Ленінскі РАУС Магілёва абвінавачвае незалежную журналістку Аліну Скрабунову ў незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ.

Як паведаміла БелаПАН Скрабунова, міліцыя спрабуе даказаць яе датычнасць да падрыхтоўкі двух інтэрв'ю ў рэпартажы аб сітуацыі на заводзе «Строммашына», які стаў банкрутам. Рэпартаж выйшаў на тэлеканале «Белсат». Ён, паводле слоў журналісткі, складаўся з мноства розных інтэрв'ю і кадраў і яго аўтарам быў зусім іншы журналіст, імя якога ўказваецца ў матэрыяле.

«У справе нават ёсць рапарт, што маёй датычнасці да гэтага не ўстаноўлена. Але потым яны знаходзяць двух сведак, якія кажуць, што інтэрв'ю брала ў іх я, але пры гэтым называюць не тую дату і не той час. Апрача таго, гэтыя паказанні сведак былі няправільна аформленыя і не мелі заканадаўчай сілы. Я на гэта ўказала. Калі ж у судзе 23 ліпеня я стала глядзець справу, то высветлілася, што пратаколы допыту былі поўнасцю перапісаныя, прычым не больш познім, а больш раннім чыслом, то бок гэта чыста падлог. Буду заяўляць пра гэты падлог. Цікава, што зніклі са справы і заўвагі, якія я рабіла», — расказала Аліна Скрабунова. 

Паводле яе слоў, з матэрыялаў справы бачна, што разгледжаны чатыры паведамленні з Магілёва, якія праходзілі на «Белсаце». «Па іх пералічаныя людзі, якім супрацоўнікі міліцыі званілі і спрабавалі выклікаць у РАУС, але тыя людзі па званках хадзіць адмаўляліся, а позвы ім так і не прысылалі», — паведаміла журналістка. 

Першае пасяджэнне суда Ленінскага раёна па справе Скрабуновай адбылося 23 ліпеня. Журналістка хадайнічала аб пераносе разгляду справы на панядзелак, 27 ліпеня, тлумачачы гэта адсутнасцю адваката. Суддзя Волкава перанесла суд на 24 ліпеня. Учора Скрабунова зноў падала хадайніцтва аб пераносе на 27 ліпеня па тых жа прычынах і яно было задаволена. «Я таксама падала другое хадайніцтва аб тым, каб на судзе быў прадстаўлены відэазапіс майго знаходжання ў РАУС. Я мяркую, ён дакажа падлог некаторых дакументаў. Гэта хадайніцтва разгледжана не было, вырашана разглядаць у панядзелак», — паведаміла Скрабунова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?