заходняй Еўропы. Для рэвалюцыі не хапала толькі іскры. Яе высеклі вайскоўцы. Роўна 50 гадоў таму, у ноч на 25 красавіка 1974 года, маладыя афіцэры са зброяй у руках занялі галоўныя аб'екты сталіцы.

Калі вайскоўцы захапілі Лісабон, гандлярка кветкамі раздала ім свае гваздзікі. Фота: Wikimedia Commons

Партугалія ў 1974 годзе была нетыповай для Заходняй Еўропы краінай. Амаль усе дзяржавы Еўропы за межамі сацыялістычнага лагера на той момант былі дэмакратыямі. Выключэннямі, акрамя Партугаліі, заставаліся Іспанія, дзе правіў састарэлы дыктатар Франсіска Франка, і Грэцыя, дзе кіравалі «чорныя палкоўнікі». Але ўсім тром рэжымам заставалася тады жыць вельмі нядоўга.

Чытайце таксама:
Іспанія. Ад дыктатуры да дэмакратыі — усяго тры крокі
Грэцыя. Чорныя палкоўнікі і іх крах

Найхрысціяннейшая дыктатура

У 1920—1930-я гады эканаміст і палітык Антоніу Салазар стварыў у Партугаліі «Новую дзяржаву» — карпаратыўную хрысціянскую краіну накшталт Аўстрыі часоў Энгельберта Дольфуса. Адзіная дазволеная партыя, маштабныя фальсіфікацыі на выбарах і палітычная паліцыя пад назвай PIDE (Polícia Internacional e de Defesa do Estado — Міжнародная паліцыя абароны дзяржавы) хутка зрабілі з Партугаліі тыповую дыктатуру. 

Дыктатуру падтачылі выдаткі на сілавікоў.

Улады ставілі перад сабой задачу любой цаной захаваць афрыканскія калоніі: Анголу, Гвінею-Бісау і Мазамбік. Аднак афрыканцы ўсё больш настойліва змагаліся за незалежнасць: французская і брытанская каланіяльныя імперыі разваліліся, новыя незалежныя дзяржавы Афрыкі давалі базу для барацьбы за свабоду рэшце калоній.

Бізнэсу і наменклатуры Афрыка была трэба: там былі сыравіна і рынак збыту. Але моладзь ваяваць там не хацела і масава бегла за мяжу ад мабілізацыі. Дайшло да таго, што міграцыя дасягнула тады адной шостай ад 9 мільёнаў тагачаснага насельніцтва Партугаліі.

Салазар памёр у 1970 годзе, улада перайшла пераемнікам. Калі ў 1973-м здарыўся нафтавы і эканамічны крызіс, які канчаткова падарваў эканоміку, група маладых афіцэраў вырашыла, што далей так працягвацца не можа.

Першая спроба перавароту адбылася ў сакавіку 1974-га. Спецслужбы змову раскрылі, за краты трапіла каля 200 чалавек. Але пакуль у адным месцы дзірку заткнулі, прарвала ў іншым. 

У ноч з 24 на 25 красавіка 1974 года капітан Атэлу Карвалью з групамі верных яму афіцэраў і салдат захапілі сталіцу Партугаліі Лісабон. З трох да пяці гадзін раніцы былі занятыя дзяржаўныя радыё і тэлебачанне, галоўныя міністэрствы, лісабонскі аэрапорт.

Страляла толькі PIDE

Дыктатура ўсіх дастала, таму, акрамя спецслужбістаў з PIDE, ніхто не супраціўляўся: ні армія, ні паліцыя.

Эмацыйны момант: вайскоўцы па радыё звярнуліся да грамадзян з просьбай заставацца дома, каб не было ахвяр. Але ўзрадаваныя жыхары тысячамі высыпалі на вуліцы, каб падзякаваць арміі. Яны неслі салдатам ваду і ежу. А работніца рэстарана Селеста Каэйру ўставіла гваздзік у дула штурмавой вінтоўкі аднаго з жаўнераў.

Гэты сімвал адзінства з вайскоўцамі трапіў у аб’ектывы журналістаў і паўтарыўся ў іншых месцах, таму пераварот і ўвайшоў у гісторыю як «рэвалюцыя гваздзікоў».

А гэтае графіці выглядае не толькі адсылкай да падзей 1974 года, але і заклікам выкарыстоўваць зброю хіба толькі для раскідвання кветак. Здымак зроблены ў Лісабоне ў 2017 годзе. Wikimedia Commons

А 19-й гадзіне пераемнік Салазара Марсэлу Каэтану перадаў уладу паўстанцам, і Карвалью святкаваў перамогу. Амаль бяскроўную. Загінулі толькі чатыры мужчыны, па якіх адкрылі агонь са штаб-кватэры палітычнай паліцыі — аналага лукашэнкаўскага ГУБАЗіКа.

25 красавіка адрокся ўлады Каэтану. А 26 красавіка з’явіўся першы нумар галоўнай партугальскай газеты «Рэспубліка» без цэнзуры. У найбуйнейшых гарадах краіны прайшлі дэманстрацыі ў падтрымку рэвалюцыі. З турмаў і канцлагера на Азорскіх астравах былі вызваленыя палітычныя зняволеныя, а сакрэтная паліцыя распушчаная.

Уладу ў свае рукі ўзяла Рада нацыянальнага выратавання на чале з Антоніу дзі Спінолай, які з 15 мая стаў часовым прэзідэнтам. Карвалью ж прызначылі кіраўніком Кантынентальнага аператыўнага камандавання (па-партугальску COPCON) — органа па абароне рэвалюцыі.

У пераходны перыяд было трохі хаосу. Беднякі сталі займаць незанятае жытло. 

Каб утаймаваць хваляванні, хунта замарозіла арэндную плату за жыллё і аддала загад рыхтаваць нацыяналізацыю банкаў (акрамя тых, што належалі замежнаму капіталу).

Тым часам у краіну вярнуліся з выгнання вядомыя палітыкі — лідар сацыялістаў Марыу Суарэш і кіраўнік камуністаў Алвару Куньял. Усё гэта часова супакоіла народ. Тым часам Спінола і Карвалью дамовіліся, што рэпрэсій супраць старой эліты амаль не будзе: пакаралі толькі тых, хто страляў у людзей з будынка спецслужбы, а былой палітычнай вярхушцы дазволілі эміграваць у Бразілію (там таксама гавораць па-партугальску).

16 мая сваё першае пасяджэнне правёў Часовы ўрад. У яго ўвайшлі прадстаўнікі сацыялістаў, камуністаў і «народных дэмакратаў» (апошняя партыя складалася з былых прыхільнікаў Салазара). Міністры падтрымалі павышэнне мінімальных заробкаў і загадалі пачаць Saneomento («Ачышчэнне»). Падчас гэтага працэсу былі звольненыя адыёзныя постаці старога рэжыму. На радыё і тэлебачанні «ачышчэннем» заняўся будучы прэзідэнт краіны — вайсковец Антоніу Эанеш.

Частка правых палітыкаў спадзявалася захаваць калоніі, але ў ліпені іх лідару, Спінолу, прыйшлося прызнаць: трэба пачынаць перамовы.

Кароткі перыяд хаосу

Тым часам бясконцыя забастоўкі вялі да паглыблення крызісу. Прыхільнікі левых ідэй патрабавалі росту заробкаў. На поўдні краіны сяляне масава захоплівалі землі.

І крайне левыя, і правыя снавалі планы скарыстацца з гэтага, каб умацаваць сваю ўладу. Першым фальстарт зрабіў Спінола. Пасля няўдалай спробы ўсталяваць дыктатуру ён падаў у адстаўку.

Правыя паспрабавалі арганізаваць яшчэ адзін путч, але зноў правальна. 

Лісабон вітае «капітанаў»-вызваліцеляў. 25 красавіка 1974 года. Wikimedia Commons.

Кіраўніцтва краіны пасля таго змянілася — цяпер галоўным органам стала Рэвалюцыйная рада. На фабрыках увялі рабочы кантроль, а сяляне працягвалі захопліваць землі (да канца лістапада 1975-га каля чвэрці сельскагаспадарчых тэрыторый змянілі ўладальнікаў). Пачалася і нацыяналізацыя прадпрыемстваў — пераважна гэта былі фірмы, канфіскаваныя ў правых, якія падтрымалі путч і Спінолу.

25 красавіка 1975-га — у першую гадавіну рэвалюцыі — прайшлі выбары ў Часовую асамблею, якая павінна была падрыхтаваць канстытуцыю. 

Яўка на першых выбарах склала 92%, а ўпэўненую перамогу атрымалі сацыялісты з 38% галасоў (за год да таго ў складзе партыі былі ўсяго 200 чалавек!). Далей ішлі правацэнтрысцкая Народна-дэмакратычная партыя (26%) і камуністы (12%).

Новы ўрад палічыў, што вынікі галасавання даюць яму права будаваць «партугальскі сацыялізм». Але гэта прывяло да канфлікту рэгіёнаў. Калі беззямельныя батракі поўдня ідэю падтрымалі, то заможныя сяляне поўначы былі супраць. У адных раёнах разбуралі цэрквы, у іншых — палілі штабы камуністаў. На правых і левых раскалолася і армія. 

Склад часовага ўрада мяняўся ледзь не кожны тыдзень. 

У канцы лістапада радыкалы паспрабавалі здзейсніць узброены пераварот. Раніцай 25 лістапада салдаты з ліку іх прыхільнікаў занялі некалькі казармаў. Але народ іх не падтрымаў — у адрозненне ад Рэвалюцыі гваздзікоў, гэтым разам салдаты апынуліся ў ізаляцыі і ў той жа вечар здаліся. Ніхто не хацеў вялікай крыві і грамадзянскай вайны. 

28 лістапада Карвалью быў вымушаны сысці ў адстаўку, а COPCON быў увогуле ліквідаваны. Функцыі абароны рэвалюцыі перайшлі да генеральнага штаба на чале з новай зоркай на палітычным небасхіле — Антоніу Эанешам. Ён навёў парадак і задушыў спробы ўзброенага паўстання ў іншых раёнах краіны. А потым супакоіў і радыкалаў, спыніўшы самазахопы зямлі і жытла. 

Сацыяльна арыентаваная дзяржава

Але проста суцішыць хваляванні ў краіне мала — трэба яшчэ даць грамадству пазітыўную альтэрнатыву. І новыя ўлады аказаліся як рэфарматары на вышыні.

2 красавіка 1976 года партугальскі парламент зацвердзіў новую канстытуцыю. У ёй быў прапісаны курс на сацыяльна арыентаваную дзяржаву. І гэта аказалася не пустымі словамі.

Так, у 1974-м дзіцячая смяротнасць у Партугаліі была ў чатыры разы вышэйшай, чым у Нідэрландах, а ў 1980-я партугальцы дагналі нідэрландцаў амаль па ўсіх паказчыках, а па якасці даступнай медыцыны выйшлі на сёмае месца ў свеце.

25 красавіка 2019 года былыя маладыя «капітаны» сустрэліся ў Лісабоне адсвяткаваць гадавіну рэвалюцыі. Wikimedia Commons.

Ішлі змены і ў адукацыі. Настаўнікам павысілі заробкі, а з праграмы прыбралі прадметы накшталт ідэалагічнага выхавання. Бедным студэнтам у ВНУ сталі выдаваць стыпендыі. Змянілася і адміністратыўная сістэма. Школамі цяпер замест дырэктараў кіравалі рады педагогаў.

Папулярнасць новаму ўраду далі новыя сацыяльныя праграмы. Грошы на іх знайшліся за кошт скарачэння выдаткаў на сілавыя структуры.

Большасць рэформаў кантраляваў Эанеш, якога двойчы (у 1976-м і 1981-м) абіралі прэзідэнтам. У першай інаўгурацыйнай прамове ён казаў, што забяспечыць пабудову дэмакратычнага і сацыялістычнага грамадства (у еўрапейскім, а не ў савецкім сэнсе слова «сацыялізм»). 

Вядома, у наступныя дзесяцігоддзі ў краіне здараліся і палітычныя, і эканамічныя крызісы. Але галоўнае, што Партугалія пасля ўсіх тых пературбацый 1970-х урэшце стала звычайнай еўрапейскай дзяржавай. Такой, якую і сёння марыць дагнаць большасць постсавецкіх рэспублік.

Каментары6

  • СектаПенсионера
    25.04.2024
    Без поздняка удалось сделать? Странно…
  • Лукаагент
    25.04.2024
    СектаПенсионера, пазняк будзе толькi перашкаджаць
  • В стойле
    25.04.2024
    Так это ведь ОФИЦЕРЫ, а не стадо баранов.

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →