Фота: Юры Сідун, Generation.by

Фота: Юры Сідун, Generation.by

Ён возьме ўдзел у канцэрце «Зробім лепш».

Спявак і акцер Вінсэнт вяртаецца ў Беларусь, прынамсі каб узяць удзел у зборным канцэрце «Зробім лепш», які пройдзе 15 кастрычніка ў клубе Re:Public. Апроч Вінсэнта на канцэрце выступяць гурты Amaroka, Navi і Hurma.

Раней Вінсэнт, які выканаў галоўную ролю ў фільме Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь», казаў пра немагчымасць вяртання ў Беларусь. Тады паведамлялася, што калі Зміцер Папко (сапраўднае імя Вінсэнта) вярнуўся ў Беларусь пасля здымкаў, на яго пачалі ціснуць спецслужбы.

Зараз жа па словах арганізатара канцэрта «Зробім Лепш», Паўла Белавуса, літаральна сёння ў гарвыканкаме была атрымана «гастролька» на канцэрт.

«Зробім лепш» – гэта чарговы праект Арт-Сядзібы, фестываль з бясплатным уваходам. Арганізатары апісваюць імпрэзу так: «Але цягам усёй імпрэзы будзе працаваць клубная каса. У ёй кожны наведнік, калі яму падабаецца мерапрыемства і гурты, якія выступаюць, зможа па ўласнаму жаданню купіць на гэты канцэрт любую колькасць квіткоў фіксаванага кошту – 50 тысяч.

Грошы за квіткі «па жаданні» пойдуць на арганізацыю наступных мерапрыемстваў.

Агульнае правіла «шчырых канцэртаў» вельмі простае: калі ёсць грошы і адчуваеш сябе шчырым і шчодрым беларусам, які хоча аддзячыць гуртам і арганізатарам за мерапрыемства – купі квіток у любы момант на працягу ўсёй імпрэзы. Калі няма, але любіш беларускую музыку і вельмі хочаш трапіць на канцэрт – вольна праходзь у клуб.

Пасля кожнай імпрэзы мы будзем падсумоўваць вынікі беларускай шчодрасці і шчырасці ды рыхтаваць наступныя «шчырыя канцэрты».

Вінсэнт: Я не эмігрант, мая будучыня ў Беларусі

Спявак Вінсэнт патлумачыў, што насуперак меркаванням, ніколі не лічыў сябе эмігрантам, і нельга сказаць, што ён толькі зараз вяртаецца ў Беларусь.

«Я, калі так казаць, ужо месяц, як вярнуўся. – кажа спявак. – Рэч у тым, што я за апошні месяц не праводзіў у адным горадзе болей за пяць дзён. Зараз цяжкі перыяд, даводзіцца шмат ездзіць. Я не эмігрант, я збіраюся жыць у Беларусі, часам з выездамі за мяжу. Мая будучыня звязана з радзімай, гэта дакладна».

Зараз Вінсэнт, апроч вучобы і канцэртнай дзейнасці, заняты ў здымках ячшэ адной польскай кінастужкі: аднак сюжэт і назва пакуль не называюцца – фільм знаходзіцца ў стадыі пост-прадакшна.

Апошні канцэрт Вінсэнта ў Беларусі адбыўся паўтары гады таму.

«15-га кастрычніка я буду выконваць новыя і старыя песні. – кажа Вінсэнт. – Для Беларусі гэта зусім новы фармат: уваход на канцэрт бясплатны, але кожны, каму канцэрт спадабаўся, зможа адразу на ім купіць любую колькасць квіткоў. Запрашаем ўсіх, буду рады бачыць мінскіх слухачоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?