Улада33

Чарговы беларускамоўны дыпламат у Мінску

23 жніўня ў Беларусь прыбывае Матэвуш Адамскі, які цягам чатырох гадоў будзе кіраваць Польскім інстытутам у Менску — установай, якая з 1994 года займаецца так званай «культурнай дыпламатыяй» Польшчы ў Беларусі.

Фота з прыватнага архіва Матэвуша Адамскага

Пра спадзяванні і планы дзейнасці Польскага інстытута, а таксама тое, чаго варта чакаць жыхарам Беларусі, з новым дырэктарам установы Матэвушам Адамскім гутарыць Зміцер Косцін.

РР: Сёння Вы афіцыйна пачынаеце сваю працу на пасадзе дырэктара Польскага інстытута ў Менску — культурнай установы, якая дзейнічае пры польскім дыпламатычным прадстаўніцтве ўжо доўгія гады. З якой місіяй Вы пачынаеце гэтую працу на пасадзе дырэктара?

Матэвуш Адамскі: Я перадусім вельмі рады, што перасякаю польскую мяжу на хвалях Беларускага Радыё Рацыя і што Радыё Рацыя — гэта першае СМІ, з якім я размаўляю ў пачатку маёй місіі ў Беларусі.

Сэнс маёй місіі — пашыраць, ствараць, будаваць і развіваць. Пашыраць веды пра Польшчу і польскую культуру ў беларускім грамадстве. Ствараць пазітыўны вобраз Польшчы. Будаваць добрыя дачыненні з беларусамі і Беларуссю. І развіваць кантакты паміж Польшчай і Беларуссю ў сферах культуры, мастацтва, адукацыі і навукі. У гэтай дзейнасці заключаецца асноўны сэнс публічнай і культурнай дыпламатыі, якой займаецца Польскі інстытут у Менску. Хачу падкрэсліць, што гэта больш, чым толькі культура.

РР: Польскі інстытут у Менску працуе ўжо 22 гады, з 1994 года. Шмат было зроблена Вашымі папярэднікамі. З якімі новымі планамі, ідэямі Вы пачынаеце сваю працу?

Матэвуш Адамскі: У Менску працуе выдатная каманда, выбітныя адмыслоўцы ў сваіх галінах. Я шчаслівы, што магу далучыцца да гэтай каманды. Гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць: каб нічога не сапсаваць. Інстытут працуе паводле плана на ўвесь год, і я думаю, што разам з калектывам мы неўзабаве пачнём рыхтаваць план ужо на 2017 год. У вас будзе магчымасць знайсці там мае ідэі і прапановы.

Майму сэрцу блізкія літаратурныя праекты, дакументальнае кіно. Я 16 гадоў працаваў на польскім тэлебачанні, таму гэта натуральна. Таксама музыка, у тым ліку джаз, фанатам якога я асабіста з’яўляюся. Польскі джаз выдатны і папулярны ў Беларусі. Гэтыя музычныя мерапрыемствы выклікаюць вялікую цікавасць у публікі, таму мы дакладна будзем развіваць гэтыя сферы.

РР: Мы ўжо чуем, што Вы выдатна валодаеце беларускай мовай. Можна сказаць, што Вы адзін з нешматлікіх супрацоўнікаў дыпкорпуса ў Беларусі, які не толькі ведае, але і карыстаецца беларускай мовай. Ці Вы адмыслова вучылі беларускую мову, рыхтуючыся да працы ў Беларусі? І ці надалей польская культура і літаратура будуць трапляць да беларусаў на іх роднай мове?

 Матэвуш Адамскі: У мяне самы цудоўны настаўнік беларускай мовы, а насамрэч настаўніца. Гэта мая жонка, з якой я пазнаёміўся ў Польшчы. Яна паказала мне Беларусь. Я закахаўся другі раз, бо адкрыў, што вельмі блізка, літаральна побач з Польшчай, за 200 кіламетраў ад польскай сталіцы, пачынаецца прыгожая, цудоўная краіна з захапляльнай гісторыяй, з цікавымі людзьмі, адкрытымі, талерантнымі.

Для мяне асабіста вельмі важна, што пачынаю маю місію ў Менску і ў Беларусі напярэдадні 25-ай гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб Незалежнасці Беларусі. Праз некалькі дзён будзе гадавіна прызнання гэтай незалежнасці Польшчай. Польшча была першай краінай, якая ў 1991 годзе прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Мы ўсе свядомыя і добра ведаем, што ў цяперашні цяжкі і складаны час у міжнароднай палітыцы абарона суверэнітэту пачынаецца з абароны мовы, сваёй роднай культуры. Таму я перакананы, што Польскі інстытут у Менску надалей будзе працаваць па-беларуску: мы будзем выдаваць польскія кніжкі, прэзентаваць польскіх мастакоў і творцаў на беларускай мове.

РР: Сёлета назіраецца інтэнсіфікацыя беларуска-польскіх кантактаў на высокім узроўні. У сакавіку адбыўся афіцыйны візіт міністра замежных спраў Польшчы, спадара Вітальда Вашчыкоўскага. Нядаўна быў візіт польскіх парламентарыяў. Ці Вы спадзеяцеся, што гэта неяк паспрыяе большай актыўнасці ўстаноў культуры Беларусі ў супрацы з Польскім інстытутам?

Матэвуш Адамскі: Пацяпленне ў палітычных дачыненнях паміж Польшчай і Беларуссю бачнае. Але варта таксама сказаць, што стан адносінаў у галіне культуры заўсёды быў лепшы, дзякуй Богу, чым стан палітычных дачыненняў. Культура і грамадскія адносіны — гэта вельмі плённыя абшары, і спадзяюся, што ўсім нам на карысць будзе таксама і паляпшэнне палітычных адносінаў.

РР: Ёсць шмат акрэсленняў культуры. Можна сказаць, што найшырэйшае ўключае не толькі агульнапрынятае мастацтва, але і сацыяльны досвед развіцця грамадства, тыя грамадскія працэсы, якія адбываюцца ў Польшчы. Вашыя калегі, напрыклад, у Польскім інстытуце ў Кіеве акрамя фестываляў, канцэртаў, выстаў, перакладаў ладзяць розныя майстар-класы і адкрытыя лекцыі па такіх тэмах, як «Прадпрымальнасць», напрыклад, набліжаючы польскі досвед трансфармацыі і функцыянавання сучаснага польскага грамадства. Ці Вы плануеце пашыраць кірункі дзейнасці Польскага інстытута таксама і ў гэтай галіне?

Матэвуш Адамскі: Трэба памятаць, што Інстытут не працуе ў пустэчы, ён заўсёды працуе з мясцовымі партнёрамі, з уладамі. І тут мусіць быць гатоўнасць з двух бакоў. Мы гатовыя і спадзяемся, што калі будуць партнёры, мы будзем развіваць сферы нашай дзейнасці.

РР: Польскі інстытут актыўна прысутнічае у культурнай прасторы беларускай сталіцы. Мы ведаем, што Вы дзейнічаеце таксама і ў беларускіх рэгіёнах. Ці плануеце пашырыць гэтую дзейнасць, каб польская культура, досвед, дасягненні навукі і веды пра Польшчу пашыраліся таксама і на далейшыя куточкі Беларусі?

Матэвуш Адамскі: Гэта не ёсць так, што дзейнасць Польскага інстытута засяроджваецца на Менску. Я мяркую, што не больш за 50% нашых мерапрыемстваў адбываюцца ў беларускай сталіцы, астатнія — па ўсёй Беларусі, у абласных цэнтрах, меншых гарадах, мястэчках. Мы не сталіцацэнтрычныя і будзем старацца дзейнічаць так і далей.

РР: Польская дзяржава, вядома, аказвае падтрымку беларускай меншасці ў Польшчы. І адпаведна меншасць таксама робіць свой унёсак у агульнапольскую сучасную культуру. Ці Вы плануеце ў межах дзейнасці Інстытута, расказваючы пра сучасную польскую культуру, наблізіць таксама і культурны даробак беларусаў Польшчы да беларускага гледача ў Беларусі?

Матэвуш Адамскі: Няма сучаснай польскай культуры без творцаў з Падляшша, сярод якіх мы маем шмат прадстаўнікоў беларускай меншасці. І я перакананы, што ёсць месца на прэзентацыю іх твораў у Беларусі і на прамоцыю Польшчы праз іх дзейнасць. Таму я думаю, што варта будзе пра гэта падумаць у межах нашых магчымасцяў.

Галоўная задача Польскага інстытута ў Менску — пашырэнне ведаў пра дасягненні сучаснай культуры, навукі і адукацыі Польшчы. Польскі інстытут таксама арганізуе курсы ды падтрымлівае навучанне польскай мовы ў многіх установах Беларусі.

Каментары3

Расія ўдарыла па найбуйнейшай дзіцячай бальніцы Кіева

Расія ўдарыла па найбуйнейшай дзіцячай бальніцы Кіева

Усе навіны →
Усе навіны

Якія азёры Беларусі самыя празрыстыя?

Дырэктар Палаца Рэспублікі: Ганаруся тым, што я ябацька і лукашыст11

Гном, які ўрываецца ў крамы, стаў галоўным мемам лета. Аказваецца, у касцюме бегае беларус ВІДЭА5

У Курску бацька падпаліў свайго сына, каб пакараць яго3

Мілінкевіч пра атручанне ў студыі БТ: Не сумняюся, што Домашу далі які-небудзь «Навічок»7

У Магілёве збіраюць подпісы супраць знішчэння замчышча пад музей цара7

Як выглядаў памежны пераход Брэст — Тарэспаль у 1993 годзе. Архіўныя фота2

Колькі трэба быць на сонцы, каб забыцца пра дэфіцыт вітаміну D3

Маскоўскі раён сталіцы атакуюць пацукі. Жыхары беспаспяхова скардзяцца на іх1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расія ўдарыла па найбуйнейшай дзіцячай бальніцы Кіева

Расія ўдарыла па найбуйнейшай дзіцячай бальніцы Кіева

Галоўнае
Усе навіны →