Гарвыканкам распрацаваў праграму разбудовы шматузроўневых паркінгаў.

Піша Зьміцер Дрыгайла.

Праблема парковак у цэнтры сталіцы з кожным годам набывае ўсё большую вастрыню. У будні ад дзявятай да сёмай вечара паставіць аўто ў межах т.зв. «другога колца» амаль немагчыма. А паколькі толькі легкавых аўтамабіляў у Менску зарэгістравана больш за паўмільёна (380 тыс. зь іх належаць фізычным асобам), з улікам гасьцей гораду гэтая колькасьць дасягае амаль 600 тысячаў адзінак.

Прывучайцеся плаціць

У цэнтры гораду будуецца некалькі комплексаў шматузроўневых стаянак, ці паркінгаў. Перад Днём гораду мусілі ўвесьці ў эксплюатацыю чатырохузроўневы паркінг на 499 месцаў пад плошчай Незалежнасьці. Заезд будзе ажыцьцяўляцца з боку вуліцы Савецкая, але там галоўнае не пераблытаць. Бо заездаў насамрэч два: першы — для грузавых машын, ён вядзе у тунэль пад плошчай (якога пакуль няма), а праз два дзясяткі мэтраў — ужо непасрэдна ў паркінг. Унутры тры паверхі зойме стаянка, чацьвёрты — крамы й кавярні пад шкляным купалам. Плата за стаянку будзе пахвілінная. Гадзіна — пад дзьве тысячы. Інвэстар будаўніцтва — камунальнае прадпрыемства «Гаражы, аўтастаянкі й паркоўкі» Менгарвыканкаму.

Будаўніцтва другога пускавога комплексу — грамадзка-гандлёвага цэнтру, які плянуецца здаць у сьнежні, — фінансуе галоўнае ўпраўленьне спажывецкага рынку Менгарвыканкаму. Тры паверхі падземнага цэнтру будуць аддадзены пад крамы, рэстараны й канфэрэнц-залю. З паркінгам ён будзе злучаны некалькімі пераходамі. Агульная плошча гэтага падземнага збудаваньня складзе амаль 76 тыс. м².

У менскім Сіці

У верасьні пачне работу першая зона платных безахоўных парковак у цэнтры сталіцы. Паводле канцэпцыі, распрацаванай «Гаражамі, аўтастаянкамі й паркоўкамі», прадугледжваецца стварэньне пяці зон платных парковак. Што да першай зоны, гэта часовае вырашэньне праблемы — у хуткім часе на месцы многіх стаянак вырастуць шматузроўневыя паркінгі. Але пакуль за заезд будуць браць грошы. Такая практыка існуе шмат у якіх сталіцах Эўропы (заезд у старую Рыгу каштуе пяць латаў, у лёнданскі Сіці — 8 фунтаў).

У першую зону ўвойдуць праспэкт Скарыны, вуліцы Няміга, Леніна, Гарадзкі Вал. А надалей яна пашырыцца да межаў першага транспартнага колца. Цэны тут будуць самыя вялікія. Аднак для людзей, якія пражываюць на тэрыторыі такой зоны, прадугледжаны льготы. Яны будуць аплачваць сабекошт карткі аплаты паркоўкі, на якой будзе нанесены нумар аўтамабіля. Перадача карткі іншым асобам немагчымая.

Будаўніцтва плоскіх стаянак у Менску спыненае, бо яны не спраўляюцца з машынапатокам і нерацыянальна выкарыстоўваюць гарадзкую тэрыторыю, але і паркінгі праз адсутнасьць сродкаў будуюцца ня тымі тэмпамі, якімі хочацца. Узводзіцца некалькі комплексаў. Адзін — на Нямізе, другі — у Вясьнянцы на месцы былой «фінскай запраўкі». Цягам году пачнуць будаваць буйны забаўляльны цэнтар з паркінгам на месцы першага тралейбуснага дэпо (насупраць сядзібы БНФ). Таксама плянуецца ў хуткім часе распачаць будаўніцтва паркінгу побач з Музычным тэатрам.

Дарагія і танныя

У сувязі зь недахопам грошай ды інвэстараў нарадзілася ідэя так званага «лёгкага паркінгу». Яна належыць камітэту архітэктуры й горадабудаўніцтва пры Менгарвыканкаме. Гэта паркінг з мэталічных канструкцый, але без выкарыстаньня вялікай колькасьці каменю й бэтону. Ажыцьцявіць яго менскія ўлады зьбіраюцца да пачатку 2007 году. Зьявіцца першы такі паркінг на праспэкце Дзяржынскага й разьлічаны будзе на тысячу аўтамабіляў. Пабудуюць яго за бюджэтныя грошы. У параўнаньні са звычайнымі паркінгамі кошт і насамрэч будзе даволі нізкі. Звычайна будаўніцтва аднаго машына-месца каштуе для інвэстара ад $6 да 8 тыс., а ў гэткіх «мэталічных этажэрках» — недзе 3 тыс.

Развалюхі павывозяць

Галоўную праблему з паркоўкамі, апроч цэнтру, складаюць раёны гораду, якія будаваліся 20—25 гадоў таму з нарматывам 20 машына-месцаў на 100 кватэр. Па-першае, там прыбяруць усе «развалюхі», якія стаяць у дварах. Па-другое, у пэрспэктыве адзіным цывілізаваным выйсьцем з сытуацыі зноў жа бачыцца будаўніцтва паркінгаў.

Як паведаміў карэспандэнту «НН» дырэктар прадпрыемства «Гаражы, аўтастаянкі й паркоўкі» Павал Дубовік, горад зацікаўлены ў будаўніцтве мнагамесных шматузроўневых паркінгаў. А дзеля іх найхутчэйшай самаакупнасьці Менгарвыканкам дазваляе праектаваць іх адразу з крамамі, майстэрнямі ды офісамі. Арганізацыя-інвэстар можа нават быць вызвалена ад выдаткаў на інфраструктуру, добраўпарадкаваньне тэрыторыі й разьвіцьцё інжынэрных сетак. Апроч гэтага ў горадзе будзе разьвівацца сыстэма паркаматаў (аўтаматаў для збору грошай за паркоўку). У пэрспэктыве паркоўкі ў цэнтры гораду будуць толькі з паркаматамі, і іх лік пойдзе на тысячы. Цяпер жа агульная колькасьць паркаматаў у сталіцы складае 85.

Не застануцца па-за ўвагай і гарадзкія ўскраіны. Тут паркінгі будуць будаваць на ўездах у сталіцу ля канцавых (ці перадапошніх) станцый мэтро. Але гэта пэрспэктыва найбліжэйшых пяці гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0