Камісія па інвестыцыйнай дзейнасці Мінгарвыканкама палічыла немэтазгодным заключэнне інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва шматфункцыянальнага культурна-забаўляльнага цэнтра Park Avenue на набярэжнай Свіслачы ў раёне скрыжавання вуліц Пуліхава і Першамайскай.

Пра гэта рашэнне, прынятае на пасяджэнні 18 красавіка, гаворыцца ў адказе камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, які атрымалі мясцовыя ініцыятывы жыхароў, паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні ГА «Еўраперспектыва» Віктар Янчурэвіч.

Паводле яго слоў, фармулёўка адказу дзяржоргана «досыць неадназначная, паколькі адмоўлена пэўнаму інвестару ў рэалізацыі гэтага праекта».
«Можна выказаць меркаванне, што ў перспектыве гэту пляцоўку выставяць на аўкцыён, і штосьці падобнае ўсё ж будзе рэалізавана, не цяперашнім, а нейкім іншым інвестарам», — адзначыў ён.

Мясцовыя жыхары маюць намер працягваць барацьбу за гэту тэрыторыю. Як сказаў старшыня «Еўраперспектывы», яны плануюць звярнуцца ў адміністрацыю Партызанскага раёна Мінска, каб гэты спрэчны ўчастак «быў добраўпарадкаваны і ператварыўся ў месца адпачынку для мясцовых жыхароў». «Хай там установяць помнік, напрыклад. Мы зробім усё, каб аднадзіць патэнцыяльных інвестараў», — заявіў ён.

Нагадаем, больш як 1,4 тысячы жыхароў раёна выказаліся супраць узвядзення Park Avenue на грамадскіх абмеркаваннях будаўніцтва, якія адбыліся ў лютым гэтага года.
Тым не менш, мясцовыя ўлады вырашылі рэкамендаваць праект да рэалізацыі. Мінчане разам з «Еўраперспектывай» сталі весці перапіску з дзяржорганамі, у якой ўказвалі на факты парушэнняў пры планаваным будаўніцтве.

Звярнуўшыся ў Міністэрства культуры, актывісты мясцовых ініцыятыў атрымалі адказ, у якім гаварылася, што ўзвядзенне новых будынкаў і збудаванняў на адведзенай пад комплекс тэрыторыі забараняецца. На гэтай падставе «Еўраперспектыва» і жыхары раёна ў канцы красавіка звярнуліся ў Генеральную пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю з просьбай правесці расследаванне. У звароце яны ўказалі, што ўчастак, дзе планавалася забудова, адносіцца да водна-зялёнага дыяметра Мінска, а згодна з генеральным планам сталіцы гэтай тэрыторыі таксама можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адказы з пракуратуры і КДК пакуль не атрыманы.

Праект Park Avenue быў распрацаваны бюро архітэктуры і дызайну «Дзівід-буд». Агульная плошча трохпавярховага забаўляльнага комплексу павінна была скласці прыкладна 2,5 тыс. кв. м. У ім планавалася размясціць 5D-кінатэатр, велакафэ з крытай стаянкай, пункт пракату і сэрвісу веласіпедаў, вышэй — выставачныя павільёны і дэгустацыйныя залы, рэстаран з летняй тэрасай. Верхні паверх павінны былі заняць забаўляльныя цэнтры і трэнажорная зала.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?