У жыхаркі Парычаў (Светлагорскі раён) Надзеі Дударэнкі 12 лістапада органы апекі і апякунства забралі двух усыноўленых дзяцей. 

«Дзеці пайшлі ў школу ў суседнюю вёску Прудок і не вярнуліся з заняткаў: іх са школы забралі ў прытулак», — паведаміла БелаПАН Дударэнка. Паводле слоў жанчыны, дзяцей забралі, нягледзячы на тое што яна яшчэ не атрымала адказ з Вярхоўнага суда, куды накіравала наглядную скаргу, «і не атрымала адказу на просьбу прыпыніць выкананне судовага рашэння аб адмене ўсынаўлення». 

Нагадаем, раней суд Светлагорскага раёна прыняў рашэнне аб адмене ўсынаўлення ў дачыненні да 10-гадовых Альберта і Андрэя, якія з двухгадовага ўзросту выхоўваліся ў сям'і Надзеі Дударэнкі. Гомельскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне раённага, не задаволіўшы скаргу жанчыны, і яна накіравала наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. 

Два гады таму ў Дударэнкі забралі пяцярых прыёмных дзяцей. Такія дзеянні аддзела адукацыі і адмену ўсынаўлення ў дачыненні да Андрэя і Альберта Дударэнка расцэньвае як помсту чыноўнікаў за яе актыўную пазіцыю па абароне дзяцей. 

Канфлікт жыхаркі Парычаў з уладамі пачаўся некалькі гадоў таму, калі жанчына заявіла, што яе дзяцей збіваюць у школе. 

У іскавай заяве аддзела адукацыі аб адмене ўсынаўлення гаварылася, што дзеці не наведваюць школу, а ў Надзеі Дударэнкі не атрымалася «канструктыўнага дыялогу» з педагогамі, адміністрацыяй школы. Жыхарка Парычаў перавяла хлопчыкаў на індывідуальнае навучанне. «Але цяпер я ўжо аддала дзяцей у школу — як таго і патрабавалі чыноўнікі. Яны хадзілі ў школу ў Прудок, ніякіх парушэнняў з майго боку не было, ніякіх заўваг», — дадала жанчына. 

Яшчэ ў кастрычніку 2012 года ў сям'і было сямёра дзяцей: двое ўсыноўленых і пяцёра прыёмных. Аднак Светлагорскі аддзел адукацыі скасаваў у аднабаковым парадку працоўны дагавор з прыёмнай маці, дзяцей забралі. Усыноўленыя хлопчыкі Альберт і Андрэй засталіся жыць у сям'і і насілі прозвішча Дударэнка. 

«Мяне пакаралі праз дзяцей. У школе дзяцей пабілі, дык не каб пакараць педагога — пакаралі мяне і дзяцей. Цяпер забралі Андрэя і Альберта, якія з двух гадоў жылі ў мяне, ад якіх адмовіліся родныя бацькі. Я несла адказнасць за іх жыццё і здароўе, абараняла іх, я нармальны чалавек, а ў мяне, як у алкагалічкі якой-небудзь, забіраюць дзяцей. Як можна забіраць дзяцей з нармальнай сям'і ў прытулак? Чаму ў дзяцей не пытаюць, з кім яны жадаюць жыць? Гэта абуральна. Яны тых дзяцей забралі ў мяне і загубілі, цяпер за Андрэя і Альберта ўзяліся. Я не ведаю, што рабіць», — пракаментавала сітуацыю жыхарка Парычаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?