Школу вяртаюць да 11-годкі. Такі чаканы вынік нарады ў прэзыдэнта, што адбылася 5 чэрвеня.

Паводле афіцыйнага кіраўніка, школа мусіць "пазбавіцца ад непатрэбных наслаеньняў, якія толькі ўскладняюць працэс атрыманьня ведаў". Між тым незалежныя адмыслоўцы кажуць: мы і так ўжо "разгрузілі" адукацыю настолькі, што катастрафічна адстаем ад цывілізаванага сьвету. Злыя языкі дадаюць: мусіць, праблема ў тым, што ў каго-кольвек з высокай намэнклятуры пайшлі ў школу ўнукі ці ўнучкі…

© Дзяніс Салавуцін, Дзьмітры Файн

Ва ўсякім разе, адукаваная кляса нашага грамадзтва была шакаваная дыскусіяй пра "параненага салдата" на папярэдняй нарадзе такога кшталту. Паслужлівая тэлевізія міжволі "распранула" тады дзяржаўных мужоў. Уся "глыбіня падыходу" да далікатных праблемаў аказалася як на далоні.

Сярод "наслаеньняў", якія будуць зьнятыя, — прадметы "Айчынная і ўсясьветная мастацкая культура" (канешне, з нас і "Дажынак" хопіць!), "Асновы бясьпекі жыццядзейнасьці" (на чорта тая бясьпека, вучыце, дзеткі, ідэалёгію, і будзеце як у Хрыста за пазухай!), "Усясьветная гісторыя" і "Гісторыя Беларусі". Праўда, два апошнія не выкідаюцца зусім, а будуць аб'яднаныя. Мусіць, паводле таго ж геніяльнага прынцыпу: "Якая розьніца, куды паранены салдат?".

Сапраўды, пляваць на тыя дзеепрыметнікі. З гледзішча вярхоў, галоўная задача пэдагогаў — каб са школы выходзілі "забеларусы" з абгабляванымі мазгамі. Таму і цкуюць найганебнейшым чынам такіх, як "нефарматны" салігорскі юнак Іван Шыла.

ЗЫ. Лукашэнка наўпрост заявіў на нарадзе, што міністар Радзькоў праваліў справу. Ці напіша апошні прашэньне пра адстаўку, як гэта робяць у падобных сытуацыях на гнілым Захадзе? Зрэшты, нашае чынавенства і ў пытаньнях службовага гонару зазвычай не абцяжарвае сябе "наслаеньнямі".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?