Увечары 26 снежня ў Палацы тэкстыльшчыкаў, які месціцца ў самым цэнтры горада, другі раз адбылося святкаванне Беларускай елачкі. Другі раз – гэта ўжо традыцыя, ці яшчэ толькі пачатак? Задаю я сабе пытанне.

У мінулым годзе ідэя арганізаваць Елачку ўзнікла спантанна, падчас размовы пра дзетак і іх патрэбы. Тады да Новага года заставалася пятнаццаць дзён…

Дзіўна, але за тэрмін дзесяці дзён, некалькім інтузіястам, якія згуртаваліся вакол ідэі зрабіць свята для беларускамоўных дзетак атрымалася вырашыць усе арганізацыйныя, фінансавыя і творчыя пытанні звязаныя з правядзеннем свята. Ці не праўда, добрай справе ўсё спрыяе? Але тады атрымалася. Хоць было шмат экспромту, асабліва ў працы па сцэнару. Галоўнае, што атрымалася – гэта стварыць па-сапраўднаму СВЯТОЧНУЮ атмасферу для больш як пяцідзесяці дзетак і іх бацькоў, якія прыйшлі на святкаванне.

У гэтым годдзе, арганізатары падышлі больш сур’ёзна да працэсу падрыхтоўкі святкавання. Актыўная падрыхтоўка пачалася больш як за паўтары месяцы да правядзення самога свята. Але трэба сказаць, што нягледзячы на тое, што час падрыхтоўкі істотна павялічыўся, гэта не надта паўплывала на перасцераганне сцэнару свята.

Тое, што атрымалася ў гэтым годзе, гэта сабраць восемдзесят тры дзіцяці і больш за стопяцьдзесят дарослых, сабраць добры калектыў адказных за падрыхтоўку і правядзенне свята, вырашыць фінансавыя і тэхнічныя пытанні, напісаць уласны сцэнар… Але гэтага не дастаткова для таго, каб свята было ідэальным. Вось тут і ўзнікла пытанне ці можа гэтае свята стаць традыцыяй? Ці варта яго рабіць традыцыяй? Чым гэтае свята адрозніваецца ад іншых беларускіх ці савецкіх святкаванняў акрамя таго, што робіцца па-беларуску?

Ідэя святкавання Беларускай Елачкі, моцная тым, што на сённяшні дзень, гэта ці не адзінае беларускае свята накіраванае не толькі на дарослых, ці не столькі на дарослых, колькі на дзетак і на іх сем’і. Гэта свята для сем’яў, якое людзі з радасцю святкуюць супольна.

На маю думку Беларуская Елачка мае шанцы стаць традыцыяй, бо запатрабавана беларускай супольнасцю, але для таго каб стаць традыцыяй патрабуе асаблівай адказнасці арганізатараў святкавання. Гэтае святкаванне не можа быць простай калькай з Савецкай традыцыі “Навагодняй ёлкі”, разам з яе прадстаўленнямі і пасіўнай роллю дзетак і дарослых, якія разглядаюцца як спажывальнікі прадукту, які вырабляюць на сцэне ці перад елкай казачныя персанажы.

Людзі, якія бяруць на сябе адказнасць па арганізацыі святкавання елачкі, як правіла не з’яўляюцца прадстаўнікамі шоў-бізнэса і нават не маюць адпаведнай адукацыі “масавікоў-зацейнікаў”, а значыць, не могуць стварыць канкурэнцыю Навагодняй ёлцы, якую ствараюць адміністрацыя, рэжысёры і акторы.

На маю думку, альтэрнатыва і асноўнае адрозненне Беларускай Елачкі павінна заключацца, акурат у актыўным удзеле саміх бацькоў і іх дзяцей, калі не ў падрыхтоўцы елачкі, то ў самім святкаванні. Беларуская супольнасць сама, сваімі сіламі здольна не толькі арганізаваць, але і зрабіць сабе свята. Гэта маё перакананне, якое базуецца на двухгадовым досведзе ўдзелу ў арганізацыі навагодняй вечарыны. Ці мала сярод нас паэтаў, мастакоў, ды проста людзей якія ўмеюць ладна спяваць? Трэба выкарыстоўваць той патэнцыял, які мы маем. У наступным годдзе трэба паспрабаваць найбольш увагі надаць уцягванню ўдзельнікаў не толькі ў дзіцячыя гульні і забавы, але ў супольнае дзейства, напрыклад: сумеснае спяванне калядак, сумеснае развучванне танцаў і арганізацыю выступаў саміх удзельнікаў. Не толькі дзяцей, але і дарослых. Роля арганізатараў Елачкі павінна змяняцца з ролі тых хто забаўляе на ролю арганізатараў супольнага святкавання сіламі ўсіх хто знаходзіцца ў зале.

Елачка – стане традыцыяй, калі мы хочам клапаціцца пра сваіх дзетак. Гэта не проста свята – гэта частка іх дзяцінства, гэта частка іх жыцця, гэта тое, што ў іх сэрцах застанецца на працягу жыцця.

І напрыканцы хацелася б пажадаць усім нам, нашым малюпахам-дзеткам і нашым сем’ям здароўя, шчасця і дабрабыту ў Новым годзе.

З Калядамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?