Восенню ўздоўж МКАД будуць масава высаджваць кусты, паведаміў на прэс-канферэнцыі 3 верасня генеральны дырэктар УП «Мінскзеленбуд» Ігар Кушнярэвіч. 

«Мы імі закрыем тыя гаражныя кааператывы, якія маюць даволі непрыгожы выгляд. Перад імі высадзім загарадзі з кустоў, якія іх закрыюць і прывядуць да больш эстэтычнага выгляду», — сказаў гендырэктар. 

Паводле яго слоў, традыцыйна перад святам горада, які пройдзе 13—14 верасня, будуць прыведзены ў парадак кветнікі. «Яны былі высаджаны ў чэрвені, і некаторыя кветкі страцілі свае дэкаратыўныя ўласцівасці. Таксама будуць праведзены пакосы, чыстка горада, каб да свята ён блішчэў», — сказаў Кушнярэвіч. 

Ён таксама паведаміў, што ў кастрычніку будзе абвешчаны тэндар на куплю хрызантэм. «Летась у некалькіх месцах горада былі высаджаныя гэтыя кветкі, і мы гэтую традыцыю працягнем. Высадзім хрызантэмы па асноўных праспектах, і яны цэлы месяц будуць радаваць мінчан», — адзначыў гендырэктар. Акрамя таго, у восеньскі перыяд будуць працягнутыя работы па пасадцы дрэў, цыбульных кветак. 

За прадпрыемствамі сістэмы «Мінскзеленбуд» замацавана: 25 паркаў, 159 сквераў, 26 бульвараў, набярэжныя, азялененыя тэрыторыі і насаджэнні ўздоўж вуліц агульнай плошчай 7.134 га, а таксама 33.481 га лясоў, у тым ліку 2.705 га гарадскіх, і 122 га пляжаў з прылеглымі добраўпарадкаванымі тэрыторыямі. 

Штогод у Мінску сіламі прадпрыемстваў сістэмы УП «Мінскзеленбуд» і УП «Зеленбуд» адміністрацыйных раёнаў Мінска высаджваецца прыкладна 40 тыс. дрэў, 100 тыс. кустоў і 2,5 млн. штук расады кветак, ствараецца больш за 200 га газонаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?