Юрый Зісер правёў анлайн-канферэнцыю на сайце «Радыё Свабода». Прапануем некаторыя ягоныя адказы на пытанні чытачоў.

Як вы ставіцеся да Зянона Пазьняка і ці лічыце вы яго нацыянальным лідэрам Беларусі?

Мне здаецца, гэта яскравы прыклад чалавека, які шчыра дбае пра нацыянальныя інтарэсы. Таму час ад часу ён робіць больш дакладныя высновы, чым шмат хто з палітыкаў і аналітыкаў. Лічу такім ягоны камэнтар па сытуацыі са швэдзкім самалётам. Але нацыянальны лідэр Беларусі мусіць арыентавацца на інтарэсы большай часткі насельніцтва. На жаль, гэта З. Пазняк не ўлічваў у сваёй дзейнасці. Менавіта гэта прадэманстравалі выбары 1994-га.

Чаму Ваш партал цалкам расейскамоўны? Чаму Вы трымаеце свой партал у расейскім інфармацыйным полі (за нязначным выключэньнем)?

Я лічу, што прыналежнасьць партала да Беларусі вызначаецца ня толькі мовай, але перш за усё зьместам, які ў нас цалкам беларускі. Больш за тое: мы друкуем частку матэрыялаў на беларускай мове, і іх колькасьць, як вы самі можаце бачыць, расьце. Мы будзем гэта рабіць і далей. І гэта пры тым, што беларускамоўным інтэрфэйсам партала карыстаюцца ўсяго каля 1.4% наведвальнікаў.

Існуюць неабвержныя доказы поўнага кантролю паштовага сервера tut.by з боку КДБ. Уся паштовыя скрыні на tut.by скануюцца спецлужбами Беларусі на пэўныя словы. У пераліку слоў, якія прыцягваюць увагу скан-робатаў КДБ значацца: Лукашэнка, апазіцыя, плошча, Саннікаў, АГП, мітынг, страйк і іншыя. Ці лічыце Вы, што падпісаўшыся супрацоўнічаць з КДБ, Вы тым самым падтрымліваеце рэжым дыктатара Лукашэнкі і з’яўляецеся ягонай шаўкай?

Я чую гэту кансьпіралягічную вэрсію ужо 12 год. Была бы цікава азнаёміцца зь «неабвержнымі доказамі». Да нас ніколі не зьвяртаўся ніхто з «органаў» з патрабаваньнем даць доступ да паштовага сэрвэра, ня кажучы пра сканаваньне. С 2009 года паштовыя скрынкі TUT.BY разьмяшчаюцца на сэрвэрах кампаніі Google, таму ўсе пытаньні пра бясьпеку нашай пошты трэба адрасаваць кампаніі Google. Трэба мець на ўвазе тое, што на шляху ад адпраўніка да атрымальніка пошты інфармацыя (між іншым, як і любая інфармацыя ў Сеціве) ідзе праз шмат (звычайна дзясяткі) вузлоў перадачы дадзеных. Іх сканаваньне робатамі, якія апісаў сп. Мя, тэхнічна магчымае. Але мы ня маем да яго дачыненьня і нікому ніколі не давалі доступ да нашых паштовых сэрвэраў. Больш за тое, паўтаруся, ніхто і не прасіў, таму што для сканаваньня існуюць больш простыя тэхнічныя спосабы, якія не патрабуюць нашай згоды і нават ведама. Уласна кажучы, яны даступны звычайнаму сысадміну хатняй або карпаратыўнай сеткі.

Якая на Вашую думку магла бы быць альтэрнатыўная назва «Лініі Сталіна»?

«Музэй ваеннай тэхнікі і тэхналёгій». Пакуль музэй будзе мець цяперашнюю назву — нагі маёй там ня будзе.

Хутка 25 сакавіка, дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Які Ваш асабісты стасунак да БНР? Ці будзе tut.by нейкім чынам святкаваць разам з Беларусамі гэтую дату?

Так, для нас гэта таксама асаблівы, урачысты дзень. Вядома, у нас будуць публікацыі, прысьвечаныя гэтай даце, а таксама будзем сачыць за тым, што будзе адбывацца ў гэтыя дні.

Сітуацыя наконт вашага журналіста Чудзянцова. Скажыце. калі ласка, чаму вы звольнілі яго? Ён добры журналіст і, з вашых словаў, нараканняў да яго як да журналіста не было. А тое, што ён выказваўся ў сац.сетках — гэта ў прываце, не працоўны час і г.д. Хоць я зусім не падзяляю погляды сп. Чудзянцова, зусім ён мне непрыемны, але лічу, што, тое, што зараз адбываецца — гэта цкаванне яго. І Вы далучыліся да гэтага. Ці так павінен паступаць працадаўца са сваімі падначаленымі? Ці гэта з’яўляецца для вас нормай? І ці так вы б аднесліся да кожнага свайго журналіста?

Уладзімер сапраўды добры журналіст, да таго ж менавіта ён выступіў у абарону добрага імя парталу. Але сродкі, якімі ён гэта рабіў, былі, на жаль, абсалютна непрымальнымі. Журналіст — публічная асоба, сацыяльныя сеткі — публічная прастора, і стыль палемікі ў сацыяльных сетках, тым больш палемікі, зьвязанай з прафэсійнай дзейнасьцю журналіста, адбіваецца на рэпутацыі мэдыя, у якім ён працуе. Крыць матам сваіх апанэнтаў, у тым ліку жанчын, рабіць пагрозьлівыя намёкі на лёс Генадзя Карпенкі, жадаючы яго сваім апанэнтам — гэта па-за межамі дапушчальнага. Тым ня менш Уладзімер меў магчымасьць заставацца на партале, калі б выканаў вельмі простую умову — спыніў гэтую лаянку. Ён гэтую умову парушыў. Паверце, калі б журналіст New York Times у ФБ размаўляў з апанэнтамі, шырока ужываючы вытворныя ад вядомага дзеяслова на літару f, ён бы ў NYT таксама б доўга не затрымаўся. Дарэчы, я не звальняў Чудзянцова, мы разьвіталіся ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам, па згодзе бакоў.

Як зрабіць так, каб людзі, якія жывуць у Беларусі, пачалі размаўляць на роднай мове?

Партал працуе над гэтым пытаньнем, павялічваючы лік публікацый на беларускай мове і адзначаючы «Дзень беларускай мовы», я ўжо адказваў вышэй. Як зрабіць, каб усе перайшлі на беларускую — ня ведаю, але дакладна не прымусам. Верагодна, шляхам абавязковых экзамэнаў па беларускай і рускай мовах у школах (а не «на выбар», як гэта робіцца цяпер); больш актыўным ужываньнем мовы ў «прасунутых сфэрах» — рэкляме і PR; больш мяккай падатковай палітыцы ў адносінах да выданьняў на беларускай мове. Калі пытаньне тычыцца асабіста мяне, то я спрабую размаўляць па-беларуску, але мяне падводзяць засвоеныя з дзяцінства украінізмы.

Аргкамітэт па «Дню Волі»: Спадар Зісер, вы хочаце пазіцыенаваць сабе і сайт тут.бай, як незалежныя ад уладаў суб’ектаў. Ваш рэсурс можа канкураваць з прадзяржаўнымі ТВ каналамі. Да Вас насупная прапанова. Паколькі апазіцыя не мае выйсці на дзяржаўныя СМІ, ці гатовы былі б Вы, каб размесціць банер запрашэння на шэсце 24.03 на сваім сайце? Калі зараз не, то пасля афіцыйнага дазволу Мінгарвыканкама напрыклад. Дзякуй за адказ па сутнасці.

У нас на партале вывешаная публічная дамова «Правілы карыстаньня беларускім парталам tut.by», а таксама вісяць правілы разьмяшчэньня рэклямы, і там дакладна сказана, што палітычная рэкляма не зьмяшчаецца на партале. Мы ня будзем парушаць уласныя правілы.

Калі апошні раз Вам было сорамна?

Мне ўвесь час сорамна, што мала часу праводжу з сям’ёй, са сваімі роднымі. Хоць я фармальна і сышоў з пасады кіраўніка, але ўсе роўна неяк — праца, праца, праца. А за рашэньні, якія прымаю на працы, ну і ў грамадзкім жыцьці — не, ня сорамна. Пра некаторыя шкадую. Але і за іх саромецца ня бачу падставаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?