У Брэсце супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі затрымалі кіроўцу, у якога ў крыві было 3,97 праміле алкаголю, паведамілі ва УДАІ УУС аблвыканкама.

Інцыдэнт адбыўся 4 снежня каля 18.30. Мужчына на аўтамабілі «Форд Транзіт» рухаўся па бульвары Касманаўтаў у кірунку вуліцы Пушкінскай. Па дарозе ён сутыкнуўся з прыпаркаваным на стаянцы аўтамабілем «Опель Зафіра». Нягледзячы на гэта, кіроўца працягнуў рух, праехаўшы ажыўленае скрыжаванне ў цэнтры горада на забараняльны сігнал святлафора. Пры гэтым фары былі выключаныя, а аўтамабіль рухаўся на «аварыйцы».

Экіпаж ДАІ, які знаходзіцца непадалёк, неадкладна адрэагаваў на сітуацыю і распачаў меры па спыненні парушальніка. У інспектараў не было сумневаў, што кіроўца знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення. Медыцынскі агляд 35-гадовага берасцейца зафіксаваў своеасаблівы рэкорд месяца — 3,97 праміле алкаголю ў крыві. Мужчына растлумачыў, што за некалькі гадзін да гэтага выпіў 200 г гарэлкі.

У той жа дзень апоўначы супрацоўнікамі ДАІ на вуліцы Камерцыйнай была затрыманая 31-гадовая жыхарка Брэста, якая кіравала аўтамабілем «Мазда 323» у стане алкагольнага ап'янення. Вынік агляду паказаў больш за 2 праміле алкаголю ў крыві.

У дачыненні да абодвух парушальнікаў складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0