73-ці сэзон Опэры адчыніўся 11 кастрычніка на сцэне Дому афіцэраў. Балет выступае на сцэне Палацу Рэспублікі. Сымфанічны аркестар курсуе між двума будынкамі.

Па вайне архітэктар Опэры Іосіф Лангбард спытаўся ў сяброў пра разбураны Менск: «А ці ацалеў будынак Опэры?» Пачуўшы станоўчы адказ, засмуціўся: «Шкада». З тых самых паваенных часоў (1947) Опэру не рамантавалі. Тэхніка, гук, сьвятло, ліфты, сцэна, цэхі фізычна й маральна састарэлі.

Плянуецца, што рэканструкцыя зойме тры гады. Але ніводзін тэатар у сьвеце ня быў адрэстаўраваны за такі малы тэрмін. Рамонт Адэскага, Рыскага, Львоўскага опэрных тэатраў доўжыўся прыкладна сем-восем гадоў.

Рэканструкцыя Менскай опэры будзе праходзіць паэтапна. Спачатку будзе рэканструявацца палова будынку, у другой палове будуць рэпэтаваць. Пасьля заканчэньня першага этапу ў адрамантаваную частку пяройдуць артысты, а рэканструкцыя пачнецца ў другой частцы. Але дагэтуль ня вызначаны генэральны падрадчык. Тэндэрная камісія не зрабіла выбару паміж беларускім і сэрбскім варыянтам. Уласна, менавіта арганізацыя-падрадчык канчаткова вырашыць, якім чынам рамонт будзе адбывацца. Ад самага пачатку спэцыялісты МНС заяўлялі, што для якаснага рамонту будынку трэба мяняць перакрыцьці, гэта значыць разьбіраць дах.

73-ці сэзон опэры адчыніўся 11 кастрычніка на сцэне Дому афіцэраў. Тут па першым часе спэктаклі будуць ісьці сем дзён у месяц. Опэра таксама дамовілася зь філярмоніяй, што канцэртныя пастаноўкі будуць ісьці на філярманічнай сцэне, як і канцэртныя варыянты некаторых опэр, дэкарацыі якіх ня могуць разьмясьціцца на сцэне Дому афіцэраў, напрыклад, «Барыса Гадунова». Балет месяц таму сэзон пачаў праз дарогу, на сцэне Палацу Рэспублікі.

Склад абодвух тэатраў працуе ў звыклым рэжыме. Двух салістаў Опэры звольнілі і адправілі на пэнсію, некалькіх перавялі на палову стаўкі, матывуючы гэта складанымі ўмовамі існаваньня тэатру. А вось склад аркестру павялічыўся. Гэта дазволіць у выпадку супадзеньня па часе спэктакляў опэрнага й балетнага тэатраў адначасова іграць у абодвух будынках.

Сёлета заплянавана некалькі прэм’ераў. У сьнежні — «Пірацкі трохкутнік» італьянскага кампазытара Гаэтана Даніцэцці, а таксама спэктакль пад рабочай назвай «Запіскі», які будзе выключна мужчынскі. Пры канцы сэзону чакаюцца прэм’еры «Джані Скікі» Дж.Пучыні і опэра «Ягоныя жонкі» лідэра беларускай музыкі Віктара Капыцькі.

Зьменаў у кіраўніцтве тэатраў няма. Галоўным дырыжэрам аркестру застаўся Віктар Галанаў. Дырэктарам тэатру опэры працуе Галіна Вагнер — дачка клясыка беларускай музыкі Генрыха Вагнера. Мастацкая кіраўніца — жонка «бога беларускага балету» Валянціна Елізар’ева Маргарыта Ізворска. Апошняя нядаўна заявіла, што без нармальнай аркестравай ямы ў Доме афіцэраў опэра сэзон не пачне. Хоць для павелічэньня ямы былі зьнятыя чатыры першыя рады крэслаў, але цяпер не хапае глыбіні — галовы аркестрантаў узвышаюцца над сцэнай.

У балету свае праблемы. У Палацы Рэспублікі вялікая заля. У выніку на балетных пастаноўках у залі ёсьць вольныя месцы, а празь вялікую аркестравую яму цяпер не абысьціся безь мікрафонаў, інакш аркестру ня будзе чуваць. Пражэктары ў Палацы настолькі магутныя, што скіраванымі на сцэну яны «падсьвечваюць» таксама й першых 20 радоў. На «Жызэлі» 6 кастрычніка пры канцы першага акту, якраз калі на сцэне адначасова знаходзіліся салісты й кардэбалет, правая дэкарацыя з грукатам павалілася, падняўшы клубы пылу. На шчасьце, абышлося без ахвяраў і траўмаў.

Але галоўная праблема для беларускага балету — фінансы. Арэнда залі Палацу Рэспублікі для аднаго спэктаклю абыходзіцца ў 5 тысяч эўра, столькі каштуе адна рэпэтыцыя. У месяц патрэбна недзе 20 рэпэтыцый, 10 спэктакляў — 150 тысяч! Таму балет будзе шмат гастраляваць за мяжой — ад Кіпру да Карэі.

У адпаведнасьці з урадавай праграмай, да 2010 г. у краіне маюць рэканструяваць больш як 20 тэатраў. Агульны праектны кошт рэстаўрацыі й рэканструкцыі будынку Опэры ацэнены на 133 млн рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0