У Рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіла перапіска паміж былым нямецкім дыпламатам Хансам-Георгам Вікам і старшынёю Кіраўнічай рады Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Даніэлем Таршысам, у якой абмяркоўваецца сітуацыя з прызначэннем Дэвіда Поліка новым рэктарам ЕГУ.

Ханс-Георг Вік напісаў ліст старшыні Кіраўнічай рады ЕГУ прафесару Даніэлю Таршысу, у якім асудзіў прызначэнне рэктарам ЕГУ Дэвіда Поліка, а таксама непразрыстасць выбараў ва ўніверсітэце.

Вік падкрэсліў, што ЕГУ — надзвычай важны праект як для Беларусі, так і для Еўропы: «ЕГУ нясе вялікую адказнасць перад грамадствам. ЕГУ … мусіць уяўляць узор празрыстасці і ўцягнутасці выкладчыкаў і студэнтаў у працэсы вырашэння лёсу ВНУ, каб гэты ўзор быў пуцяводнаю зоркай сярод цемры задушанай свабоды».

Аднак Вік заўважае, што падчас прызначэння Дэвіда Поліка правостам еўрапейскія прынцыпы ўжо былі парушаныя: Полік стаў правостам упершыню за гісторыю ЕГУ, да гэтага дадзенай пасады ўвогуле не існавала. «Гэта важнае рашэнне было зведзенае да адміністратыўнай працэдуры, якая можа быць вырашана без прыцягнення выкладчыкаў і студэнтаў, не гаворачы ўжо пра грамадскасць, якая турбуецца пра лёс універсітэта ў выгнанні», — адзначае Вік.

Тое ж самае, па меркаванні Віка, адбылося і з прызначэннем рэктара ЕГУ: «Усе дзеянні, распачатыя пасля сустрэчы Кіраўнічай рады ў верасні мелі пад сабой адзіную мэту стварыць фармальную працэдуру, якая завяршыцца прызначэннем неабходнага кандыдата».

У сваім лісце Вік перасцерагае, што прызначэнне рэктара — сігнал для Еўрасаюза, найбуйнейшага фінансавага донара ЕГУ. Вік таксама ставіць пад сумнеў беларусаарыентаванасць ЕГУ з новым рэктарам.

«ЕГУ заслугоўвае рэктара, які быў выбраны паводле міжнародных стандартаў, у атмасферы празрыстасці і ўцягнутасці выкладчыкаў і студэнтаў. […] Выбар пераемніка прафесара Міхайлава, рэктара ЕГУ, з'яўляецца надзвычай важнай падзеяй для ўсяго рэгіёна і Беларусі ў прыватнасці. Прафесійнае жыццё кандыдата ці кандыдатаў мусіла адразу стаць адкрытай грамадскасці тэмай», — падсумаваў Вік.

У сваю чаргу, Даніэль Таршыс у сваіх адказах раскрытыкаваў Віка за тое, што той прытрымліваецца пункту гледжання, растыражаванага беларускімі СМІ і «поўным тэорый змоў і абвінавачванняў у злосных намерах».

«Что тычыцца калектыўных рашэнняў Камітэта па пошуку кандыдатаў у рэктары і Кіраўнічай рады, я магу запэўніць, што ўсе працэдуры неперадузятымі і не сфабрыкаванымі загаддзя», — піша Таршыс.

Таксама Таршыс адзначае, што ніхто не ставіў пад сумнеў беларускі вектар працы ўніверсітэта, і гэтае палажэнне было зацверджана ў новым статуце. А колькасць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў ва ўніверсітэце складае каля 90%.

«Калі Беларусь і ўзгадваецца ў новым статуце радзей, чым у старым, то гэта таму, што мы адаптавалі яго да еўрапейскіх стандартаў. У такіх дакументах нацыянальная прыналежнасць рэдка ўзгадваецца», — паведамляе Таршыс.

Даніэль Таршыс запэўнівае, што працэдура выбару новага рэктара праводзілася адпаведна рэкамендацыям Міжнароднай асацыяцыі кіраўнічых радаў, а новы статут універсітэта зрабіў Сенат дзеяздольным, бо раней ён быў абмежаваны ў сваіх рашэннях «невыканальнымі патрабаваннямі аб кворуме».

Што тычыцца Анатоля Міхайлава, то рашэнне зрабіць яго прэзідэнтам не было «фінансава забяспечанай адпраўкай на пенсію», сцвярджае Таршыс.

«Рашэнне аб стварэнні пасады правоста і больш позняе рашэнне прызначыць Анатоля Міхайлава прэзідэнтам было заснавана на жаданні вызваліць Міхайлава ад унутрыўніверсітэцкіх кіраўнічых функцый, але захаваць яго адказным за замежныя сувязі — сферу, у якой ён мае непараўнальныя сувязі і досвед», — тлумачыць Даніэль Таршыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?