Ужо неверагодна шмат напісана пра гэта, і ў асноўным абмяркоўваюць чыста практычныя, нават тэхнічныя рэчы: у каго быў ці не быў «БУК», ці былі высунутыя ўкраінцамі зенітныя дывізіёны і г.д. – усе гэтыя дэталі бесперапынку перажоўваць.

І пры жаданні можна пабудаваць пераканаўчую карціну: авіялайнер збіты ўкраінцамі супольна з Захадам. Нагадаю, што былі напісаныя цэлыя кнігі, у якіх на падставе мільёнаў тэхнічных фактаў неабвержна даводзілася, што самі амерыканцы ўзарвалі вежы-блізняты ў Нью-Ёрку – і гэта ў той час, калі сама «Аль-Каіда» штогод урачыста адзначае дзень «Аперацыі Манхэтэн », гэтай «жамчужыны іджтыхаду» (пакутніцтва ў імя веры), а сам Усама бен Ладэн узносіў акцыю 11 верасьня як «смелую і вельмі добрую аперацыю, роўнай якой чалавецтва яшчэ не бачыла … былі разбураныя ідалы Амерыкі …» Бен Ладэн нават пахваліўся, што ««Аль-Каіда» выдаткавала на аперацыю 500 тысяч даляраў, у той час як Амерыка страціла ў выніку гэтай падзеі і яе наступстваў 500 мільярдаў даляраў; значыць, кожны даляр «Аль-Каіды» перамог мільён даляраў».

Гэта дакладныя словы бен Ладэна, і я іх прыводжу толькі таму, што дагэтуль мільёны людзей, нягледзячы ні на што, глыбока перакананыя, што акцыя 11 верасня –справа рук ЦРУ, якое выконвала загад Буша. Адна мая знаёмая, кандыдат навук, паверыла, што ў загінулых хмарачосах «кожны паверх быў замінаваны», гэта было сказана па нашым тэлебачанні. Глупству і даверлівасці чалавечай сапраўды няма мяжы.

Незлічонымі фактамі, дэталямі можна затлуміць галаву людзям і даказаць літаральна што заўгодна. Але, як казаў Русо, адкінем факты, яны замінаюць бачыць сутнасць. Значна важнейшая – матывацыя, то бок псіхалагічны фактар. Навошта камусьці магло спатрэбіцца збіваць пасажырскі самалёт?

Варыянт А: збілі свядома. Варыянт Б: памылкова.

У сваю чаргу, варыянт А падзяляецца на:

А1 – гэта зрабілі паўстанцы (супольна з расейскімі таварышамі ці не – не гэтак важна). Гэта можна адразу адкінуць: ні ўладам «народнай рэспублікі», ні тым больш Маскве няма аніякага сэнсу знішчаць сотні пасажыраў авіялайнера. Для таго, каб зваліць віну на Кіеў і дыскрэдытаваць яго ў вачах усяго свету? Толькі поўныя ідыёты маглі не дапяць, што дакладна атрымаецца зусім наадварот; мы бачым, што так і адбываецца.

А2 – гэта зладзіла кіеўская ўлада па ўзгадненні з Захадам, перадусім з амерыканцамі. Матывацыя, бясспрэчна, ёсць: зваліць усё на Данецк і Маскву. Падумаем, як гэта рэальна магло быць. Тыя ўкраінскія вайскоўцы, якія запускалі ракету ў пасажырскі самалёт (а мы дамовіліся, што пры гэтым варыянце было відаць, у каго менавіта страляюць), маглі зрабіць гэта толькі па загадзе, аддадзеным ад начальства – усё адно, якога менавіта ўзроўню, камандавання СПА або вышэйшага. Немагчыма ўявіць, што ўкраінскі генерал, кадравы вайсковец з адпаведным менталітэтам і кругаглядам, мог вырашыцца на такую справу: знішчыць сотні мірных людзей, нават невядома якой нацыянальнасці. Дзеля чаго? Дзеля лютай нянавісці да Масквы? Калі так, то, памятаючы пра субардынацыю і ўласную кар’еру, ён мог толькі даць параду палітычнаму кіраўніцтву краіны. Прыняць рашэнне аб бесчалавечнай акцыі маглі толькі палітыкі, дапусцім, Парашэнка з Авакавым, узгадніўшы гэта, дапусцім, з Вашынгтонам.

Мог бы прэзідэнт Абама намякнуць Парашэнку пра пажаданасць ажыццяўлення такой жудаснай правакацыі? Скажуць: ну, не сам Абама, а ЦРУшнае начальства. Паверыць у гэта можа толькі чалавек, які абсалютна нічога не разумее ні ў ментальнасці і псіхалогіі заходніх людзей, ні ў парадках і ўладкаванні дэмакратычнага грамадства. Справа зусім не ў тым, што амерыканцы, ангельцы ці французы – такія белыя і пухнатыя, няздольныя здзяйсняць жорсткія ўчынкі. Здольныя, і яшчэ як … Дрэздэн, Хірасіма, Алжыр, В’етнам і г.д. Але гэта датычна толькі ворага. Забіваць суайчыннікаў, як у Нью-Ёрку ў 2001 г., альбо пасажыраў авіялайнера – няма за што. Чаму? Ды хаця б таму (адкінем сантыменты, спачуванне і інш, пакінем голы практыцызм), што ніколі не можа быць пэўнасці ў тым, што гэтая жудасная справа не выйдзе навонкі. Нешта сарвецца, хтосьці прагаварыўся – і ўсё. Канец, найганебны, жахлівы канец не толькі кар’еры, але і рэпутацыі нашчадкаў на некалькі пакаленняў наперад. Немагчыма ўявіць сабе прэзідэнта, прэм’ера, міністра ці генерала, які стаў бы рызыкаваць сабою, сваімі дзецьмі, гонарам свайго роду, нарэшце, проста дзеля вар’яцкай нянавісці да Расіі і Пуціна, нянавісці, што засціць свядомасць і не дае жыць.

Калі б, скажам, лёс Амерыкі і ўсё жыццё яе народа залежалі ад таго, ці ўдасца зрабіць Расею ізгоем і палітычна пахаваць Пуціна ў вачах усяго свету – тады яшчэ можна было б зрабіць такое дапушчэнне. Але нічога падобнага няма. Ніякай смяротнай пагрозы ад Расеі не зыходзіць. Крым Пуціну не даруюць, але і зрабіць нічога не змогуць.

Могуць запярэчыць: ды не трэба быць такім наіўным. Існуе маса таемных спосабаў, якія дазваляюць, не пакідаючы слядоў, тым больш дакументаў, даць зразумець каму трэба, што неабходна здзейсніць пэўнае злачынства. Так. Але толькі не ў такім выпадку, калі загадзя вядома, якая бура падымецца ва ўсім свеце і чаго можна чакаць, калі не атрымаецца схаваць канцы ў ваду. Калі хочаце, тут простае пытанне самазахавання.

А3. Парашэнка з Авакавым або з кімсьці яшчэ з кіеўскіх завадатараў зладзілі ўсе самі ў разліку на тое, што іхная ініцыятыва не будзе даказаная. Захад, калі ўжо і дазнаецца праўду, шум падымаць, натуральна, не стане, усе гузы атрымаецца пасыпаць на Маскву, увесь свет ужо цвёрда падтрымае Кіеў у грамадзянскай вайне. Так, матывацыя цалкам пераканаўчая. Аб маральных якасцях гэтых людзей гаварыць не будзем. Што магло перашкодзіць такой ініцыятыве? Толькі адно: СТРАХ.

Зноў тое ж самае: страх выкрыцця. Страх, заснаваны ў дадзеным выпадку на іншым фактары, чым на Захадзе, а менавіта: на выдатным разуменні сутнасці ўкраінскай палітычнай сістэмы, у якой густа змяшаныя такія элементы, як карупцыя, здрада, узаемная нянавісць, пастаянная грызня. Ды хіба мог Парашэнка сумнявацца ў тым, што пры першай жа зручнай нагодзе яго закладуць, зліюць, прададуць свае ж людзі? Яго толькі што абралі прэзідэнтам, ён з пераменным поспехам вядзе вайну, паўстанне замкнулася ў межах Данбаса; зразумела, што ні Харкаў, ні Днепрапятроўск, ні Палтава, ні Чарнігаў, не кажучы ўжо пра Кіеў, Львоў і інш, не падымуцца і не далучацца да «народных рэспублік». Жыць без Данбаса непажадана, але не смяротна. Ды і «рэспублікі» нядоўга працягнуць. А ўвесь свет прызнае не данецкую, а кіеўскую ўладу. Становішча збольшага спрыяльнае, дзеля якога ж чорта яго губляць, усім рызыкаваць, жыць пад дамоклавым мячом, прачынацца ў халодным поце ўначы, ведаючы, што рана ці позна скажуць: «Ты – забойца сотняў мірных людзей, маленькіх дзяцей»?

У тым і рэч, што шыла ў мяху не схаваеш. Гэта Сталін, аддаючы загад расстраляць дзясяткі тысяч польскіх афіцэраў або арганізаваць забойства Міхоэлса, мог быць абсалютна ўпэўнены, што ўсе павераць у ілжывую версію. І верылі – дзясяткі гадоў. Цяпер не тыя часы. Усе ўсплыве наверх, і таго, хто апынецца забойцам нявінных людзей і малых дзяцей, рана ці позна накрые лавіна дзярма, ад якога не адмыцца ні яму, ні ягонай сям’і, ні нашчадкам. І ўсе гэта ведаюць.

Версія А адпадае.

Версія Б1: украінскія зенітчыкі збілі самалёт па памылцы. Насамрэч, а што тут дзіўнага? Кваліфікацыя гэтых хлопцаў вядомая, узгадаем збіты самалёт з ізраільцянамі. Але адно засмучае: калі паражаюць цэль памылкова, значыць, яе прымаюць за нешта іншае. За што маглі нават бяздарныя ўкраінскія зенітчыкі прыняць «Боінг»? У апалчэнцаў авіяцыі няма. Расейскі самалёт? За апошнія некалькі тыдняў стала ясна, што ў Пуціна няма намеру ўрывацца ва Украіну, наадварот, Масква ўвесь час толькі і робіць, што абвяргае паведамленні аб сваёй вайсковай дапамозе апалчэнцам. Наўрад ці можна было чакаць з’яўлення велізарнага расейскага самалёта, нават калі б па дурасці маглі не распазнаць «Боінг». І ўжо ў любым выпадку, якой бы малаэфектыўнай ні была ўкраінская армія, але ўсё ж гэта не партызаны, не махноўцы, ніколі малодшыя афіцэры не пойдуць на абстрэл нават расейскага самалёта з ўласнай ініцыятывы.

І вось што застаецца: версія Б2.

Апалчэнцы, у адрозненне ад рэгулярнай ўкраінскай арміі, ўяўляюць сабой, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, войска мала дысцыплінаванае і свавольнае, якое нагадвае Запарожскую Сеч (не ў лепшых яе аспектах). З тае прычыны (ізноў жа – адрозна ад украінскіх ваякаў), што яны ўвесь час чакаюць удараў з паветра, навучыліся сяк-так абараняцца і збілі нямала самалётаў, лёгка ўявіць сабе, што адбылося (нават без спасылак на перахопленыя размовы, якія ў прынцыпе маглі б быць фальшыўкай, хоць гучаць пераканаўча): ім паведамілі, што расейскі самалёт ляціць, каб перадаць груз абкружаным паблізу Данецка часткам украінскай арміі. Яны падрыхтаваліся, і вось – з’яўляецца велізарны самалёт. Кваліфікацыі ў тых, хто абслугоўвае ракету, хапае для таго, каб стрэльнуць і знішчыць цэль на любой вышыні, а вось вызначыць тып самалёта – невядома. Зрэшты, хутчэй за ўсё, самі зенітчыкі зразумелі, што перад імі пасажырскі авіялайнер, але «палітрукі» (ці як яны там у сваёй народнай арміі называюцца), загадалі выпусціць ракету. Вынік вядомы.

Я паспрабаваў падысці да праблемы аб’ектыўна, лагічна. Як я ўжо пісаў у сваім блогу, абодва бакі ва ўкраінскай грамадзянскай вайне мне аднолькава не сімпатычныя. Паўтараю шэкспіраўскае: «Халера на абодва вашыя дамы». Але ж нават калі і будзе даказана, што самі кіеўскія ўлады наладзілі страшную правакацыю (гэта, праўда, сумнеўна), то ўсё адно ва ўсім свеце будуць казаць: «Хто б ні збіў самалёт, але ж калі б на гэтай тэрыторыі не было ваенных дзеянняў, ракетнага ўдару не магло б быць. А калі пачалося там паўстанне? Пасля Крыма. А хто задумаў гісторыю з Крымам?» Вось на гэтае пытанне можна адказваць доўга, прыцягваючы гісторыю. А можна і сцісла.

*** 

Георгій Ільіч Мірскі (нарадзіўся 27 траўня 1926 г. у Маскве) – расейскі палітолаг, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН, доктар гістарычных навук. У 1990-я гады працаваў у Амерыканскім інстытуце міру ў якасці запрошанага навуковага супрацоўніка. Займаўся даследаваннем па тэме «Міжэтнічныя адносіны ў былым Савецкім Саюзе як патэнцыйная крыніца канфліктаў» (грант фонду Макартураў). Выступаў з лекцыямі ў 23 універсітэтах ЗША, вёў рэгулярныя курсы ў Прынстанскім, Нью-Ёркскім, Амерыканскім універсітэтах, ва ўніверсітэце Хофстра. Ягоныя працы ў галіне вывучэння тэмы «Армія і палітыка ў краінах трэцяга свету» сталі класічнымі. Сферай яго прафесійных інтарэсаў з’яўляюцца: ісламскі фундаменталізм, палестынская праблема, араба-ізраільскі канфлікт, міжнародны тэрарызм, краіны Бліжняга Усходу.Часта выступае як запрошаны эксперт на радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?