20-гадовы Максім знік 9 студзеня. Ён вяртаўся з Ашмянаў з каледжа дадому ў вёску Луды. На аўтобусе даехаў да цэнтра сельсавета, вёскі Граўжышкі. Адтуль мусіў дайсці пешкі — родная вёска ляжыць яшчэ паўднёвей за Граўжышкі, на самым ускрайку раёна. Але дома Максім так і не з’явіўся. Замест гэтага, ён чамусьці пайшоў у процілеглым кірунку. Пазней, тым самым вечарам, Максіма бачылі ў вёсцы Гароднікі, што між Граўжышкамі і Ашмянамі, за цэлых шэсць кіламетраў ад сельсавета. Было ўражанне, што хлопец вяртаўся ў Ашмяны, кажуць сведкі.

Яго цела і знайшлі 19 красавіка каля Гароднікаў, калі сышоў снег. Мясцовы жыхар гуляў з сабакам і натрапіў на Максіма. Слядоў гвалтоўнай смерці на целе няма, кажуць праваахоўнікі. Замерз.

«У Максіма былі канфлікты з аднагрупнікамі, таму хадзілі розныя чуткі пасля яго знікнення,

— расказаў адзін з навучэнцаў каледжа. — Але думаю, што гэта ўсё трызненне. Міліцыя нас усіх апытвала».

Аднагрупнік хлопца словы пра канфліктнасць не пацвярджае. «Ён зусім не сварыўся: ціхі быў, нават амаль не піў... Ён нібыта нічым асабліва не вылучаўся. — І выказвае сваю здагадку: – У Ашмяны ён ішоў мо таму, што дарогу паблытаў». Але ў той вечар, паводле звестак сіноптыкаў, не было завірухі, не ішоў снег. Было тады мінус 5-6 градусаў, і паспела сцямнець.

«Ён у той дзень у 18 гадзін пасля вучобы паехаў дамоў. Каля 20 гадзін яго бачыў кіроўца машыны, што ехала з Ашмян — Максім пешкі вяртаўся ў горад.

Ён яшчэ ў 6 раніцы на наступным дзень тэлефанаваў маці, а яна не чула. А калі стала ператэлефаноўваць, яго мабільнік быў ужо недасяжны.

Наколькі ведаю, калі яго знайшлі, у тэлефоне сім-карты не было. А знайшоў яго дзед у кустах».

Вучыўся загінулы на будаўніка-муляра. 24 чэрвеня ён павінен быў атрымаць дыплом.

У каледжа ёсць інтэрнат, але Максім, па словах аднагрупніка, не хацеў там жыць, таму штодня ездзіў у родную вёску.

Куды ішоў Максім у апошні дзень жыцця? Пакуль гэта загадка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?