Дзясяткі твораў скульптараў італьянскага Адраджэння з Музея Бодэ ў Берліне, якія лічыліся згубленымі падчас Другой сусветнай вайны, знойдзеныя ў ДМІІ імя Пушкіна ў Маскве.
Музей Бодэ. Фота Getty
Фонд Прускай культурнай спадчыны пацвердзіў у сераду гэтую інфармацыю.
Гаворка ідзе пра працы Данатэла, Нікола і Джавані Піза, Ціна ды Камаіна, Андрэа дэль Верок'ё, Лука дэла Робі і іншых майстроў.
Раней лічылася, што працы італьянскіх разьбяроў, якія падчас вайны былі схаваныя ў бункеры ў берлінскім раёне Фрыдрыхсхайн, не захаваліся.
Маскоўскі музей выяўленчых мастацтваў паведаміў у чацвер, што сумесны даклад аб знаходжанні 59 скульптур быў прадстаўлены 3 мая ў нямецкім Інстытуце гісторыі мастацтваў у Фларэнцыі.
Адкрыццё здзейснена ў ходзе работы ДМІІ імя Пушкіна і Музея Бодэ над праектам «Данатэла і Зніклы музей», пачатым у 2015 годзе.
Скульптуры сур'ёзна пацярпелі ад пажару ў 1945 годзе і маюць патрэбу ў рэстаўрацыі, перш чым іх удасца вярнуць у навуковы абарот і экспазіцыйны стан, гаворыцца ў прэс-рэлізе маскоўскага музея.
Тэрміны завяршэння рэстаўрацыйных работ не агучваюцца.
Нямецкія СМІ называюць знаходку сенсацыйнай. Яны адзначаюць, што цяпер у Расіі і іншых краінах былога СССР знаходзіцца больш за адзін мільён твораў мастацтва, вывезеных з Германіі пасля яе паразы ў Другой сусветнай вайне.